Маштабы тэставаньня на COVID-19 і маштабы пандэміі ў Беларусі. Ці тлумачыцца другое першым?

Тэст на каранавірус

Сьцісла

  • 10 траўня Беларусь паводле колькасьці на мільён насельніцтва новых выпадкаў захворваньня на COVID-19 была на першым месцы ў Эўропе.
  • Мы лепш тэстуем, таму ў нас больш выяўленых захворваньняў — кажуць беларускія ўлады.
  • 10 траўня ў сьвеце было 22 краіны (12 зь іх — у Эўропе), у якіх тэстаў на душу насельніцтва было зроблена больш, чым у Беларусі, а выпадкаў захворваньня на COVID-19 на душу насельніцтва — менш, чым у Беларусі.
  • Беларусь — эўрапейскі лідэр па колькасьці новых захворваньняў на душу насельніцтва, і гэта не таму, ці прынамсі ня толькі таму, што ў ёй робіцца дастаткова шмат тэстаў.

На 10 траўня ў Беларусі быў 2431 інфікаваны на мільён насельніцтва. Гэта 28 месца ў сьвеце (сярод 214 краін і тэрыторый) і 22-е месца ў Эўропе (сярод 50 краін).

Першае месца ў Эўропе па новых захворваньнях адносна колькасьці насельніцтва

Але Беларусь трымае сумнае лідэрства па штодзённым павелічэньні колькасьці новых захварэлых. Яна нават і ў абсалютным «заліку» паводле гэтага паказьніку высока ў сьпісе: 10 траўня прырост складаў 921 новы выпадак захворваньня — 17-е месца сярод 214 краін і тэрыторый сьвету, чацьвёртае месца ў Эўропе — пасьля Расеі, Вялікай Брытаніі і Гішпаніі.

Яшчэ больш уражваюць падлікі прыросту на душу насельніцтва (дакладней, на мільён чалавек). На 10 траўня з 97 новымі выпадкамі захворваньня на мільён насельніцтва Беларусь была на 5 месцы ва ўсім сьвеце (пасьля Кувэйту, Сынгапуру, Катару і Бахрэйну) і на першым — у Эўропе. На другім месцы ў Эўропе была Расея, дзе налічвалі 75 новых захворваньняў на мільён насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйная статыстыка: шосты дзень запар больш як па 900 новых хворых на COVID-19 у Беларусі

Тлумачэньне гэтаму сумнаму лідэрству, якое даюць беларускія ўлады, — у Беларусі праводзіцца шмат тэстаў, больш, чым у іншых краінах, таму і шмат выяўленых выпадкаў захворваньня — больш, чым у іншых краінах. Паводле гэтага тлумачэньня, вялікая колькасьць выяўленых — паказьнік не вялікага распаўсюду хваробы, а эфэктыўнасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя, у прыватнасьці — сыстэмы выяўленьня выпадкаў захворваньня. Мы больш тэстуем, таму ў нас больш выяўленых захворваньняў, — кажуць беларускія ўлады.

Чым больш тэстаў — тым больш выяўленых захворваньняў?

Тэорыя прыгожая, але не зусім адэкватная. Дакладныя падлікі на падставе дадзеных за 10 траўня паказваюць, што ў сьвеце было 22 краіны (12 зь іх — у Эўропе), у якіх тэстаў на душу насельніцтва было зроблена больш, чым у Беларусі, а выпадкаў захворваньня на COVID-19 на душу насельніцтва — менш, чым у Беларусі.

Вось некаторыя з гэтых краін.

Краіны

Выпадкаў захворваньня, на 1 мільён насельніцтва

Зробленыя тэсты, на 1 мільён насельніцтва

Аб'яднаныя Арабскія эміраты

1840

121330

Мальта

1123

91708

Літва

543

67558

Бэрмудзкія выспы

1895

64549

Кіпр

744

63062

Данія

1801

54873

Ізраіль

1904

52598

Эстонія

1311

47773

Кувэйт

2034

45988

Латвія

498

40607

Новая Зэляндыя

310

39468

Расея

1437

37335

Брунэй

322

36340

Нарвэгія

1495

36140

Аўстрыя

1762

35143

Нямеччына

2051

32891

Аўстралія

272

32466

Славенія

701

30221

Канада

1824

30099

Чэхія

759

28247

Belarus

2431

27890

Так што Беларусь — эўрапейскі лідэр па колькасьці новых захворваньняў на душу насельніцтва не таму, ці прынамсі ня толькі таму, што ў ёй робіцца дастаткова шмат тэстаў. Але і таму, што хвароба распаўсюджваецца хутка і шырока — ва ўсякім разе, хутчэй і шырэй, чым у некаторых іншых краінах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам усё казалі: „Рана, чакайце“». Як 36-гадовы жыхар Ліды памёр ад каранавірусу