Колькасьць вакансій у Беларусі з пачатку 2020 году скарацілася на 14% у сувязі з каранавірусам

Ілютрацыйнае фота. Людзі ў масках у менскім мэтро.

У Беларусі апошнім часам на фоне распаўсюджваньня каранавірусу скарачаецца колькасьць вакансій, паведаміла 12 траўня міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч падчас нарады з Лукашэнкам, піша БелТА.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Касьцевіч, цяпер на рынку працы «назіраюцца асобныя нэгатыўныя моманты», у тым ліку скарачаецца колькасьць вакансій. Стаў скарачацца попыт з боку працадаўцаў, а колькасьць людзей, якія сталі зьвяртацца ў службу занятасьці з просьбай дапамагчы знайсьці працу, павялічылася.

«Нягледзячы на тое, што колькасьць вакансій скарачаецца, яны сёньня ёсьць — гэта 72 тысячы чалавек. Людзі, якія жадаюць знайсьці сабе працу, могуць сёньня рэалізаваць гэта права», — сказала міністарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кіраўніцтва папрасіла напісаць заяву». Як беларусы трацяць працу з прычыны пандэміі

На 1 студзеня 2020 году, паводле дадзеных Мінпрацы, у Беларусі было 83,6 тысячы вакансій, прычым 61,6% ад агульнай колькасьці вакансій — у рабочых прафэсіях.

Такім чынам, з пачатку году агульная колькасьць вакансій у Беларусі скарацілася на 14%, або на 11,6 тысячы чалавек.

12 траўня падчас нарады па праекце ўказу аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян (у тым ліку тых, хто згубіў працу) ў сувязі з каранавірусам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі нехта страціў працу, дык «вакансій дастаткова, у тым ліку ў Менску, і гэты няпросты час чалавек павінен спакойна пражыць, уладкаваўшыся на іншую працу, можа быць, не зусім прымальную і любімую ім».

Ён таксама запатрабаваў «усяляк захаваць працоўныя калектывы» і дадаў, што што ўсе пытаньні сацыяльнай падтрымкі тых, хто страціў працу на фоне каранавірусу, перадалі на ўзровень мясцовых органаў улады, а яны ўжо «разьбяруцца, каго падтрымліваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6% беларусаў страцілі працу, 71% хочуць больш інфармацыі пра пандэмію ад уладаў. Вынікі апытаньня

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ