Генэральны дырэктар кампаніі Tesla Ілона Маск ігнаруе распараджэньня ўладаў Каліфорніі, закліканыя спыніць пашырэньне каранавірусу, заручыўшыся падтрымкай прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе «Голас Амэрыкі». Дзеяньні Маска выклікалі хвалю крытыкі ў сацсетках.
На бок Маска ўстаў прэзыдэнт Трамп, які ў аўторак раніцай напісаў у «Твітэры» пра тое, што ўладам штату трэба дазволіць адкрыць завод Tesla ў раёне Сан-Францыска, нягледзячы на распараджэньні мясцовага дэпартамэнту аховы здароўя аб часовым закрыцьці прадпрыемства.
«Каліфорнія павінна дазволіць Tesla і Ілану Маску адкрыць завод, цяпер жа. Гэта можна зрабіць хутка і бясьпечна!», — напісаў прэзыдэнт, далучыўшыся да многіх з 34 мільёнаў падпісчыкаў Маска ў «Твітэры», якія падтрымліваюць дзеяньні бізнэсоўца.
Сярод найбольш лютых крытыкаў Маска — Лярэна Гансалес, сябра заканадаўчага сходу Каліфорніі, якая абрынулася на генэральнага дырэктара Tesla пасьля таго, як той прыгразіў перанесьці ўсе апэрацыі кампаніі ў Тэхас або Нэваду. Гансалес заявіла, што кампанія не клапоціцца пра бясьпеку супрацоўнікаў і запалохвае ўлады штату.
Каліфарнійскі завод Tesla адкрыўся ў панядзелак, нягледзячы на тое, што ўлады штату могуць арыштаваць Маска за непадпарадкаваньне ўказу аб спыненьні дзейнасьці ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу. Завод працягвае працу ў аўторак. Па словах прадстаўніка акругі Аламіды, кампанія ў панядзелак прадставіла падрабязны плян аховы здароўя супрацоўнікаў, які цяпер разглядаюць у акруговым дэпартамэнце здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tesla сабралася адкрыць завод у Каліфорніі без дазволу. Ілан Маск «гатовы да арышту»Улады акругі лічаць, што завод Tesla не зьяўляецца крытычна важным прадпрыемствам, і не дазваляюць кампаніі аднавіць дзейнасьць у поўнай ступені. У панядзелак дэпартамэнт здароўя Аламіды папярэдзіў, што Tesla парушае санітарныя распараджэньні ўладаў акругі, выказаўшы надзею на тое, што кампанія будзе падпарадкоўвацца дзейным указам «без прымусовых мер».
Згодна з заканадаўствам Каліфорніі, парушальнікам санітарных загадаў пагражае штраф у памеры да 1000 даляраў на дзень або 90 дзён зьняволеньня.
Завод кампаніі ў Фрыманце, які знаходзіцца на поўдзень ад Сан-Францыска, быў закрыты 23 сакавіка. На прадпрыемстве працуюць каля 10 тысяч чалавек.