У прэзыдэнцкую адміністрацыю накіравалі пэтыцыю з патрабаваньнем адстаўкі міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Пра гэта Свабодзе паведаміў ініцыятар кампаніі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Палітык нагадаў, што збор подпісаў на плятформе Petitions.by пачаўся 26 красавіка. За гэты час пад тэкстам падпісаліся 5 058 чалавек.
«Лічым, што міністар адукацыі Ігар Карпенка ня справіўся з выклікамі, якія ўзьніклі праз пандэмію каранавірусу, — гаворыцца ў пэтыцыі. — І гэта падстава, каб адправіць чыноўніка ў адстаўку і арганізаваць у краіне дыстанцыйнае навучаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі паабяцаў «атэставаць усіх школьнікаў»Гэта ўжо ня першая спроба выправіць Карпенку ў адстаўку, але самая масавая ў сваёй салідарнасьці.
Прэтэнзіі да міністра адукацыі, агучаныя ў пэтыцыі:
• ня здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне;
• не гарантаваў бясьпеку навучэнцаў адменай ці пераносам заняткаў;
• не акрэсьліў пазыцыю ведамства наконт адукацыйнага працэсу;
• удвая павялічыў нагрузку настаўнікаў падзелам школьнікаў;
• даў інструкцыю, каб вучняў атэставалі за тры чвэрці замест чатырох;
• не праверыў тэхнічных магчымасьцяў для дыстанцыйнай адукацыі;
• не падтрымаў бясплатнага доступу ў інтэрнэт для навучэнцаў і настаўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гарадах менш, у сельскай мясцовасьці — больш за палову. Колькі дзяцей прыйшлі ў школу пасьля вакацый?У сувязі з пандэміяй каранавірусу вясновыя вакацыі для школьнікаў двойчы працягваліся на тыдзень (да 11 і 18 красавіка). Аднак 20 красавіка на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі пачаўся навучальны працэс.
Значная частка дзяцей заняткаў не наведвае, ад чаго ўзьніклі пытаньні атэстацыі па выніках апошняй чвэрці.