Распад Савецкага Саюзу стварыў роўныя магчымасьці для разьвіцьця нацыянальных моў Беларусі і Ўкраіны. Але пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў Беларусі і «моўныя» шляхі суседзяў разышліся — беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, у той час як украінская ў гэты час умацоўвала свае пазыцыі. Хоць і не без праблем. Свабода сабрала галоўныя факты па тэме.
Стартавыя пазыцыі для ўкраінскай і беларускай моваў былі падобнымі
У савецкія часы ўкраінская мова прайшла праз тыя ж выпрабаваньні, што і беларуская, — рэформа правапісу 1933 году, якая павінна была зблізіць яе з расейскай, звужэньне маштабаў выкарыстаньня да фальклёру і афіцыйных сьвятаў, русыфікацыя ў гарадах, перавод на расейскую мову навучаньня ў школах і ВНУ, навязваньне стэрэатыпаў аб сельскім паходжаньні людзей, якія размаўлялі на нацыянальнай мове.
Як і Беларусь, Украіна падзяляецца на Ўсходнюю і Заходнюю. У заходнюю частку сучаснай украінскай дзяржавы савецкая ўлада прыйшла пазьней, у 1939 годзе, яна не зазнала русыфікацыі 19-га стагодзьдзя, бо ў той час належала большай часткай да Аўстра-Вугоршчыны. Заходняя Ўкраіна больш, чым Заходняя Беларусь, захавала сваю мову і ідэнтычнасьць, што дапамагло нацыянальнаму адраджэньню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў таму прынялі Закон аб мовах, які апярэдзіў незалежнасьць Беларусі
Абышліся бяз моўнага рэфэрэндуму
Нельга сьцьвярджаць, што ва Ўкраіне ўсе постсавецкія гады пагрозы статусу ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай не існавала. Кожны раз перад выбарамі некаторыя палітыкі, выкарыстоўваючы рэгіянальныя адметнасьці, абяцалі аднолькавыя ўмовы функцыянаваньня расейскай і ўкраінскай моў. Нават некалькі разоў спрабавалі арганізаваць моўныя рэфэрэндумы. Але адбыўся толькі адзін — рэгіянальны.
У сакавіку 1994-га, адначасова з выбарамі ў Вярхоўную Раду, паводле рашэньня абласных уладаў адбылося «кансультацыйнае апытаньне» ў Данецкай і Луганскай абласьцях. На ім ад 80 да 90 адсоткаў жыхароў падтрымалі фэдэралізацыю Ўкраіны, дзяржаўны статус расейскай мовы і больш цесную інтэграцыю ў СНД. Але тады Генэральная пракуратура Ўкраіны абскардзіла законнасьць гэтага «апытаньня» ў судзе, які пастанавіў, што вынікі мясцовага рэфэрэндуму ня маюць прававой сілы.
Расейская мова два гады мела статус рэгіянальнай
Але гэта не спыніла прарасейскіх палітыкаў. Яшчэ многія гады, ажно да 2014-га, калі ва Ўкраіне адбылася Рэвалюцыя Годнасьці, яны працягвалі настойваць на ідэі калі не дзяржаўнага, то афіцыйнага статусу для расейскай мовы і магчымасьці яе выкарыстаньня ў справаводзтве.
У выніку ў 2012 годзе парлямэнт Украіны ўхваліў закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі». Яго ініцыявалі два дэпутаты тагачаснай партыі ўлады — Партыі рэгіёнаў — Сяргей Ківалаў і Вадзім Калесьнічэнка (апошні цяпер у вышуку па справе аб дзяржаўнай здрадзе).
Закон выклікаў «паўзучую русыфікацыю», якую спынілі падзеі 2014 году: расейская мова тады атрымала статус рэгіянальнай у 13 з 27 рэгіёнаў, у тым ліку ў Данецкай, Луганскай, Адэскай абласьцях, Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, дзе колькасьць носьбітаў расейскай мовы перавышала 10%. Тэле- і радыёкампаніі пачалі там паступова адмаўляцца ад украінскай мовы ў эфіры, замяшчаючы яе расейскаю. У канцы 2013 году, падчас кадэнцыі прэзыдэнта Януковіча, толькі кінапаказ і адукацыя заставаліся сфэрамі, дзе ўкраінская мова трывала захоўвала пазыцыі.
Пасьля Рэвалюцыі Годнасьці гэты закон «Ківалава-Калесьнічэнкі» скасавалі, а новы ўхвалілі толькі ў 2019 годзе. Але перад тым новы, пасьлярэвалюцыйны ўрад Украіны пасьпеў зрабіць іншыя крокі, каб вярнуць украінскай мове страчаныя пазыцыі.
Новая хваля моўнага адраджэньня пасьля 2014-га
Моўныя квоты на ўкраінамоўную прадукцыю для ўсіх тэлевізійных ды радыёарганізацый былі ўведзеныя ў 1994 годзе, але пэрыядычна ўносіліся зьмены ў іхныя аб’ёмы.
У часы прэзыдэнцтва Януковіча гэтыя патрабаваньні ўвогуле скасавалі, але ўжо ў 2017 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны іх ня толькі аднавіла, але і павялічыла з 35 да 75 адсоткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна аднавіла абавязковую квоту ў 75 % для ўкраінамоўнай прадукцыі на ТВ ды радыёУкраінская мова пачала хутка вяртацца ў эфір, пэрыядычныя выданьні, на эстраду. Зь бюджэту пачалі сыстэмна выдзяляць грошы на падтрымку ўкраінскай кнігі і кіно. Гэта падтрымлівала грамадзтва — пасьля расейскай збройнай агрэсіі ва Ўкраіне ўсё больш расейскамоўных грамадзян пераходзілі ў побыце на ўкраінскую мову.
Расейская мова ва Ўкраіне не забароненая, яна прысутнічае ў СМІ і шоў-бізнэсе, на кніжным рынку, у крамах і на транспарце, але ўжо нельга сказаць, што яна там дамінуе. Закон абавязвае весьці рэкляму тавараў і паслуг па-ўкраінску.
Украінізацыя школ і ВНУ
Ва Ўкраіне прайшла адукацыйная рэформа, адным са складнікаў якой стаў пераход на ўкраінскую мову ўсёй сыстэмы навучаньня. Што праўда, поўнай украінізацыі школ яшчэ не адбылося, але колькасьць навучальных устаноў з расейскай мовай навучаньня зьменшылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэформа адукацыі ва Ўкраіне: прафпадрыхтоўка дзяцей і грашовыя стымулы для настаўнікаўВа Ўкраіне працуе 16 176 сярэдніх школ, у якіх навучаецца 3,9 мільёна вучняў.
З 2014 году расейскамоўных школ стала ўтрая менш. Паводле Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны, у 2014–2015 навучальным годзе іх было 621, а ў 2018–2019-м — ужо 194 (зь іх 43 — прыватныя). Большасьць расейскамоўных школ застаюцца ў Харкаўскай (66), Запароскай (35), Адэскай (34) і Днепрапятроўскай (31) абласьцях. У трохмільённым Кіеве цяпер чатыры расейскамоўныя школы.
Але ўжо сёлета зь верасьня, паводле заканадаўства, усе сярэднія школы мусяць перайсьці на ўкраінскую мову навучаньня. Магчымасьць вучыцца на расейскай ці іншай нацыянальнай мове застанецца толькі ў пачатковай школе і толькі ў тым выпадку, калі дзеці належаць да пэўнай нацыянальнай групы.
У вышэйшых навучальных установах (а іх ва Ўкраіне больш за 240), згодна з заканадаўствам, мова навучальнага працэсу — дзяржаўная мова. У той жа час іншаземцы могуць выбраць для навучаньня адну з трох моў — ангельскую, украінскую ці расейскую. Гэтыя палажэньні закону выконваюцца.
Новы правапіс
У траўні 2019 году ўрад Украіны зацьвердзіў новы ўкраінскі правапіс, які пасьля грамадзкага абмеркаваньня прапанавала Нацыянальная камісія ў пытаньнях правапісу.
Ва ўкраінскую артаграфію вярнуліся многія нормы, якія дзейнічалі да моўнай рэформы 1933 году. Новыя правілы ахопліваюць ня толькі ўласна правапіс, але і граматыку, пунктуацыю, а таксама адпаведныя эпосе электронных тэкстаў патрабаваньні да іх афармленьня.
Новы ўкраінскі правапіс набліжаны да моўнай традыцыі і народнага маўленьня. Іншамоўныя словы перадаюцца адпаведна заходнеэўрапейскай традыцыі засваеньня. Зацьверджана магчымасьць выкарыстаньня фэмінітываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зацьверджаны новы правапіс. Як цяпер будуць перадавацца беларускія імёныМоўны амбудсмэн
Усе захады, якія цягам пяці гадоў прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі накіроўваліся на падтрымку ўкраінскай мовы, трансфармаваліся ў новы моўны закон 2019 году.
Закон прадугледжвае нормы, якія забясьпечваюць функцыянаваньне ўкраінскай мовы як афіцыйнай ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы — у дзяржаўнай службе, сфэры абслугоўваньня, у правасудзьдзі, ахове здароўя, навуцы, культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўступіў у сілу моўны закон. Чыноўнікі будуць здаваць іспыты на веданьне мовыВа Ўкраіне ўпершыню за гісторыю незалежнасьці зьявіўся новы інстытут для абароны дзяржаўнай мовы — моўны амбудсмэн (упаўнаважаны па абароне дзяржаўнай мовы). Паводле закону, менавіта ён павінен кантраляваць выкананьне гэтага закону і дзяржаўных праграм разьвіцьця ўкраінскай мовы, а таксама разглядаць зьвязаныя з гэтым скаргі грамадзян і юрыдычных асобаў.
Што праўда, гэты інстытут пакуль не запрацаваў напоўніцу. Прызначаная ў канцы 2019 году на гэтую пасаду Тацяна Манахава сышла ў адстаўку, абвінаваціўшы ўрад у адсутнасьці палітычнай волі, каб забясьпечыць функцыянаваньне гэтага інстытуту. На яе думку, урад сабатаваў стварэньне працоўных органаў і не забясьпечваў дастатковага фінансаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржаўнасьці бяз мовы не бывае». Моўны амбудсмэн Украіны — пра свае прыярытэтыПрэзыдэнт Зяленскі загаварыў па-ўкраінску
Адразу пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году, яшчэ не ўступіўшы ў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, Уладзімір Зяленскі выказаў пэўныя сумневы ў канстытуцыйнасьці моўнага закону, які ўхваляўся ў разгар выбарчага цыклю. Ён паабяцаў прааналізаваць закон, «каб пераканацца, што ў ім выкананыя ўсе канстытуцыйныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны».
Але гэтая заява разьвіцьця не атрымала. Зяленскі, які да прэзыдэнцтва, будучы акторам, часьцей са сцэны гаварыў па-расейску, на пасадзе кіраўніка дзяржавы пасьлядоўна перайшоў у публічных выступах на ўкраінскую мову.
Усе ягоныя папярэднікі — Леанід Краўчук, Леанід Кучма, Віктар Юшчанка, Віктар Януковіч, Пятро Парашэнка — у афіцыйных выступах і ў кантакце з падначаленымі прамаўлялі на дзяржаўнай украінскай мове.
Украінская мова — працоўная для дзяржаўнага апарату
Украінская мова за апошнія 30 гадоў стала ня толькі паводле закону, але і фактычна працоўнай для ўсяго дзяржаўнага апарату, парлямэнту, праваахоўных органаў, арміі і флёту.
Па-ўкраінску выступаюць палітыкі ў парлямэнце і мясцовых радах, публікуюцца законы і рашэньні ўраду ды іншых адміністрацыйных органаў, вядуцца судовыя спрэчкі, выпісваюцца штрафы і рэцэпты лекаў, аддаюцца загады на фронце на Данбасе, дзе працягваецца не абвешчаная Расеяй вайна з Украінай.
Усе дзяржаўныя службоўцы паводле закону абавязаныя карыстацца дзяржаўнай украінскай мовай, а ўсе грамадзяне, якія паступаюць на дзяржаўную службу, абавязаныя пацьвердзіць адпаведным сэртыфікатам свае веды дзяржаўнай мовы, у тым ліку прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, міністры, дэпутаты ды іншыя кіраўнікі дзяржаўных органаў.
Вырас прэстыж украінскай мовы
На моўную сытуацыю ўплываюць ня толькі законы, нацыянальнае абуджэньне, ініцыятывы, але і пэўная інэрцыя ў грамадзтве. На вуліцах у Кіеве і цяпер можна пачуць адначасова і ўкраінскую мову, і расейскую, на захадзе Ўкраіны часьцей гавораць па-ўкраінску, а на ўсходзе — па-расейску або на зьмяшанай расейска-ўкраінскай гаворцы, якую тут называюць суржыкам (аналяг беларускай трасянкі). Але сацыёлягі адзначаюць, што апошнім часам прэстыж украінскай мовы сярод звычайных людзей вырас.
Паводле вынікаў апошніх сацыялягічных апытаньняў, чатыры пятыя грамадзян Украіны (81%) мяркуюць, што ўкраінская мова — важны атрыбут незалежнасьці краіны, і жадаюць большага ўжываньня ўкраінскай мовы ад чыноўнікаў і СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 70% украінцаў — супраць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнайЯк сьведчаць вынікі сацапытаньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучарыва, такое стаўленьне да ўкраінскай мовы аб’ядноўвае жыхароў усіх рэгіёнаў Украіны, прычым найменшы адсотак прыхільнікаў такой ацэнкі на ўсходзе складае 64%.
Адказваючы на пытаньне, які мае быць статус расейскай мовы ва Ўкраіне, 69% апытаных украінцаў адзначылі, што яе можна свабодна выкарыстоўваць у прыватным жыцьці, але ўкраінская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай. Яшчэ 15% апытаных мяркуюць, што расейская мова павінна атрымаць статус афіцыйнай у некаторых рэгіёнах Украіны, а 12% — мець статус другой дзяржаўнай мовы.
Паводле зьвестак сацыёлягаў, прыхільнікі ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай жывуць на захадзе і ў цэнтры Ўкраіны, у той час як статус афіцыйнай або другой дзяржаўнай мовы для расейскай найбольш падтрымліваюць на поўдні і ўсходзе Ўкраіны.
Згодна з апошнім перапісам насельніцтва 2001 году, 67,5% грамадзян назвалі роднай украінскую мову — гэта было на 2,8% больш, чым у 1989 годзе. Але па-ранейшаму высокай — на ўзроўні 29,6% — заставалася колькасьць расейскамоўных грамадзян, адначасова павялічылася і доля іншых нацыянальных моў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства беларускай мовы». 25 гадоў таму адбыўся пераломны рэфэрэндум