Найвышэйшы суд справядлівасьці Ізраілю дазволіў дзейнаму прэм’ер-міністру Біньяміну Нэтаньягу сфармаваць новы ўрад і адхіліў усе апэляцыі апазыцыі, якія патрабавалі забароны і адмены кааліцыйнага пагадненьня паміж партыяй «Лікуд» на чале з Нэтаньягу і блёкам «Кахоль Лаван», якім кіраваў сьпікер Кнэсету Бэні Ганц .
Калегія, якая складаецца з 11 судзьдзяў, аднагалосна пастанавіла, што няма юрыдычных падставаў перашкаджаць прэм’еру ў фармаваньні ўраду.
Упершыню ў гісторыі Ізраілю пасяджэньне суду трансьляваліся ў жывым эфіры. Яно працягвалася больш за 17 гадзін. Рашэньне Найвышэйшага суду справядлівасьці ліквідуе асноўную перашкоду на шляху фармаваньня ўраду «Лікуду» і «Кахоль Лаван». Увечары 6 траўня Нэтаньягу і Ганц абвясьцілі, што ўрад будзе прыведзены да прысягі роўна праз тыдзень, 13 траўня.
7 траўня прадстаўнікі «Лікуду» і «Кахоль Лаван» перадалі прэзыдэнту Рэўвэну Рыўліну рэкамэндацыю даверыць фарміваньне новага ўраду Біньяміну Нэтаньягу. Рэкамэндацыю падпісалі 72 дэпутаты Кнэсэта, пры тым, што было дастаткова сабраць 61 подпіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ізраілі палітычныя супернікі дамовіліся пра новы ўрадПагадненьне аб стварэньні ўрадавай кааліцыі па выніках выбараў 2 сакавіка было падпісана 20 красавіка. Яно прадугледжвае, што першыя паўтара года прэм’ер-міністрам Ізраілю будзе Нэтаньягу, а затым яго зьменіць Ганц. Пасьля гэтага шэраг грамадзкіх дзеячоў і арганізацыяў запатрабавалі ад БАГАЦу ануляваць кааліцыйнае пагадненьне на падставе таго, што Нэтаньягу абвінавачваецца ў хабарніцтве.
Пасьля роспуску Кнэсэту 19-га скліканьня ў Ізраілі больш за год доўжыўся палітычны крызіс. У краіне тройчы прайшлі парлямэнцкія выбары, на якіх партыя «Лікуд» хоць і перамагала, але не атрымлівала неабходнай большасьці ў Кнэсэце для фармаваньня ўраду. Увесь гэты час парлямэнт ня мог праводзіць рэформы, прымаць бюджэт, законапраекты і праграмы.