Аляксей Церахаў здымаў кліпы «Ляпіса Трубяцкога», а цяпер займаецца дакумэнтальным кіно. У размове са Свабодай ён расказвае, як чарнобыльская катастрофа пераклікаецца з каранавірусным крызісам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Я бачу прамую сувязь з падзеямі падчас Чарнобылю і тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі»
На адным з кадраў у кліпе расейскага сьпевака Noize MC «26.04» дзіця праходзіць каля паркавай агароджы. На шыльдзе добра відаць надпіс, што тэрыторыя закрытая ў сувязі з каранавірусам.
«Ідэя была такая: мы бяром рэальны каранавірусны сьвет і робім гульню паміж рэальнымі аб’ектамі і сучаснымі падзеямі на падзеі Чарнобылю.
Я бачу прамую сувязь з падзеямі падчас Чарнобылю і тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Я бачу, што Беларусь ня вучыцца на памылках. Я б хацеў укласьці гэта ў сэнс сваёй працы, але гэта пакуль не чытаецца ў кліпе. Быў момант з дэманстрацыяй на 1 траўня. Насамрэч гэта не гістарычны фатаздымак, але па сюжэце гэта дэманстрацыя ў Менску. Момант апавядае, што хлусьня была, і яна працягваецца ў нейкай форме цяпер».
Аляксей Церахаў жыве ў прыгарадзе Таронта і займаецца дакумэнтальным кіно. Упершыню ён супрацоўнічаў з Нойзам над кліпам да песьні «Болт» — сумеснага трэка расейца і гурту «Ляпіс Трубяцкі». У «Ляпісаў» Аляксей Церахаў быў пастаянным рэжысэрам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнобыль і COVID-19: у чым розьніца і ў чым падабенства«Потым мы рабілі кліп, які так і ня выйшаў, бо былі непаразуменьні», — узгадвае Церахаў у размове са Свабодай.
Апошнія пяць гадоў, кажа ён, кліпамі прафэсійна не займаўся, толькі дапамагаў у гэтым сыну, але зьняў відэа да аднаго з трэкаў беларускага рэпэра пад мянушкай СіРОП.
Сам Аляксей заглыбіўся ў дакумэнтальнае кіно. Апошняя зь ягоных прац — графіка да фільму пра папу Рымскага, які здымаў Яўген Афінееўскі — намінант на прэмію «Оскар» за фільм пра падзеі ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці.
«І калі зьявіўся запыт на гэты кліп Noize MC, я нават зьдзівіўся, наколькі гэта блізка да таго, чым я займаюся цяпер. Фактычна я зрабіў кароткі дакумэнтальны фільм».
Кліп, як і песьню, стваралі ў сьціслыя тэрміны. Іван Аляксееў, ён жа Noize MC, пазваніў Церахаву з прапановай зьняць кліп 31 сакавіка. Але гатовы быў толькі тэкст, музыка даслаў яго рэжысэру — так пачалася праца.
«Песьня пісалася паралельна са стварэньнем кліпа. Трэк зьявіўся дзесьці 18 красавіка. Нават гукавыя эфэкты накладаліся, зыходзячы з патрэб кліпа. То бок, напрыклад, я казаў: „Давай верталёт?“ — „Давай!“. За гэты час трэба было прыдумаць ідэю і хутка яе рэалізаваць. Я люблю складаныя тэхнічныя кліпы — ня проста зьняў і нарэзаў. Здымкі працягваліся ўвесь час. Апошнія здымкі былі за 24 гадзіны да рэлізу. Я вельмі рады гэтай працы, таму што яна была зробленая рэзка і адразу ў кропку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З каранавірусам мы бачым тое самае». Праз 5 дзён пасьля аварыі на ЧАЭС беларусы выйшлі на парад 1 траўня
«Самая галоўная праблема чарнобыльскай аварыі — гэта хлусьня»
Тэма чарнобыльскай катастрофы блізкая Церахаву ня толькі праз працу з дакумэнтальным кіно. У 1986 годзе ён вучыўся ў школе.
«Я вельмі добра памятаю, як сядзеў у школьнай клясе, урокі ўжо скончыліся, і мы павінны былі сыходзіць. Наперадзе былі ці то выходныя, ці то вакацыі. І настаўніца сказала: „Слухайце, дзеці, тут выбухнула атамная станцыя. Вы на вуліцу не хадзіце гуляць“. Гэта было сарафаннае радыё, яшчэ нічога не абвяшчалі».
Потым, пасталеўшы, бываў у чарнобыльскай зоне, бачыў Прыпяць. «Усю гэтую чарнобыльскую „прыгажосьць“ я памятаю ў рэальнасьці», — кажа Аляксей.
Ён узгадвае міні-сэрыял «Чарнобыль» ад HBO і кажа, што ў яго была «простая канцэпцыя — паказаць цану хлусьні». Сам рэжысэр цалкам згодны з такім пасылам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлусілі ў 1986-ым і як хлусяць у 2020-ым? Глядзім навіны. ВІДЭА«Самая галоўная праблема чарнобыльскай аварыі, праблема Беларусі, Расеі, Украіны, — гэта хлусьня», — упэўнены ён.
Сучасную Расею Церахаў параўноўвае з творам Джорджа Оруэла «1984», а Беларусь — зь іншай кнігай таго ж аўтара «Фэрма».
«Можна браць герояў і вешаць рэальныя прозьвішчы, і яны будуць супадаць», — кажа Аляксей.
Мастак мяркуе, што ў Беларусі сытуацыю з пандэміяй каранавірусу яшчэ не ўспрымаюць сур’ёзна.
«На Захадзе ўсе цудоўна разумеюць, што сьвет цяпер стаіць на мяжы сур’ёзнай эканамічнай катастрофы. У беларусаў няма кантрасту, яны не разумеюць, што такое „добра“ і што такое „дрэнна“. У Беларусі, і ўвогуле ў тым рэгіёне, такое паняцьце, як, прабачце „дупа“, пэрманэнтнае. Крыху лепш, крыху горш, але ў цэлым — „дупа“. Таму людзі, знаходзячыся ў ёй, думаюць: „Ну, вось чарговыя праблемы. Каранавірус? Ну, пройдзе каранавірус“. У беларускім сьвеце нічога не зьмяняецца. Галоўны каранавірус у Беларусі ўжо 26 гадоў», — мяркуе Аляксей Церахаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ