12 траўня судзяць праваабаронцаў Рамана Кісьляка і Ўладзімера Вялічкіна, нагадвае «Вясна». Абодвух затрымалі 10 траўня пасьля нядзельнай акцыі, пра іх месцазнаходжаньне не было нічога вядома больш за суткі.
Маці Кісьляка і жонка Вялічкіна зьвярнуліся ў абласную пракуратуру з заявамі аб зьнікненьні родных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці берасьцейскага праваабаронцы падала заяву ў пракуратуру аб гвалтоўным зьнікненьні яе сына12 траўня Рамана Кісьляка, Уладзімера Вялічкіна, а таксама актывіста прафсаюзу РЭП Валера Фамінскага прывезьлі ў суд Ленінскага раёну Берасьця.
Працэс над Фамінскім перанесьлі на 18 траўня, але яго зноў затрымалі проста ў судзе. Там жа быў затрыманы актывіст Юры Калько, у якога напярэдадні ўжо быў суд і 40 базавых велічынь штрафу за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і «непадпарадкаваньне міліцыі».
Чакаецца працяг суду над Уладзімерам Марозам, Віталём Казаком, Уладзімерам Дземенціюком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арыштыНапярэдадні штраф у 30 базавых велічынь атрымалі Дзяніс Малышэнка і Алег Вялаў. Малышэнку адразу затрымалі і зноў адвезьлі ў ізалятар. Раней 15 сутак адміністрацыйнага арышту адбыў блогер Аляксандар Кабанаў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.