Дэпартамэнт па авіяцыі Мінтранспарту апублікаваў інструкцыю для пасажырскіх авіяперавозак ва ўмовах COVID-19.
Асноўнае:
- На борце самалёта павінен быць дастатковы запас аднаразовых масак (па колькасьці пасажыраў і чальцоў экіпажу, з улікам неабходнасьці мяняць маскі кожныя 3 гадзіны), сурвэтак, геляў і спрэяў для дэзынфэкцыі рук.
- Увесь авіяцыйны пэрсанал і работнікі аэрапортаў павінны вытрымліваць дыстанцыю, ужываць меры індывідуальнай засьцярогі, пры кашлі і чханьні выкарыстоўваць аднаразовыя папяровыя насоўкі.
- Чальцы экіпажаў павінны насіць маскі ў самалёце і ў памяшканьні для адпачынку экіпажу.
- Ежу трэба падаваць толькі ў аднаразовым посудзе, выкарыстоўваць прадукты ва ўпакоўках, нельга выкарыстоўваць халодныя стравы, харчовыя кубікі лёду. Усе сурвэткі і аднаразовы посуд, а таксама скарыстаныя пасажырамі маскі трэба зьбіраць у плястыкавыя пакеты, якія шчыльна закрываюцца. Пасьля прызямленьня іх дэзынфікуюць і толькі потым утылізуюць.
- Экіпаж павінен сачыць за станам пасажыраў, якія заходзяць на борт. Калі палёт доўжыцца больш за 4 гадзіны — у пасажыраў трэба як мінімум 1 раз на працягу палёту памераць тэмпэратуру. Пры выяўленьні пасажыра з сымптомамі, характэрнымі для COVID-19, трэба паведаміць пілётам. Пры міжнародных рэйсах авіякампанія мусіць пакінуць апошнія 3 шэрагі крэслаў у салёне самалёта зарэзэрваванымі — у выпадку надзвычайных сытуацый іх могуць выкарыстаць як зону карантыну.
- Калі на ўнутраным рэйсе ёсьць пасажыры, якія былі за мяжой на працягу апошніх 14 сутак, ці пасажыры міжнароднага рэйсу, якія падарожнічалі ў / з краіны з больш як 5000 пацьверджаных выпадкаў COVID-19, іх павінны пасадзіць на борт пасьля ўсіх астатніх пасажыраў, у хвасьце салёну з інтэрвалам ня менш як за 2 шэрагі ад іншых пасажыраў. Яны мусяць быць у масках на працягу ўсяго палёту, есьці падчас палёту ім не дадуць, «за выключэньнем асаблівых абставін».
- Прафіляктычную дэзынфэкцыю самалёта для палётаў нізкага і сярэдняга ўзроўню рызыкі варта праводзіць не радзей як раз на тыдзень, для палётаў з высокім узроўнем рызыкі — кожны раз пасьля завяршэньня палёту. Дэзынфэкцыю прыбіральні — не радзей як кожныя 2 гадзіны палёту або пасьля кожных 10 наведваньняў (пры палётах з высокім узроўнем рызыкі — кожную гадзіну / 5 наведваньняў). Чальцы экіпажу павінны карыстацца асобнай прыбіральняй.
- Калі нехта з экіпажу адчуе сябе дрэнна падчас палёту — ён мусіць прайсьці на адно з крэслаў у «карантыннай зоне» і заставацца там да канца палёту. Іншыя чальцы экіпажу павінны будуць прайсьці карантын (таксама як і ў выпадку кантакту з інфікаваным пасажырам).
- Пры палёце ў сур’ёзна пацярпелыя ад эпідэміі краіны экіпажу ня трэба адпраўляцца на карантын, калі ніхто не выходзіў з самалёта, ніхто з наземнага пэрсаналу не падымаўся на борт, калі дзьверы самалёта адразу ж зачынілі для зваротнага рэйсу пасьля выхаду мэдпэрсаналу, без прыбіраньня салёну, запраўкі вадой ці ўтылізацыі адкідаў у аэрапорце.
Пры палёце ў рэгіёны, найбольш пацярпелыя ад пандэміі (звыш 5000 выпадкаў), увялі дадатковыя меры засьцярогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» ня будзе абслугоўваць пасажыраў бяз масакЗ 11 траўня ўсе пасажыры ў менскім аэрапорце павінны ўвесь час быць у масках падчас рэгістрацыі, праходжаньні надгляду, у аўтобусах і на борце паветранага судна на працягу ўсяго часу палёту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль прыдумаў, як бясьпечна аднавіць авіяпералёты, і прапануе гэты шлях іншым краінам