У Расеі вывесілі плякат да 9 траўня зь фінскім салдатам і аленем

У горадзе Ўсінску, што ў расейскай Рэспубліцы Комі, мясцовая адміністрацыя вывесіла на сьцяне аднаго з дамоў плякат да 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На ім фінскі салдат з аўтаматам і аленем.

Выкарыстаны для пляката здымак быў зроблены ў Ляпляндыі ў траўні 1944 году, калі Фінляндыя ваявала на баку нацысцкай Нямеччыны. На плякаце пад фатаграфіяй фінскага салдата быў урывак зь верша «Рагатыя батальёны»:

За кругом полярным в Великой войне

Сражались олени и люди.

Поклонимся им, постоим в тишине,

Пусть вечная слава им будет!

«Гэты абуральны выпадак адбыўся празь недагляд супрацоўнікаў адміністрацыі. Хацелі паказаць аленевы батальён, які і ў нас тут фармаваўся, а атрымалася вось так, — прызнаў памылку мэр Усінску Мікалай Такаеў. — Плякат сёньня ноччу зьнялі, замовілі новы. Дзякуй неабыякавым усінцам, якія заўважылі і адрэагавалі. Цяпер выклікаў юрыстаў адміністрацыі, будзем вырашаць, якое пакараньне панясуць вінаватыя супрацоўнікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і парад: вобраз супэргероя для падручніка гісторыі

У адміністрацыі гораду заявілі, што памылку дапусьцілі ўва ўпраўленьні культуры.

«Датычныя будуць строга пакараныя. Разумеем, што па кожнай гістарычнай фатаграфіі, перш чым яе выкарыстоўваць, неабходна заключэньне прафэсійнага гісторыка. Ва ўпраўленьні культуры такіх няма», — сказалі ў адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка-мэм, САЗ як «Ойча наш» і адменены парад. Як змагаюцца з каранавірусам у Прыднястроўі

Гэта ня першы ў Расеі кур’ёзны выпадак з выкарыстаньнем архіўных выяваў для плякатаў да 9 траўня. У канцы красавіка ў Таганрогу на сьцяне сацыяльна-культурнага цэнтру «Прыморскі» вывесілі банэр, у які ўвайшла фатаграфія зь нямецкімі салдатамі і танкам Т-4. Таксама на плякаце быў малюнак зь нямецкімі музыкамі.

У Ніжнім Ноўгарадзе таксама памыліліся з малюнкам для банэра да 9 траўня: на вуліцах вывесілі віншавальныя плякаты з удзельнікамі вайны, але не Вялікай Айчыннай, а грамадзянскай.