Кітайскія ўлады нядаўна заявілі, што ў іх краіне нібыта няма так званых «мокрых рынкаў». Гэта буйныя гандлёвыя плошчы, дзе прадаюць жывых жывёл, у тым ліку дзікіх, якіх тут жа і забіваюць, часта па-барбарску, для спажываньня. І гэта нягледзячы на масу сьведчаньняў, што як мінімум адзін такі рынак у горадзе Ўхані, які стаў, магчыма, крыніцай распаўсюду новага каранавірусу, ужо зноў адкрыўся.
Піша карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Аляксандар Госьцеў.
Каранавірус SARS-CoV-2, які выклікае захворваньне COVID-19, мог перадацца людзям ад жывёлаў яшчэ ў кастрычніку летась і, хутчэй за ўсё, адбылося гэта на сумна вядомых «мокрых рынках». Пра гэта напісала цяпер вядучае ганконскае выданьне South China Morning Post, паказваючы, што аналіз геному 7 тысяч узораў новага каранавірусу з усяго сьвету сьведчыць, што гэта магло здарыцца паміж 6 кастрычніка і 11 сьнежня 2019 году.
Кітай — гэта найбуйнейшы ў сьвеце рынак нелегальна злоўленых дзікіх жывёлаў, згодна з дакладам пра ролю Кітаю ў незаконным гандлі рэсурсамі дзікай прыроды. У цэнтральным і паўднёвым Кітаі дагэтуль (хоць значная частка грамадзтва гэта асуджае) мільёны людзей застаюцца прыхільнікамі кулінарнай традыцыі «евэй» («дзікая плоць»), гэта значыць спажываньня мяса дзікіх жывёлаў і птушак. Яны вераць у тое, што падсілкоўваюцца такім чынам энэргіяй прыроды і падаўжаюць сваё даўгалецьце.
Пасьля пачатку цяперашняй пандэміі ўсясьветную вядомасьць набыў адзін з такіх рынкаў у горадзе Ўхані, які афіцыйна называе сябе «Аптовы рынак жывёлаў і морапрадуктаў Хуанань». Менавіта ён, як лічыцца, стаў крыніцай каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Яго плошча — больш за 50 тысяч квадратных мэтраў, і гандлявалі на ім больш за тысячу прадаўцоў.
Усе, хто пабываў тут, расказвалі пра страшную антысанітарыю, цеснату і жорсткасьць — дарожкі паміж яткамі вельмі вузкія, забітыя клеткамі і акварыюмамі з жывымі жывёламі, часта знаходзіліся ў непасрэднай блізкасьці ад ужо забітых зьвяроў, птушак, паўзуноў і земнаводных. Жывёлаў груба забівалі, разьбіралі і трыбушылі на вачах ва ўсіх.
З 1 студзеня 2020 году гэты рынак, найбуйнейшы ў цэнтральным Кітаі, быў закрыты на няпэўны час. Раней тут прадаваліся, прыкладам, жывыя каты, барсукі, кажаны, бабры, кракадзілы, сабакі, лісы, гіганцкія салямандры, суркі, выдры, паўліны, дзікабразы, пацукі і зьмеі, у тым ліку ядавітыя.
Але «Хуанань» не адзінае такое месца ў амаль 12-мільённым Ухані. Ня менш вядомы тут і другі «мокры рынак», «Байшачжоў», які цяпер, пасьля трохмесячнага перапынку, зноў адкрыты. Як і яшчэ дзясяткі такіх самых рынкаў у іншых кітайскіх гарадах — паколькі мясцовыя ўлады, нягледзячы ня толькі на міжнародны ціск, але і на вельмі грозныя дырэктывы з Пэкіну, мяркуюць, што забараніць іх працу немагчыма. Гэта нібыта зьняважыць адвечныя традыцыі і выкліча масавую незадаволенасьць дзясяткаў мільёнаў кітайцаў, асабліва малазабясьпечаных — ім ня будзе дзе купіць «недарагое і карыснае мяса».
Дасьледаваньне, праведзенае у 2018 годзе канадзкімі сацыёлягамі, выявіла, што, напрыклад, да 90 адсоткаў сем’яў у кітайскім горадзе Нанкін купляюць прадукты харчаваньня менавіта на «мокрых рынках». 75 адсоткаў апытаных наведвалі іх сама меней пяць разоў на тыдзень.
Сёньня заходнія краіны на чале з ЗША ціснуць на кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна з заклікамі закрыць усе «мокрыя рынкі» раз і назаўсёды як крыніцы пастаяннага распаўсюду хвароб — і гэта выклікае зразумелае рэзкае абурэньне. Відавочна, што агульны крызіс у амэрыканска-кітайскіх адносінах ды рэзкасьць і недакладнасьць фармулёвак не даюць бакам разумець адзін аднаго. Пэкін думае, што ад яго патрабуюць ліквідаваць наагул усе фэрмэрскія рынкі, аднак Вашынгтон ды іншыя заходнія сталіцы канкрэтна настойваюць на спыненьні забойства там жывых жывёлаў, у першую чаргу дзікіх, рэдкіх і экзатычных відаў, і гандлю іхным мясам.
У прыватнасьці, дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо 22 красавіка заявіў, што Кітаю і іншым азіяцкім краінам варта закрыць «мокрыя рынкі», бо яны «пагражаюць грамадзкай бясьпецы». Паводле Пампэо, закрыцьцё такіх рынкаў «мінімізуе рызыкі для здароўя людзей у Кітаі і за яго межамі і будзе перашкаджаць спажываньню незаконна злоўленых дзікіх жывёлаў і прадукцыі зь дзікай прыроды».
Раньнія навуковыя дасьледаваньні зьвязалі паходжаньне новага каранавірусу з аптовым рынкам «Хуанань» ва Ўхані, падкрэсьліў дзяржсакратар ЗША, дадаўшы, што i распаўсюджаньне атыповай пнэўманіі і вірусу «птушынага грыпу» H5N1 таксама было зьвязана з рынкамі жывых жывёлаў. «Мы заклікаем усе ўрады далучыцца да нашых намаганьняў у барацьбе зь бедзтвам, якім зьяўляецца незаконны гандаль дзікімі жывёламі», — сказаў Пампэо.
Аднак у канцы красавіка афіцыйны прадстаўнік кітайскага МЗС Гэн Шуан заявіў, што ў яго краіне наагул няма так званых «мокрых рынкаў», дзе гандлююць дзікімі жывёламі: «Я хацеў бы патлумачыць, што замест гэтага ў Кітаі часьцей за ўсё можна ўбачыць фэрмэрскія рынкі і рынкі морапрадуктаў, дзе прадаюцца сьвежае мяса, рыба, гародніна, морапрадукты і іншыя сельскагаспадарчыя харчы. А такіх рынкаў, дзе гандлююць хоць бы жывымі свойскімі птушкамі, вельмі мала», — сказаў кітайскі дыплямат журналістам. Паводле яго, такія рынкі ёсьць як у Кітаі, так і ў многіх краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама ў іншых краінах, якія разьвіваюцца, і яны цесна зьвязаныя з надзённым жыцьцём мясцовых людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Кітаі хавалі інфармацыю пра пашырэньне вірусу больш як 3 тыдні»Гэн Шуан дадаў, што ў міжнародным заканадаўстве няма ніякіх забаронаў на адкрыцьцё або функцыянаваньне такіх рынкаў і што ў сваю чаргу ўлады Кітаю з уласнай ініцыятывы раней прынялі рашэньне аб забароне нелегальнага паляваньня і гандлю дзікімі жывёламі, а таксама ўвялі забарону на спажываньне іх мяса.
Хоць на большасьці незьлічоных кітайскіх «мокрых рынкаў» не прадаюць жывых дзікіх жывёлаў, тэрміны «мокры рынак» і «рынак дзікай прыроды» ў гэтай краіне часта супадаюць, нагадвае Арон Ўайт, спэцыяліст па Кітаі з разьмешчанага ў Лёндане «Агенцтва экалягічных расьсьледаванняў». «Рынкі дзікай прыроды», якіх таксама вельмі шмат ва ўсім сьвеце, спэцыяльна прадаюць дзікіх жывёлаў на мяса або ў якасьці хатніх гадаванцаў. Такія рынкі могуць быць легальнымі, хоць амаль заўсёды ў продажы там можна сустрэць, нароўні з дазволенымі, і віды, паляваньне на якіх забароненае, як і гандаль імі. Невядома, колькі «рынкаў дзікай прыроды» існуе ў Кітаі і ў іншых дзяржавах. Да таго ж, паводле Ўайта, большая частка гандлю дзікімі жывёламі цяпер перамясьцілася ў інтэрнэт, што яшчэ больш ускладняе адсочваньне таго, што адбываецца.
Паводле апытаньня, праведзенага ў сакавіку сёлета Ўсясьветным фондам дзікай прыроды, у адрозьненьне ад КНР, у іншых дзяржавах Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Азіі ідэя поўнага закрыцьця ўсіх неадрэгуляваных рынкаў дзікіх жывёлаў набывае ўсё большую падтрымку. У апытаньні каля 5 тысяч чалавек у Ганконгу, Японіі, Мʼянме, Тайляндзе і Віетнаме, 93 адсоткі ўдзельнікаў заявілі, што падтрымалі б такое рашэньне.
Мяса дзікіх жывёлаў, якое звычайна называюць «bushmeat», да гэтага часу прадаецца на мясцовых рынках ня толькі ва Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, але і, напрыклад, па ўсёй Індыі, а таксама ў Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы. Калі быць дакладным, першапачаткова гэты тэрмін адносіўся да парэшткаў жывёлаў, злоўленых у лясах і саванах Афрыкі, але сёньня ён шырока выкарыстоўваецца ў гутарковай мове для абазначэньня любога мяса дзікіх жывёлаў.
У пачатку красавіка сёлета Міністэрства сельскай гаспадаркі Кітаю хаця б выключыла сабак са сьпісу жывёлаў, чыё мяса можна есьці. Паводле ацэнак Ганконскай групы абароны жывёлаў Animals Asia, раней штогод у Кітаі забівалі і зьядалі каля 10 мільёнаў сабак і чатырох мільёнаў катоў.
Фармальна ўлады Кітаю яшчэ ў канцы лютага 2020 году абвясьцілі аб увядзеньні сталай забароны на гандаль і спажываньне мяса дзікіх жывёлаў. Аднак у прынятых заканадаўчых актах, як папярэджваюць праваабарончыя арганізацыі, напрыклад амэрыканскае Таварыства аховы дзікай прыроды (Wildlife Conservation Society, WCS), засталося мноства мудрагелістых шчылін, якія дазваляюць працягваць гэты бізнэс, напрыклад у «мэдычных мэтах», для гандлю пушнінай ці «для навуковых дасьледаваньняў».
Пры гэтым адных толькі дзікіх пангалінаў, пра існаваньне якіх увесь сьвет даведаўся пасьля пачатку пандэміі COVID-19, кожны год у КНР забіваюць ня менш за 10 тысяч, нагадвае Дэніэл Чэленджар, адзін з кіраўнікоў WCS. Іх мяса, унутраныя органы, кіпцюры, зубы ды іншыя часткі цела нібыта вельмі важныя для «традыцыйнай кітайскай мэдыцыны».
У кнізе журналісткі Соні Шах пад назвай «Пандэмія. Сусьветная гісторыя сьмяротных вірусаў», напісанай яшчэ да цяперашняй пандэміі, апавядаецца пра жахі кітайскіх рынкаў, а таксама пра тое, наколькі яны глябальна небясьпечныя ў інфэкцыйным пляне:
«На рынку ў Гуанчжоў, сталіцы паўднёвакітайскай правінцыі Гуандун, нарадзіўся вірус, які ледзь ня стаў прычынай пандэміі ў 2002 годзе. Звычайныя носьбіты гэтага вірусу — падкованосыя кажаны. Ад іх вірус перакінуўся на іншых дзікіх жывёлаў, якія прадаваліся на суседніх прылаўках. Па меры распаўсюджаньня вірус мутаваў, і ў лістападзе 2002 году адна з мутантных формаў вірусу падкованосаў пачала заражаць людзей».
У адрозьненьне ад цяперашняй сытуацыі, у 2002 годзе ўлады КНР да апошняга часу ўтойвалі ад усяго сьвету пачатак небясьпечнай эпідэміі. І за два месяцы хвароба трапіла ў Ганконг і Віетнам, а неўзабаве і ў іншыя краіны і на іншыя кантынэнты. Гэта быў SARS, «цяжкі востры рэсьпіратарны сындром», або «атыповая пнэўманія». Ёю тады заразіліся «ўсяго» 8 тысяч чалавек, зь якіх памерлі, паводле афіцыйных зьвестак, 774.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ