Палата прадстаўнікоў заўтра прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў?

Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў 8 траўня плянуе разгледзець пытаньне аб прызначэньні даты прэзыдэнцкіх выбараў, піша БелаПАН са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Беларусі Віталя Ермаловіча.

На просьбу ўдакладніць, якія менавіта пытаньні заўтра плянуюцца да разгляду, Ермаловіч адказаў: «Выбары будуць разглядаць».

У графіку працы дэпутатаў, які апублікаваны на сайце Палаты прадстаўнікоў, з 6 па 8 траўня значыцца «праца ў выбарчых акругах», а пасяджэньне сэсіі Палаты прадстаўнікоў ёсьць толькі 21 траўня.

Паводле слоў Ермаловіча, «ёсьць распараджэньне» для асьвятленьня пасяджэньня акрэдытаваць «абмежаваную колькасьць дзяржаўных СМІ».

«Толькі асноўныя цэнтральныя каналы і БелТА», — сказаў ён.

Прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ на пасяджэньне не дапусьцяць. Ермаловіч растлумачыў, што такое рашэньне прынялі праз распаўсюд каранавіруса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: прэзыдэнцкія выбары адбудуцца да канца жніўня

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.