Суд пачаўся з прагляду відэазапісу акцыі, знойдзенага міліцыянтамі «падчас маніторынгу сацыяльных сетак».
11 траўня суд Жлобінскага раёну пакараў жыхара вёскі Стрэшын Віталя Грыцкова адміністрацыйным арыштам на 15 дзён. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі падтрымкі блогера Сяргея Ціханоўскага, якая прайшла 7 траўня ў Гомлі.
На судзе прысутнічала жыхарка Жлобіна Ліяна Шуба.
«На паседжаньні прадэманстравалі відэазапіс акцыі, які нібыта быў знойдзены міліцыянтамі „падчас маніторынгу сацыяльных сетак“. Судзьдзя спытаўся ў Віталя, ці пазнае ён сябе на гэтым запісе. Той пазнаў. Вось і ўвесь суд. Хоць Віталь папраўдзе ня браў удзелу ў акцыі, а проста здымаў яе на тэлефон», — патлумачыла Ліяна Шуба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арыштыЯна лічыць, што насамрэч такое суровае пакараньне зьвязана не з гомельскай акцыяй, а са стрымам Сяргея Ціханоўскага зь вёскі Стрэшын. «Віталь удзельнічаў у тым стрыме, расказваў на камэру аб праблемах Стрэшына. Мая асабістая думка, што за гэта яго і пакаралі суткамі», — выказалася жыхарка Жлобіна.
Ліяна Шуба дадала, што Віталь зьяўляецца валянтэрам ініцыятывы дапамогі жлобінскім мэдыкам. Цяпер іншыя валянтэры сабралі дапамогу ягонай маці на перадачы.
7 траўня пасьля акцыі ў Гомлі затрымалі 20 чалавек. Большасьць пазьней адпусьцілі, толькі грамадзянскаму актывісту Юрыю Ўласаву 8 траўня прысудзілі арышт на 15 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацьку чацьвярых дзяцей зь Ліды асудзілі на 15 сутак за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім