Польскія партыі «Права і справядлівасьць» (PiS) і «Паразуменьне» выступілі 6 траўня з супольнай заявай аб прэзыдэнцкіх выбарах: праз пандэмію каранавірусу яны не адбудуцца 10 траўня.
«У сувязі з адмовай апазыцыі ад усіх канструктыўных прапановаў, якія дазволілі б сёлета правесьці прэзыдэнцкія выбары ў канстытуцыйны тэрмін, партыі „Права і справядлівасьць“ і „Паразуменьне“ падрыхтавалі рашэньне, якое гарантуе палякам магчымасьць узяць удзел у дэмакратычных выбарах», — перадае заяву Польская прэсавая агенцыя (PAP).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдатка ад найбуйнейшай у Польшчы апазыцыйнай кааліцыі ня будзе ўдзельнічаць у выбарах па пошцеКансэрватары PiS маюць 235 крэслаў з 460 у ніжняй палаце і 48 са 100 у верхняй. «Паразуменьне» не прадстаўлена ў парлямэнце. Дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда цяпер фармальна беспартыйны, але балятаваўся ад PiS — партыя яго па-ранейшаму падтрымлівае.
Апазыцыя раней патрабавала пераносу выбараў і адмовілася ад удзелу ў прапанаваных PiS выбарах па пошце.
Пасьля 10 траўня, мяркуюць PiS і «Паразуменьне», Вярхоўны суд скасуе выбары 10 траўня празь немагчымасьць іх правядзеньня, а маршалак Сойму (сьпікер ніжняй палаты парлямэнту) абвесьціць новыя выбары як мага хутчэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы аднавілі працу гандлёвыя цэнтры, музэі і гатэліУ заяве партыяў сьцьвярджаецца, што новыя выбары прэзыдэнта пройдуць праз пошту ў інтарэсах бясьпекі палякаў у сувязі з эпідэміяй COVID-19.
Раней Сэнат (верхняя палата парлямэнту Польшчы) адхіліў законапраект PiS, які прапаноўваў галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах выключна праз пошту. Цяпер PiS пры падтрымцы «Паразуменьня» прапануюць папраўкі ў той законапраект.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: прэзыдэнцкія выбары адбудуцца да канца жніўня