COVID-19 выявілі ў двух зьняволеных у беларускіх папраўчых установах, расказаў 5 траўня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Па словах міністра, адзін з хворых ужо паправіўся, пра гэта стала вядома сёньня, 5 траўня. Стан другога хворага невядомы.
Як адзначыў Караеў, хворыя адбываюць пакараньне ва ўстанове адкрытага тыпу. Гэта значыць, яны мелі магчымасьці выходзіць на працу за межы папраўчай установы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эпідэмія каранавірусу можа ператварыць месцы пазбаўленьня волі ў брацкія магілы», — заява АГППа словах міністра ўнутраных спраў, у ведамстве «ня сталі чакаць пагаршэньня сытуацыі», а зрабілі неабходныя захады самастойна.
«На самой справе ў папраўчых установах знаходзіцца вялікая колькасьць людзей у цесных умовах, — расказаў Караеў. — Асабліва ва ўстановах закрытага тыпу. Іх ізаляцыя і непранікненьне да іх вірусу стала найпершым нашым галаўным болем. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адразу, не чакаючы ніякіх распараджэньняў, прыняў усе меры».
Як сказаў міністар, у папраўчых установах Беларусі часова спынілі спатканьні асуджаных з роднымі. Пры гэтым прапушчаныя спатканьні можна будзе правесьці пасьля паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі. У якасьці кампэнсацыі асуджаным дазваляюць часьцей размаўляць з роднымі праз тэлефон.
«Там, дзе ёсьць магчымасьць, адміністрацыя ўстановаў арганізавала відэазванкі з роднымі, каб яны сябе не адчувалі пакінутымі, не заставаліся без увагі, — дадаў міністар. — Гэта нават было больш трэба родным асуджаных, яны дзякавалі адміністрацыі папраўчых установаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Караеў: На каранавірус захварэлі каля 500 міліцыянтаўАкрамя гэтага, па словах міністра Караева, асуджаным дазволілі перадаваць больш прадуктовых перадач з садавіной, гароднінай і вітамінамі.
«Цыбуля, часнык, гэта неабмежавана ўсё, — сказаў Караеў. — Арганізавана правядзеньне дэзынфэкцыі памяшканьняў, праветрываньні. Допуск на тэрыторыю папраўчых установаў дапускаецца з прымяненьнем тэрмамэтрыі. Упраўленьне ўласнай бясьпекі кантралюе, каб гэта было абавязкова».
Акрамя гэтага Юры Караеў расказаў, што на мінулым тыдні сам удзельнічаў у працы міліцэйскага нараду, які правяраў, ці выконваюць самаізаляцыю тыя асобы, якім пастанавілі гэта рабіць мэдыкі. Па словах міністра, ён застаўся задаволены пабачаным, парушэньняў выяўлена не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія турмы закрылі на карантынБеларускія калёніі закрылі на карантын яшчэ ў сакавіку: спатканьні забаранілі, але дазволілі дадатковыя 10-кіляграмовыя перадачы з садавіной, гароднінай і вітамінамі. На пэтыцыю за спрошчанае забесьпячэньне вязьняў лекамі МУС адказала адмовай: сьцьвярджаюць, запасаў лекаў дастаткова.
22 красавіка ў МУС казалі, што і ў іншых папраўчых установах, у тым ліку ў лячэбна-працоўных прафілякторыях», калёніях і сьледчых ізалятарах «няма захварэлага спэцкантынгенту».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.