Беларусы сталі пазьней брацца шлюбам і нараджаць дзяцей. Цікавыя факты пра беларускія семʼі

Ілюстрацыйнае фота

Беларусы сталі пазьней брацца шлюбам. Калі ў 2010 годзе мужчыны першы раз жаніліся ў сярэднім у 26 з паловай гадоў, а жанчыны выходзілі замуж у 24,4 года, дык у 2019-м — у 28,3 і 26,1 года адпаведна. Гэтыя і іншыя лічбы — у статыстычным аглядзе Белстату да Міжнароднага дня сем’яў, які адзначаецца 15 траўня.

Шлюбы. Гарадзкія жэняцца часьцей

  • Агулам за 2019 год у Беларусі ажаніліся 62 744 пары — гэта ў сярэднім 6,7 шлюба на 1000 чалавек.
  • Гарадзкія жыхары жаніліся часьцей, чым вясковыя (7,3 шлюба на 1000 чалавек у горадзе супраць 4,6 на вёсцы).
  • Для 69,2% мужчын і 66,4% жанчын гэта быў першы шлюб у жыцьці.
  • 93% зарэгістраваных у 2019 годзе шлюбаў — паміж грамадзянамі Беларусі, 6,9% — паміж беларусам і замежным грамадзянінам, 0,1% — паміж замежнікамі.

Дзеці. Сярэдні ўзрост беларускай маці — 29,6

  • У 2019 годзе нарадзіліся 87 602 дзіцяці, 87,2% зь іх — у зарэгістраваным шлюбе (у 2010 годзе — 80,4%).
  • 38,7% усіх народжаных — першыя дзеці ў сем’ях, 61,3% — другія, трэція і г.д.
  • За мінулы год нарадзіліся 1056 двайнятаў і 14 трайнятаў.
  • Сярэдні ўзрост беларускай жанчыны пры нараджэньні дзіцяці ў 2019 годзе — 29,6 (у горадзе — у сярэднім 30 гадоў, на вёсцы — 28,3).
  • У 2019 годзе ў 1,8 раза ў параўнаньні з 2010-м вырасла колькасьць жанчын, якія нарадзілі ва ўзросьце 40–44 гадоў (яны нарадзілі 2257 дзяцей).

Хто ў сям’і прымае рашэньні

  • Рашэньні аб распараджэньні фінансамі сямʼі 74,6% пар прымаюць сумесна, у 22,1% сем’яў грашыма распараджаецца жонка, у 2,8% — муж.
  • Жанчыны значна часьцей за мужчын прымаюць самастойнае рашэньне адносна штодзённых пакупак — у 73,5% выпадкаў (у 24,4% вырашаюць сумесна, у 1,3% вырашае муж). А вось рашэньні пра буйныя пакупкі ў 87,4% сем'яў прымаюцца сумесна.
  • Што тычыцца выхаваньня і адукацыі дзяцей — у 89,7% выпадкаў рашэньне ў сям’і прымаюць сумесна, у астатніх выпадках найчасьцей вырашае жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я адчуваў сябе жахлівым крывадушнікам». Як каранавірус зьмяніў вясельлі беларусаў