Блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня, пасьля двух дзён перасьледу, затрымала міліцыя. Назаўтра ён праз відэазварот заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты. Свабода сабрала, што пра яго вядома.
Сяргей Ціханоўскі — аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», заснавальнік і прадусар кампаніі па вытворчасьці відэаролікаў. Гэтая кампанія здымала кліпы для расейскага гурту «Пропаганда» і відэапрэзэнтацыі беларускай вайсковай тэхнікі. Каля году Сяргей Ціханоўскі займаецца толькі сваім відэаблогам.
Ужо два месяцы Сяргей Ціханоўскі езьдзіць па краіне на арандаваным аўтадоме і праводзіць сустрэчы з падпісчыкамі, якія трансьлюе ў свой блог.
6 траўня, пасьля таго як Ціханоўскага затрымалі каля Магілёва, прыхільнікі блогера выйшлі на вуліцы ў Менску і іншых гарадах. Толькі ў сталіцы міліцыя затрымала 19 ягоных прыхільнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Ціханоўскі анансаваў на 9 траўня «АнтыПарад», скардзіцца на перасьлед міліцыіУ Берасьці ў той жа дзень затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. Ён у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця, напісаў Свабодзе паплечнік Пятрухіна Аляксандар Кабанаў.
7 траўня ў блогу Ціханоўскага зьявіўся зварот, дзе блогер заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, таму што «больш за 130 тысяч падпісчыкаў просяць удзельнічаць у гэтай кампаніі». Раней ён агучваў намеры стаць пратэставым кандыдатам у кампаніі Міколы Статкевіча.
Разьбіраемся, хто такі Сяргей Ціханоўскі і чым ён займаўся раней.
Блогер
Сяргею Ціханоўскаму 41 год, ён родам з Гомля, жанаты, мае дзяцей. На ягоным Youtube-канале больш за 150 тысяч падпісчыкаў, самае папулярнае відэа мае 719 тысяч праглядаў. Сам Ціханоўскі казаў, што блогерствам яго вымусіла заняцца «свавольства чыноўнікаў».
У сакавіку за адзін стрым Ціханоўскі сабраў 1600 даляраў, што дапамагло арандаваць аўтадом, каб езьдзіць па беларускіх гарадах. Новыя відэа на канале блогера зьяўляюцца штодня, а часам і па некалькі разоў на дзень. Гэта ня толькі стрымы з сустрэч з падпісчыкамі, але і інтэрвію з палітыкамі — Статкевічам, Севярынцам, Канапацкай, а таксама з прадпрымальнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Ціханоўскі сабраўся ў прэзыдэнты. Хто ёнПершае відэа ў блогу было пра падзеньне беларускага рубля, у кадры Ціханоўскага не было, як не было і чуваць ягонага голасу.
На адным з папулярных відэа старшыня Добрускага райвыканкаму Вольга Мохарава паказала Ціханоўскаму дулю. Гэты сюжэт пасьля стаў мэмам.
Чым займаўся раней
У расейскай картатэцы прадпрымальнікаў Сяргей Ціханоўскі пазначаны як заснавальнік студыі «Компас», якая працуе ў Маскве. Гэтая кампанія мае таксама офісы ў Менску, Кіеве і Гомлі. Шмат у якіх роліках кампаніі Ціханоўскі пазначаны як прадусар ці генэральны прадусар.
Сярод прадуктаў кампаніі — кліпы для расейскага гурту «Пропаганда», рэклямныя ролікі касмэтыкі з тэнісістам Максімам Мірным і нават відэапрэзэнтацыі беларускай вайсковай тэхнікі. Цяпер менскі і гомельскія тэлефоны студыі не адказваюць.
У 2017 годзе стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі набыў гісторыка-культурную каштоўнасьць — «кулацкі» дом у вёсцы Агародня пад Гомлем за 2,2 тысячы даляраў. У доме ён хацеў стварыць аграсядзібны комплекс, але сутыкнуўся з праблемамі: узгадняць працы з чыноўнікамі аказалася вельмі доўга.
Чаму пасьпяховы прадпрымальнік стаў блогерам і пайшоў у прэзыдэнты
Алесь Плотка, кансультант па інавацыях і камунікацыях міжнародных арганізацый, яшчэ ў студэнцтве працаваў разам зь Сяргеем Ціханоўскім у ягонай прадакшн-студыі «Компас».
«У прынцыпе, увесь крэатыўны кляс Гомля яго ведае ці наўпрост, ці ўскосна. Падыход працоўны ў чалавека даволі дзелавы, усё па справе. Гэта не вайсковец і не кар’ерны „ўпраўленец“, а self-made man, чалавек, які ведае, што такое рынак, грошы і рызыкі.
Наконт апошняга — шмат у каго ўзьнікае пытаньне, чаму Сяргей пайшоў на рызыку балятавацца ў прэзыдэнты ў Беларусі. Думаю, калі пераканаўчы адказ на гэтае і іншыя заканамерныя пытаньні будзе агучаны, ён зможа мабілізаваць сваіх падпісчыкаў. Досьвед электаральнай кампаніі Зяленскага паказаў, наколькі Беларусь адстае ў камунікацыях грамадзянскіх актыўнасьцяў. Незалежна ад таго, ці стаіць нехта ці нешта за гэтым праектам, ён ужо зьмяняе разуменьне таго, як павінна весьціся камунікацыя ў 2020 годзе», — мяркуе Алесь Плотка.
На мінулых выбарах у парлямэнт блогер быў назіральнікам ад каманды кандыдата ў дэпутаты Тацяны Канеўскай — адной зь лідэраў руху «Маці 328».
«Мне падабалася, што ён адкрыты, ня дзёрзкі, не скажае інфармацыю, а паказвае ў сваіх роліках тое, як яно і ёсьць. Ён не навязвае людзям свой пункт гледжаньня, а дае ўсім ахвотным выказацца», — кажа Тацяна.
Яна лічыць, што ў блогеры прадпрымальнік пайшоў, калі сутыкнуўся са свавольствам чыноўнікаў, якія не давалі яму рабіць бізнэс.
«Ён зразумеў, што не дагрукацца да чыноўнікаў, і таму ўзяў у рукі камэру. А далей спыніць гэты мэханізм было проста немагчыма. Ён запусьціў гэты махавік, які круціцца. Сяргей дае слова простым людзям і агучвае тое, што яны самі баяцца сказаць нават на кухнях. Ён кажа тыя рэчы, якія ў кожнага сядзяць унутры — таму мае такую папулярнасьць, давер і падтрымку ў людзей. Гэта адгукаецца ў людзях. Яны кажуць на кухні, што чыноўнікі нахабныя і заеліся — а ён кажа гэта з экрану. Таму Сяргей цяпер такі народны герой», — лічыць Тацяна.
Дадуць 15 сутак?
Цяпер Сяргей Ціханоўскі ў гомельскім ІЧУ. Сваякі перадалі яму сродкі гігіены і неабходныя рэчы. Верагодна, ён будзе там адбываць 15-суткавы арышт, які «вісіць» на ім за акцыі ў падтрымку незалежнасьці ў сьнежні 2019 году. Блогер быў пакараны двойчы арыштам па 15 сутак. Адны 15 сутак ён адбыў, і тут жа суд прызначыў яшчэ 15. Але назаўтра Ціханоўскага зьнянацку, без тлумачэньня, выпусьцілі з ІЧУ.
Пра салідарнасьць з блогерам заявілі шэраг беларускіх палітыкаў і праваабаронцаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.