Ніхто ў Польшчы не чакаў такога павароту выбарчай інтрыгі, які 6 траўня прыдумалі два палітыкі кіроўнай кааліцыі, Ярослаў Качыньскі і Ярослаў Говін.
За чатыры дні да прызначанага тэрміну прэзыдэнціх выбараў яны вырашылі, што галасаваньня 10 траўня ня будзе. І гэтае рашэньне яны агучылі напярэдадні пасяджэньня Сэйму, на якім дэпутаты адолелі вэта Сэнату на выбарчы закон і пацьвердзілі, што прэзыдэнцкія выбары 2020 пройдуць 10 траўня завочна, праз пошту.
Чаму два кааліцыянты — Качыньскі (лідэр партыі «Права і справядлівасьць») і Говін (лідэр палітычнага аб’яднаньня «Пагадненьне») — пайшлі на такі неардынарны крок? І што ён насамрэч азначае?
Спачатку пра тое, што напэўна адбудзецца (ці, лепш сказаць, не адбудзецца): польскія выбарнікі не атрымаюць бюлетэняў для галасаваньня праз пошту, і выбарчыя урны 10 траўня застануцца пустыя.
Аднак з фармальнага гледзішча — у сьвятле прынятага 7 траўня выбарчага закону — выбары пройдуць! На такі менавіта фармалізм разьлічваюць Качыньскі і Говін ды тлумачаць: паколькі галасаваньня ня будзе, Вярхоўны суд прызнае выбары несапраўднымі (па-польску: nieważne).
А далейшую хаду падзеяў прадбачае выбарчы закон, прыняты дэпутатамі кааліцыі: маршалак ніжняй палаты парлямэнту (якая кантралюецца Качыньскім і Говінам) пасьля рашэньня Вярхоўнага суду аб несапраўднасьці выбараў 10 траўня прызначыць новы тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў, якія зноў маюць адбыцца завочна, праз пошту, але ўжо з запаўненьнем выбарчых бюлетэняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Польшчы ўсё ж адбудуцца па пошце. Але не 10 траўняУвесь гэты юрыдычны хітрык, які татальна агаломшыў і зьбянтэжыў экспэртаў польскага канстытуцыйнага права і выбарчага заканадаўства, прыдуманы дзеля таго, каб кіроўная кааліцыя магла правесьці прэзыдэнцкія выбары як мага хутчэй. Бо Качыньскі і Говін прадчуваюць, што калі адсунуць выбары на восень ці яшчэ на пазьнейшы тэрмін, эканамічныя наступствы каранавіруснай пандэміі могуць пахіснуць ляяльнасьць электарату, і іхны стаўленік у прэзыдэнцкай гонцы — дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда — можа прайграць. Дата 10 траўня аказалася тэхнічна і лягістычна нерэальнай, таму яны прыдумалі такі «кампраміс». Цяпер, магчыма, наступны тэрмін выбараў будзе прызначаны на чэрвень або ліпень.
Праўду сказаўшы, штó будзе пасьля 10 траўня — калі прэзыдэнцкія выбары юрыдычна пройдуць, але без галасаваньня (як абсурдна гэта б ні гучала) — ніхто ў Польшчы ня ведае. У першую чаргу, ніхто ня ведае, якое рашэньне прыме Вярхоўны суд — а яно тут невідавочнае. Мала хто таксама верыць, што магчыма разруліць гэтую палітычную спрэчку і юрыдычную блытаніну ў рамках прававога поля. Патрэбныя будуць, хутчэй за ўсё, палітычныя кампрамісы як з боку кіроўнай кааліцыі, так і апазыцыі.
Апазыцыя з самага пачатку заяўляла, што правесьці прэзыдэнцкія выбары падчас пандэміі праз пошту нерэальна, і прапанавала ўраду юрыдычна беззаганны выхад: абвясьціць надзвычайнае становішча ў краіне, якое аўтаматычна пасунула б тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў на пазьнейшую дату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірусныя выбарчыя гульні ў ПольшчыПраблема аднак у тым, што, паводле канстытуцыі і заканадаўства краіны, агульныя выбары можна правесьці не раней, чым праз 90 дзён пасьля заканчэньня надзвычайнага становішча. Значыць, пры варыянце з надзвычайным становішчам прэзыдэнцкія выбары маглі б адбыцца не раней, чым пад канец гэтага году. Качыньскі ня мог пагадзіцца на такі варыянт, бо гэта, як усё адчуваюць, сыграла б на руку апазыцыі.
З чыста юрыдычнага гледзішча рашэньне аб адмене галасаваньня 10 траўня ня мае сілы закону. Але яно несумненна запачаткуе ланцужок палітычных наступстваў, хаду і вынік якіх цяжка прадбачыць. І як бы на гэта ні паглядзець, пагадненьне Качыньскага-Говіна – вельмі трывожны пасыл для польскай дэмакратыі. Два дэпутаты па-за рамкамі прававога поля і дзяржаўнай сыстэмы ўлады (абмінаючы Дзяржаўную выбарчую камісію, парлямэнт, урад і прэзыдэнта), прынялі рашэньне аб адмене галасаваньня на агульных выбарах.
Тыя ў Польшчы, хто апошнімі гадамі неаднаразова крытыкаваў кіроўную кааліцыю Права і справядлівасьці за адыход ад дэмакратычных стандартаў у палітычным жыцьці, атрымалі, мабыць, адзін з апошніх папераджальных званкоў.
Даведка:
Цяперашні прэзыдэнт Анджэй Дуда — шосты па ліку ў посткамуністычнай Польшчы. Ён быў абраны на агульных выбарах у 2015 годзе, як і чатыры яго папярэднікі: Лех Валэнса (1990), Аляксандр Квасьнеўскі (двойчы: 1995, 2000), Лех Качыньскі (2005), Браніслаў Камароўскі (2010). Першы прэзыдэнт посткамуністычнай Польшчы, генэрал Войцех Ярузэльскі, быў абраны парлямэнтам у 1989 годзе і прабыў на гэтай пасадзе да сьнежня 1990.
Лех Качыньскі загінуў у катастрофе ўрадавага самалёта пад Смаленскам у 2010 годзе. Войцех Ярузэльскі памёр у 2014 годзе. Астатнія былыя прэзыдэнты посткамуністычнай Польшчы жывуць, час ад часу камэнтуюць палітычныя падзеі ў краіне, але ніякай публічнай функцыі не выконваюць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.