Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася

Узровень сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі адзін з самых нізкіх у сьвеце. У той жа час Беларусь апярэджвае большасьць краінаў сьвету доляй мэдыкаў сярод памерлых. Паводле падлікаў Свабоды, кожны дзясяты загінулы ад COVID-19 у Беларусі — мэдык. Гэта ў 15 разоў больш, чым у Італіі, і ў 30 разоў больш, чым у ЗША. Разьбіраемся, як такое магло здарыцца.

У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі мэдыкаў загінула ад каранавірусу. Нягледзячы на рэкамэндацыю Сусьветнай арганізацыі здароўя публікаваць зьвесткі пра інфікаваных мэдработнікаў, Міністэрства аховы здароўя Беларусі штодня падае толькі агульную колькасьць хворых і памерлых. Чыноўнікі ніводнага разу не агучылі колькасьць ахвяраў сярод мэдычнага пэрсаналу ў адказ на пытаньні журналістаў.

У праекце «Сьпіс памяці» Свабода сабрала вядомыя на гэты момант сьмяротныя выпадкі сярод мэдыкаў падчас эпідэміі каранавірусу ў Беларусі. Сярод 14 загінулых чалавек, чые сваякі і калегі пацьвердзілі інфармацыю журналістам, у 11 дактароў, фэльчараў і мэдсясьцёр быў станоўчы тэст на каранавірус.

Мы параўналі долю мэдыкаў сярод усіх памерлых у Беларусі ды іншых краінах.

Беларусь — 10%
Па стане на 6 траўня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляла пра 112 ахвяраў каранавірусу за ўвесь час. Згодна з адкрытымі зьвесткамі ад сваякоў і калег, вядома аб прынамсі 11 сьмяротных выпадках сярод мэдыкаў.

Польшча — 0,4%
На 3 траўня 2020 году ў Польшчы было вядома пра траіх мэдыкаў, якія загінулі. Агулам на той дзень была інфармацыя, што ад каранавірусу загінулі 678 чалавек.

Літва — 0%
У суседняй зь Беларусьсю краіне не было ніводнага выпадку, каб ад каранавірусу памёр мэдычны работнік.

Нямеччына — 0,2%
16 красавіка ў Нямеччыне было 8 выпадкаў сьмерці мэдыкаў. Усяго на той дзень ад COVID-19 памерлі 4120 чалавек.

Вялікая Брытанія — 0,4%
28 красавіка шэраг брытанскіх выданьняў надрукавалі сьпісы мэдыкаў, якія загінулі ад каранавірусу. У гэты час колькасьць ахвяраў вірусу сярод іх дасягнула 100 чалавек. Агулам на той дзень было вядома, што ад каранавірусу памерлі 25 302 чалавекі.

Ізраіль — 0,5%
27 красавіка ў Ізраілі стала вядома пра першага мэдыка, які стаў ахвярай COVID-19. Ёй стала 65-гадовая мэдсястра. Як паведамляе выданьне The Times of Israel, супрацоўнікі некалькіх мэдычных цэнтраў Ізраілю ўшанавалі мэдсястру хвілінай маўчаньня. На той час у Ізраілі былі пацьверджаныя сьмерці 204 чалавек.

Кітай — 0,5%
3 сакавіка, калі ў Кітаі ўжо перастала расьці колькасьць новых выпадкаў COVID-19, было вядома пра 2981 сьмерць ад каранавірусу, сярод іх 13 загінулых мэдыкаў.

ЗША — 0,3%
28 красавіка было вядома пра сьмерць сама меней 170 мэдыкаў, якія загінулі ад каранавірусу — сярод 59 131 ахвяры COVID-19 ва ўсёй краіне.

Італія — 0,6%
29 красавіка ў Італіі зарэгістравалі сьмерці 154 лекараў і мэдсясьцёр. Агулам на той час у краіне было 27 682 сьмяротныя выпадкі сярод інфікаваных каранавірусам.

Як у Беларусі лічаць сьмерці ад каранавірусу

Не ва ўсіх 11 загінулых беларускіх мэдыкаў, якія мелі пацьверджаны каранавірус, прычынай сьмерці быў названы менавіта COVID-19. Часта ёю была запісаная пнэўманія. Аднак Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыла Onliner, што да ахвяраў COVID-19 варта адносіць усіх людзей, якія мелі пацьверджаны COVID-19, нават калі ў іх была дыягнаставаная нейкая хранічная хвароба.

«Сьмерць ад COVID-19 — гэта сьмерць ад спадарожных захворваньняў пры імаверным або пацьверджаным выпадку COVID-19, калі няма іншай відавочнай прычыны, напрыклад траўмы. Пры гэтым паміж захворваньнем COVID-19 і сьмерцю не павінна быць нават самага кароткага пэрыяду акрыяньня ад вірусу.

Калі COVID-19 стаў прычынай спачатку пнэўманіі, а потым і рэсьпіраторнага дыстрэсу, то і пнэўманія, і рэсьпіраторны дыстрэс нароўні з COVID-19 павінны быць адзначаныя як прычыны сьмерці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветная загадка беларускай летальнасьці каранавірусу

Ці ўключылі 11 памерлых мэдыкаў у лік сотні ахвяраў каранавірусу ў Беларусі, нам невядома. Мы паспрабавалі гэта высьветліць і адправілі 5 траўня наступныя пытаньні ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя:

1. Чаму міністэрства не публікуе рэгулярных зьвестак пра колькасьць інфікаваных і памерлых ад каранавірусу мэдыкаў? Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала публікаваць падобныя зьвесткі, бо гэта важныя індыкатары для разуменьня сытуацыі, прыняцьця захадаў у адказ і ўключэньня насельніцтва ў барацьбу з эпідэміяй.

2. Свабодзе вядома пра мінімум 9 мэдыкаў (па стане на 5 траўня 2020 года, калі адпраўляўся запыт — РС), якія памерлі і пры гэтым мелі каранавірус. Выходзіць, што памерлыя мэдыкі складаюць 8% з агульнай колькасьці сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу (107 чалавек на 06.04.2020). Гэта ў 10-20 разоў болей, чым у большасьці краінаў Эўропы (Італія — 0,7%, Польшча — 0,4%, Нямеччына — 0,2%). Чым можна патлумачыць такі высокі ўзровень сьмяротнасьці сярод мэдыкаў у Беларусі?

На момант выхаду публікацыі мы не атрымалі ніякага адказу зь Міністэрства аховы здароўя.

У Ізраілі за ўвесь час памер адзін мэдык. Мясцовы лекар расказвае, у чым посьпех іхнай мэдыцыны

Ці шмат гэта — 11 загінулых ад каранавірусу мэдыкаў для 9-мільённай краіны? У 3-мільённай Літве іх увогуле няма, у 38-мільённай Польшчы — усяго тры сьмерці сярод мэдработнікаў.

У Ізраілі за ўвесь час ад каранавірусу загінула адна мэдсястра. Паколькі насельніцтва ў Ізраілі амаль такое ж, як у Беларусі, а таксама колькасьць хворых на COVID-19 сувымерная, мы папрасілі мясцовага лекара расказаць, як краіна дамаглася такой нізкай сьмяротнасьці сярод мэдыкаў.

Натан Цімкін — спэцыяліст ва ўнутраных хваробах, працуе сямейным лекарам у Ізраілі. Ён ужо расказваў Свабодзе, як там даюць рады пандэміі каранавірусу. Натан лічыць, што ў Ізраілі мэдыкі не паміралі так часта, як у Беларусі, з трох асноўных прычынаў.

Па-першае, 90% амбуляторнай дзейнасьці ў Ізраілі перавялі ў лічбавы рэжым — уся камунікацыя праз тэлефон і мэсэнджары. Фізычна вельмі мала пацыентаў ішлі на прыём. А пацыентаў з прыкметамі вострых рэсьпіраторных захворваньняў папярэдзілі, каб з дому яны наогул не выходзілі. Замест гэтага трэба тэлефанаваць да сямейнага лекара, які і вырашыць, што рабіць.

Па-другое, у шпіталях адмянілі ўсе няэкстраныя працэдуры. Калектывы лекараў, мэдсясьцёр і санітараў падзялілі на пастаянныя зьмены, каб яны ня зьмешваліся. Для падазроных пацыентаў зрабілі асобныя аддзяленьні.

Па-трэцяе, адразу ва ўсе мэдычныя ўстановы з пачаткам эпідэміі завезьлі сродкі індывідуальнай бясьпекі. Для паліклінік і шпіталяў яны адрозьніваюцца. Толькі ў першы тыдзень былі праблемы з пальчаткамі. Потым за кошт дзяржавы ўсіх лекараў забясьпечвалі маскамі, рэсьпіратарамі і пальчаткамі. У лекараў таксама ёсьць плястыкавыя шчыткі.

Супрацоўнікі Chevra Kadisha у Тэль-Авіве рыхтуюцца да пахаваньня людзей, што памерлі ад каранавірусу

«Нейкі зь пералічаных пунктаў у Беларусі не выконваўся», — так абгрунтоўвае высокую сьмяротнасьць сярод мэдыкаў Натан Цімкін.

Беларусь: «Сродкі аховы — гэта вашы праблемы: шыйце маскі, рабіце што хочаце»

У шматлікіх інтэрвію Свабодзе беларускія мэдыкі неаднаразова падкрэсьлівалі, што ў паліклініках і шпіталях бракуе сродкаў абароны. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заяўляюць, што мэдыкі забясьпечаныя ўсім неабходным. Вось некалькі фактаў, якія даказваюць адваротнае.

Баранавічы. Мэдсястра Натальля Каролік з паліклінікі № 3 падзялілася са Свабодай, што ўсе сродкі засьцярогі ў паліклініцы мэдыкі набываюць за свае грошы. У адміністрацыі ёй сказалі, што адсутнасьць масак — гэта праблемы мэдыкаў.

«Вельмі актыўнай была яго намесьніца, якая сказала, што сродкі аховы — гэта „вашы праблемы“: шыйце маскі, рабіце што хочаце».

Віцебск. У канцы сакавіка і пачатку красавіка некалькі шпіталяў Віцебску перавялі пад прыём людзей з пнэўманіяй. Аднак мэдыкаў не забясьпечылі дастатковай колькасьцю масак, расказвала Свабодзе рэаніматоляг зь Віцебску.

«Нашаму рэанімацыйнаму аддзяленьню выдалі на пачатку эпідэміі 500 масак і сказалі: мы вам больш не дамо. А ў нас дактароў 20 чалавек, а мэдсясьцёр у тры разы больш. Нам кажуць: калі вам не хапае вашых масак, шыйце сабе ватна-марлевыя павязкі і будзьце шчасьлівыя. На нас усім пляваць», — расказала лекарка ў інтэрвію.

Ліда. Фэльчар хуткай дапамогі сказаў, што ў Лідзе адпраўлялі мэдыкаў на выклік да чалавека з падазрэньнем на COVID-19. Але без спэцыяльных касьцюмаў, толькі ў масках і пальчатках.

«Было вядома, што начальніца званіла і папярэджвала, каб езьдзілі на такія выклікі толькі ў масках, без касьцюмаў. Яна тлумачыла, што так трэба, каб не ствараць панікі ў насельніцтва», — сказаў Свабодзе Павал Палейчык.

Менск. Лекарка Дар’я Чэхава сказала, што і ў Менску бракавала сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Асабліва на пачатку эпідэміі.

«Быў момант пераходны, калі пачалі зьяўляцца пацыенты з каранавірусам, але яшчэ ніхто ня быў да гэтага гатовы, у нас не было сродкаў засьцярогі, — расказвала Дар’я ў інтэрвію Свабодзе. — [Цяпер] таксама пачалі зьяўляцца праблемы, таму хто дзе дастаў — гэта таксама пэўныя затраты».

У доказ таго, што мэдыкі па ўсёй краіне не забясьпечаныя сродкамі індывідуальнай засьцярогі — кампаніі збору грошай для шпіталяў і паліклінік. Дзясяткі мэдычных установаў пакідаюць заяўкі на маскі, плястыкавыя шчыткі, рэсьпіратары, антысэптыкі. Толькі кампанія «ByCovid19 — дапамога лекарам у Беларусі» сабрала некалькі сотняў тысяч даляраў і набылі на гэтыя грошы патрэбныя для лекараў маскі, рэсьпіратары і абсталяваньне. UNICEF цяпер зьбірае 1,5 мільёна даляраў, каб дапамагчы беларускім лякарням.

Беларуская статыстычная анамалія

Тое, што мэдыкі складаюць дзясятую долю ўсіх, хто памёр у Беларусі ад каранавірусу, можа тлумачыцца яшчэ і асаблівасьцю статыстыкі Міністэрства аховы здароўя. Аналітык Свабоды Юры Дракахруст зьвяртаў увагу на гэтую анамалію. Зь яго дасьледаваньня вынікае, што Беларусь трапіла ў лік нешматлікіх краінаў сьвету, дзе за апошні месяц узровень летальнасьці зьменшыўся, а не павялічыўся.

«Такое дзіва мае месца наагул у нямногіх краінах, — піша Юры Дракахруст. — Гаворка ідзе нават пра сусьветную анамалію, ня кажучы ўжо — пра эўрапейскую».

У любым выпадку, лічыць аналітык, перад намі ўнікальная для сьвету зьява. Прычыны гэтай унікальнасьці могуць быць як у надзвычай добрай сыстэме аховы здароўя і палітыцы барацьбы з пандэміяй, так і ў хітрай сыстэме падліку памерлых ад пандэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ