Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы блогера Сяргея Ціханоўскага, якім ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі, заявілі пра намер зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты жонкі Ціханоўскага.
«У сытуацыі, якая склалася намі прынята рашэньне падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты жонкі Сяргея — Сьвятланы Ціханоўскай. Падчас кампаніі яна будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх, хто хоча жыць у Краіне для жыцьця і падтрымліваў вылучэньне ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей», — паведамляе Тэлеграм-канал «Краіна для жыцьця», праект Сяргея Ціханоўскага.
У паведамленьні таксама дадаюць, што будуць абскарджваць адмову ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага ў Вярхоўным судзе, хоць усьведамляюць, што «ў нашых рэаліях, дзе няма рэальнай судовай сыстэмы, адмову хутчэй за ўсё пакінуць у сіле».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адмовіла блогеру Ціханоўскаму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, Лукашэнку і Гайдукевіча зарэгістраваліЦэнтаравыбаркам на паседжаньні 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага.
Дакумэнты на рэгістрацыю падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.
ЦВК Беларусі вырашыла, што блогер Сяргей Ціханоўскі няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Сам ён адбывае 15 сутак арышту.
Як матывавала прапанову адмовіць у рэгістрацыі загадчыца прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Галіна Мкртчан, падчас падачы дакумэнтаў патрабуецца прысутнасьць заяўніка. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына аргумэнт падначаленай падтрымала. Усе чальцы камісіі прагасавалі супраць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 55. Дакумэнты ў ЦВК прынесьлі банкір Бабарыка, камуніст Іваноў, Дзьмітрыеў і ўдзельнікі «праймэрыз»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.