Размова, зразумела, пра заяву наконт гатовасьці ісьці ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, былога кіраўніка ПВТ, былога пасла Беларусі ў ЗША, чальца выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі часоў 1994 году. Што гэта азначае?
Сьцісла:
- Ня выключана, што Цапкала пайшоў шляхам, якім да яго ішоў, напрыклад, Аляксандар Казулін
- Настроі грамадзкай думкі такія, якіх ніколі не было
- Ёсьць лабавы варыянт: Цапкала — сьвядомы спойлер, і больш складаны — калі яго выкарыстоўваюць як спойлера дзейнага прэзыдэнта «ўцёмную»
- У позьняй постсавецкай эпосе, у адрозьненьне ад першых гадоў незалежнасьці, «пераможцамі» сыстэмы робяцца, як правіла, паважаныя яе прадстаўнікі
- Наколькі лічбавы парадыз ІТ-краіны так ужо натхняе даярку ў Клімавіцкім раёне ці рабацягу з БМЗ?
- Беларусь ладнай сваёй часткай зусім ня лічыць «разумнікаў» з ФБ сваёй элітай, настаўнікамі, тымі, да чыйго меркаваньня варта прыслухоўвацца, шляхтай
- Калі за спадара Цапкалу па праўдзе прагаласуе цэлых 20 % (і ўсяго 20 %), то намалююць яму 2 %, і ў цяперашняй беларускай сыстэме гэта будзе правільна і справядліва
- Усё паводле модулю невядомай пераменнай — ступені, у якой цяперашняя сытуацыя абрыдла беларусам. Цапкала — гэта тэст, наколькі
Папярэдняя заўвага: Валеры Цапкала пакуль не пацьвердзіў свайго намеру ў асабістай размове, ягоны тэлефон на аўтаадказьніку. Радыё Свабода датэлефанавалася да маці Валерыя Цапкалы. Тая кажа, што сын нічога не казаў ёй пра намер ісьці ў прэзыдэнты, і што яна не змагла датэлефанавацца да сына. Так што ўсё гэта можа аказацца ўзломам, і тады варта будзе абмяркоўваць іншае.
А пакуль...
Важная дэталь — маніфэст Цапкалы аб удзеле ў выбарах вытрыманы ў даволі крытычным тоне. Гэта не гісторыі Алега Гайдукевіча пра тое, як ён ляяльна да Аляксандра Лукашэнкі будзе яму апаніраваць, і нават не асьцярожныя заявы прадстаўнікоў «Гавары праўду».
Новы Казулін?
Ня выключана, што Цапкала пайшоў шляхам, якім да яго ішоў, напрыклад, Аляксандар Казулін. Адхіленьнем ад кіраўніцтва ПВТ, які ён калі не стварыў, то істотна стварэньню якога спрыяў, Цапкала быў, гледзячы па ўсім, пакрыўджаны. Дзіўна было б, калі б ня быў.
Сумны досьвед Казуліна, здавалася б, мусіў бы адбіць назаўжды ахвоту ў дзейных і былых прадстаўнікоў намэнклятуры гуляць у гэтую гульню.
Але сытуацыі не бываюць тоеснымі, цяперашняя, дзякуючы пандэміі, абсалютна ўнікальная. І настроі грамадзкай думкі такія, якіх ніколі не было. Дарэчы, іх вельмі трапна апісаў галоўны кандыдат на гэтых выбарах, Аляксандар Лукашэнка, сказаўшы пару тыдняў таму, што толькі лянівы сабака цяпер ня брэша на яго. Калі раней такое было, каб Лукашэнка сам так апісваў грамадзкія настроі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казулін: Прымусова карміць галадоўніка яны ня маюць праваЗапыт на альтэрнатыву ёсьць — чаму б мне ня стаць ёй — цалкам магчыма, што Цапкала так і разважаў. Досьвед многіх постсавецкіх краінаў сьведчыць пра тое, што гэта прынамсі вельмі распаўсюджаная траекторыя транзыту, калі ўладу штораз больш аслаблага рэжыму перахоплівае былы ці нават дзейны прадстаўнік гэтага самага рэжыму. Пачынаючы з чальца палітбюро Ельцына, а потым Саакашвілі (былы міністар юстыцыі Шэвадрнадзэ), Юшчанка (былы прэм’ер Кучмы), Бакіеў (былы прэмʼер Акаева). Амплюа намэнклятурнага бунтаўніка ў постсавецкіх краінах — роля вельмі папулярная.
Спойлер яўны ці «ўцёмную»?
Але, па шчырасьці, больш імавернай уяўляецца ўсё ж іншая матывацыя ініцыятывы Валера Цапкалы. А менавіта — што яго маніфэст — вынік як мінімум пэўнага паразуменьня з тым самым Лукашэнкам, якога ён у ім бічуе. Што гэта проста камбінацыя адміністрацыі прэзыдэнта — таксама варыянт, у межах якога былому кіраўніку ПВТ проста загадалі ці прынамсі параілі згуляць у гэтую гульню. Магчымы і больш складаны варыянт — Цапкала сам захацеў згуляць, а яму з адміністрацыі прэзыдэнта проста далі зразумець, што будуць ня супраць.
Такім чынам, ёсьць лабавы варыянт: Цапкала — сьвядомы спойлер (гэта значыць кандыдат, які нібыта падтрымлівае апанэнта, каб паспрыяць посьпеху асноўнага кандыдата). І больш складаны — калі яго выкарыстоўваюць як спойлера дзейнага прэзыдэнта «ўцёмную». Але абодва варыянты азначаюць адно — кандыдат Цапкала патрэбны Лукашэнку ў гэтай кампаніі.
Для чаго? Цікавае тлумачэньне прапанаваў філёзаф і грамадзкі дзяяч Уладзімер Мацкевіч. Варта аддаць яму належнае — пару дзён таму ён прадказаў зьяўленьне такога кандыдата — намэнклятурнага «дысыдэнта». На думку Ўладзімера, мэта такой камбінацыі — прыцягнуць людзей на выбары, сфакусаваць пратэстныя настроі на цалкам кантраляванай фігуры і ў рэшце легітымізаваць чарговую «элегантную перамогу» усё таго самага Лукашэнкі.
Цалкам магчыма, што так яно і ёсьць, прынамсі, што менавіта такую ролю штаб Лукашэнкі і прыгатаваў для Цапкалы.
Марыянэткі абрываюць ніткі
Аднак варта заўважыць, што марыянэткі часам абрываюць ніткі, якімі імі маніпулююць. Знакаміты антыкарупцыйны даклад дэпутата Лукашэнкі ў 1993 годзе быў таксама камбінацыяй тагачаснага прэмʼера Вячаслава Кебіча, каб падарваць пазыцыі яго суперніка, старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. І Лукашэнка гэтую задачу выканаў. Але потым стаў выконваць іншыя, ужо свае, задачы. І іх таксама выканаў — на вялікае расчараваньне Кебіча.
Абстрактна кажучы, так можа атрымацца і з кандыдатам Цапкалам. Магчыма, ні ён, ні тыя, хто бачыць у ім спойлера, не ацэньваюць у належнай ступені моц народнага незадавальненьня.
Разыгрываньне складаных камбінацыяў (а камбінацыя са спойлерам — складаная) утрымлівае ў сабе рызыку, што ўся прыгажосьць шматхадоўкі згарыць сінім полымем ужо на другім ходзе.
Іншая справа, што выбар Цапкалы на гэтую ролю (калі выбар меў месца) утрымлівае некалькі чыньнікаў, якія робяць страту кантролю ня вельмі імавернай.
Так, Цапкала — буйны чыноўнік, плоць ад плоці сыстэмы, супраць якой нібыта паўстае. У прыгаданым шэрагу Ельцына, Саакашвілі, Юшчанкі, Бакіева гэта хутчэй падвышае рызыку для тых, хто ім гуляе, што нешта пойдзе ня так. У нашых краях прыход да ўлады такіх несыстэмных палітыкаў, як той самы Лукашэнка ў 1994 годзе — гэта вынік зьбегу ўнікальных абставінаў, якія склаліся адразу пасьля краху камунізму.
Як казаў у сваёй нобэлеўскай лекцыі Іосіф Бродскі, «трагедыя — не калі гіне герой, а калі гіне хор». У 91-м на нашых абшарах загінуў хор. Таму і несыстэмныя людзі маглі апынацца на самым версе.
Даярка з Клімавіцкага раёну і ІТ-краіна
У позьняй постсавецкай эпосе умовы ўжо іншыя, «хор» ня гіне ні пры якіх абставінах, і «пераможцамі» сыстэмы робяцца, як правіла, паважаныя яе прадстаўнікі.
Але Цапкала ва ўсіх асацыюецца з ПВТ, з ІТ-краінай. Нібыта і сама ўлада цяпер казырае гэтым. Але наколькі гэты лічбавы парадыз так ужо натхняе даярку ў Клімавіцкім раёне ці рабацягу з БМЗ? Для іх асабіста толку ад той ІТ-краіны няшмат. Да таго ж краем вуха яны маглі нават чуць, што гэтыя кампутарныя «багі» падаткі плацяць ня так, як яны. Што, зь іх пункту гледжаньня, несправядліва. Ну і наагул — багаценькія бураціны.
Зразумела, што ФБ-публіка гэтыя простанародныя матывы збольшага не падзяляе. Таму цалкам магчыма, што Цапкала можа і стаць кумірам прынамсі яе часткі.
Але Беларусь у цэлым — краіна дастаткова простанародная. І ня толькі сацыяльна-дэмаграфічна, але і ў тым сэнсе, што ладнай часткай яна зусім ня лічыць «разумнікаў» з ФБ сваёй элітай, настаўнікамі, тымі, да чыйго меркаваньня варта прыслухоўвацца, шляхтай. «Няма дваранаў, усе роўныя» — сказаў Кастусь Каліноўскі пад шыбеніцай.
І менавіта таму, што Цапкала можа стаць кумірам ФБ, ён ня стане кумірам народу.
Што трэба, каб перамагчы на нявыбарах?
Ну а тут трэба нагадаць, што выбары ў Беларусі — яны і ня выбары. Гэта ня значыць, што гэта суцэльны рытуал і пустата. Калі б нейкі чалавек меў ня проста вялікую, а аграмадную падтрымку, то выбары маглі б стаць... ня выбарамі насамрэч, а фактычна рэвалюцыяй. Нечым падобным былі выбары 1994 году. Чаму тады Лукашэнку не намалявалі 2 %? Ну, часы былі іншыя, шок перабудовы не прайшоў, непрыгожа было.
Але быў і іншы шок, які спыняў фальсыфікатараў — варʼяцкіх памераў народная падтрымка. Чальцы выбарчых камісіяў — яны ж таксама частка народу. А людзі — статкавыя жывёлы, яны скурай адчуваюць волю свайго статку.
Але калі яна ёсьць супольная. А калі за спадара Цапкалу папраўдзе прагаласуе нават 20 % (і ўсяго 20 %), то намалююць яму 2 %, і ў цяперашняй беларускай сыстэме гэта будзе правільна і справядліва.
Магчыма, ён сам гэта разумее. Прычым, і ў варыянце, калі ён — на нітачках, і калі ён — другі Казулін.
Гісторыя не канчаецца на 9 жніўня
Адзіным ягоным неканфармісцкім практычным разьлікам можа быць спадзеў на тое, што 9 жніўня беларуская палітыка і гісторыя ня скончацца і ён здолее канвэртаваць у нешта карыснае той палітычны капітал, які ён назапасіць падчас кампаніі.
Хаця з гэтым у беларускай гісторыі заўсёды было кепска. Можна прыгадаць лёсы і Ўладзімера Ганчарыка, і Аляксандра Мілінкевіча, і таго самага Аляксандра Казуліна.
Расейскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі сказаў пасьля выбараў 2001 году ў Беларусі, на якіх Ганчарык набраў нават афіцыйна ажно 15 %: «Цяпер вядома, каму тэлефанаваць, калі захочацца пагаварыць зь беларускай апазыцыяй». Але не тэлефанавалі чамусьці шаноўнаму спадару Ганчарыку.
Баюся, што і Валеру Цапкалу ня будуць пасьля 9 жніўня.
Цапкала як тэст
Але ўсе гэтыя развагі паводле модулю невядомай пераменнай — ступені, у якой цяперашняя сытуацыя абрыдла беларусам. Цапкала — гэта тэст, наколькі насамрэч абрыдла.
Ну а не — тады або незайздросны лёс Казуліна, або выбары стануць для яго мэханізмам вяртаньня ва ўладны воз, зь якога ён пасьля сыходу з ПВТ выпаў.
У другім выпадку можна будзе за яго асабіста парадавацца. Да прыходу наступнага такога, як ён, якому пашанцуе і які абарве ніткі.