Міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў сьцьвярджае, што ўпершыню за ўвесь час карантыну ва Ўкраіне за мінулыя суткі колькасьць грамадзян, якія паправіліся ад COVID-19, перавысіла колькасьць тых, хто заразіўся.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«За мінулыя суткі захварэлі 422 асобы, у тым ліку 42 дзіцяці і 70 мэдыкаў. Шпіталізавалі 136 асобаў, зафіксавана 17 сьмерцяў. Сёньня маем рэкордную колькасьць тых, хто паправіўся — 427 асобаў. Упершыню за ўвесь час пашырэньня каранавірусу ва Ўкраіне колькасьць тых, хто адужаў, перавысіла колькасьць тых, хто захварэў», — паведаміў Максім Сьцяпанаў сёньня на брыфінгу.
Паводле інфармацыі Цэнтру грамадзкага здароўя Ўкраіны, станам на раніцу 14 траўня ў краіне лябараторна пацьверджана 16 847 выпадкаў COVID-19, у тым ліку 456 сьмяротных.
На амбуляторным лячэньні знаходзіцца 11 527 пацыентаў, у тым ліку 961 дзіця і 2684 мэдычныя работнікі. Шпіталізацыі патрабавалі 5320 асобаў, у тым ліку 211 дзяцей і 594 мэдыкі. Да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх падключаныя 222 асобы, у тым ліку адно дзіця і 19 мэдыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ад 11 траўня паслабляе карантын. Але межы застаюцца закрытымі
11 траўня ва Ўкраіне пачаўся першы этап паслабленьня карантынных захадаў, але ў выпадку зьменаў у эпідэмічнай сытуацыі ўлады абяцаюць вярнуцца да жорсткіх абмежаваньняў.
Першыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы, забаранілі масавыя і спартовыя падзеі, а таксама закрылі ўсе гандлёва-забаўляльныя цэнтры.
Украінскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што, калі б улады спазьніліся з рашэньнем аб увядзеньні агульнанацыянальнага карантыну, сытуацыя магла б разьвівацца паводле «гішпанскага» сцэнару.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ