На Магілёўшчыне ўспышка каранавірусу ў Чэрыкаўскім раёне. Жыхароў заклікаюць не выходзіць на вуліцу, закрылі школы

Чэрыкаўскі райвыканкам, архіўнае фота

У райцэнтры Чэрыкаве на карантын зачынілі ўсе школы. COVID-19 выявілі ў пэдагогаў, мясцовыя ўлады кажуць пра «сур’ёзную сытуацыю», але не называюць лічбаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У аддзеле адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкаму кажуць пра тры закрытыя школы. Сытуацыю ацэньваюць як сур’ёзную. Высьветліць колькасьць настаўнікаў, у якіх выявілі каранавірусную інфэкцыю, не ўдалося.

У прыватнай гутарцы адзін з пэдагогаў, які папрасіў захаваць ананімнасьць, паведаміў пра шпіталізацыю прынамсі трох настаўнікаў школы № 2 з COVID-19. Паводле яго, цяпер рыхтуюцца пакоі для ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню.

«Абстаноўка ў нас дужа неспакойная, — кажа адзін з жыхароў райцэнтру. — Чутак шмат. Разабрацца, дзе што праўдзівае, а што выдуманае, складана. Афіцыйных паведамленьняў пра сытуацыю ў раёне няма...»

1 траўня раённая газэта «Веснік Чэрыкаўшчыны» зьвярнулася да жыхароў раёну, каб тыя «бязь пільнай неабходнасьці не пакідалі свае дамы».

«Пераканаўча просім бацькоў, чые дзеці сталі кантактамі 1-га ўзроўню, забясьпечыць самаізаляцыю дзіцяці і заставацца зь ім дома, сышоўшы ў сацыяльны ці працоўны водпуск», — гаворыцца ў звароце.

Свабодзе таксама стала вядома, што, акрамя настаўнікаў, COVID-19 выявілі ў 5 чэрыкаўскіх работнікаў аб’яднаньня «Магілёўэнэрга». Іхныя кантакты першага ўзроўню ізаляваныя.

Чэрыкаўскі раён — адзін з самых пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 25 вёсак былі адселеныя, а сядзібы закапаныя. З раёну зьехала 40 працэнтаў насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У радзільні Лукашэнкі непадалёк ад яго рэзыдэнцыі выявілі каранавірус?

«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба»

Намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму Ларыса Асмалоўская не назвала карэспандэнту Свабоды лічбы хворых на каранавірус у горадзе і раёне, але запэўніла, што «дзясяткаў няма».

«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба. Таму мы адпрацоўваем усе кантакты 1-га і 2-га ўзроўню. У школах мы пайшлі на індывідуальнае навучаньне. Калі настаўнік захварэў, то ў яго будуць кантакты, таму ў гэтай сытуацыі лепш засьцерагчыся. У сваіх інтэрнэт-СМІ мы адкрыта інфармуем, просім бацькоў, калі іх дзеці былі кантактамі 1-га ўзроўню, то забясьпечыць самаізаляцыю. Было прынята рашэньне каардынацыйнага штабу абмежаваць кантакты — і бацькі да гэтага паставіліся спакойна. Ва ўсіх дзяцей створаны чаты па клясах», — сказала чыноўніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр 36-гадовы супрацоўнік шпіталя ў Буда-Кашалёве — пнэўманія і каранавірус

Паводле Асмалоўскай, ніводзін чалавек у раёне не ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

«Тых, хто захварэў на пнэўманію, забралі ў Магілёў у тубдыспансэр, гэта больш надзейна. Хворых з пнэўманіяй без COVID-19 у Чэрыкаве ў лякарні ляжыць чатыры чалавекі. Магчыма, нехта ўжо выпісаўся. А тых, у каго станоўчы аналіз па каранавірусе — гэта два чалавекі, мы накіравалі ў Магілёў. Усюды сёлета ўспышка пнэўманій. Усім, хто трапляе да нас з пнэўманіяй, мы робім тэст на COVID-19», — сказала намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму.

Чэрыкаў

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла манахіня Сьвята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каранавірус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19 у беларускім войску: адзін афіцэр на ШВЛ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня толькі невуцтва, але і злачынства». Шушкевіч, Грыб і Чыгір выступілі супраць параду на 9 траўня