Урад зьняў забарону на вываз за межы Беларусі асобных відаў мэдычных тавараў, гэта вынікае з пастановы Саўміну № 276, апублікаванай 9 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гэтым дакумэнтам унесеныя зьмены ў дадатак да пастановы Савету міністраў ад 17 сакавіка 2020 году № 149 «Аб увядзеньні часовай забароны на вываз асобных відаў тавараў з Рэспублікі Беларусь». У прыватнасьці, выключаная пазыцыя «Бінты, вата, марля і іншае». Дазволена таксама вывозіць з краіны мэдычныя маскі, але толькі беларускай вытворчасьці.
У сакавіку была ўведзеная часовая забарона на вываз зь Беларусі асобных відаў тавараў мэдычнага прызначэньня незалежна ад краіны іх паходжаньня. У пералік сярод іншага ўвайшлі хірургічныя халаты, маскі аднаразовыя і для шматразовага прымяненьня, бахілы, бінты, вата, марля і іншыя тавары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў прадаваць ахоўныя маскі за мяжу. Ці хапае іх у Беларусі?21 красавіка падчас наведаньня прадпрыемства «Славянка» ў Бабруйску Аляксандар Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт засьцерагальных масак пасьля насычэньня ўнутранага рынку. «Мы практычна насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, — сказаў ён. — Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампэнсуем тыя выдаткі, якія панесьлі, закупляючы маскі ва ўсім сьвеце».
«Трэба прадаваць, калі ёсьць попыт, — запатрабаваў Лукашэнка. — Просяць жа расейцы, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям. Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць».
Прадпрыемствы «Беллегпраму» плянуюць найбліжэйшым часам экспартаваць першыя партыі засьцерагальных масак у Расею і Нямеччыну.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ