Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Жардзецкі ў інтэрвію рэсурсу Tribuna.com заявіў, што матчы дзявятага туру адбудуцца, як і было заплянавана раней.
«Матчы туру адбудуцца згодна з раскладам, перанесены толькі паядынак „Менска“ і „Нёмана“. Што тычыцца хворых і няхворых, то акурат у „Іслачы“ адзін гулец пад падазрэньнем на каранавірус. Ад іншых клюбаў ніякай інфармацыі няма, кажуць, што ўсё нармальна. У „Тарпэда“ прыхварэлі Уладзімер Бушма і Міхаіл Афанасьеў, але гэта не каранавірус ці нешта з гэтым зьвязанае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ і міні-футбол. Пасьля тэхнічнага перапынку стартуе фінальны раўнд, але без гледачоўПаводле Жардзецкага, месяц таму фэдэрацыя разаслала дакумэнт, у якім гаварылася, што ў выпадку зьяўленьня сымптомаў клюбныя лекары павінны зьвязвацца з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам спорту. Але пакуль нагоды біць у званы не было.
Па яго словах, прызнаньні гвінэйскага форварда «Іслачы» Мома Янсанэ, які ў сацсетках напісаў, што ў клюбе некалькі чалавек «падхапілі каранавірус», будуць афіцыйна абвергнутыя, чакаецца заява. Напярэдадні ўсіх гульцоў праверылі на каранавірус.
Пазьней у інтэрвію «Трыбуне» галоўны трэнэр «Іслачы» Віталь Жукоўскі паведаміў пра сытуацыю з здароўем у клюбе.
- У Аляксандра Макася дыягныставалі аднабаковую пнэўманію, тэст на каранавірус адмоўны.
- У Годры Стэфэна першы аналіз на каранавірус станоўчы, паўторны — адмоўны. Сам ён кажа, што «цудоўна пачуваецца». Знаходзіцца ў ізаляцыі.
- У дырэктара клюбу Дзьмітрыя Цішкова тэст на каранавірус адмоўны.
Паводле футбольнага функцыянэра, на наступным тыдні будуць зробленыя прафіляктычныя тэставаньні на каранавірус гульцоў усіх камандаў найвышэйшай лігі.