Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У двух мэдыкаў, якія загінулі ў Докшыцах і Менску, пацьвердзілі каранавірус


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабодзе стала вядома, што дзьве мэдсястры, памерлыя 20 і 21 красавіка, мелі каранавірус. Першапачаткова, калі зьявілася інфармацыя пра іхную сьмерць, не было вядома, ці мелі яны пацьверджаны COVID-19.

20 красавіка ў Менску памерла 56-гадовая мэдсястра шпіталя хуткай дапамогі Натальля Шматко. Прычынай яе сьмерці афіцыйна назвалі сардэчную хваробу — атэрасклератычны кардыясклероз. Пры гэтым яна мела станоўчы тэст на каранавірус, расказалі Свабодзе сваякі.

45-гадовая мэдсястра з Докшыц Аксана Радкевіч паступіла ў рэанімацыю з пнэўманіяй, яе падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Жанчына памерла 21 красавіка. Па словах яе сястры, прычынай сьмерці прызналі COVID-19. Так напісана ў пасьведчаньні аб сьмерці.

У праекце «Сьпіс памяці» Свабода зьбірае зьвесткі пра мэдыкаў, што загінулі сёлета падчас эпідэміі каранавірусу. Цяпер нам вядома пра 12 чалавек. У 10 зь іх быў дыягнаставаны COVID-19. Аднак некаторым мэдыкам прычынай сьмерці паставілі іншыя хваробы.


Згодна з афіцыйнай статыстыкай у Беларусі адзін з самых нізкіх у сьвеце ўзроўняў сьмяротнасьці ад каранавірусу — 0,59% ад усіх выяўленых выпадкаў. Гэта ў 5-20 разоў меней, чым у большасьці эўрапейскіх краінаў. Для параўнаньня, у Літве ўзровень сьмяротнасьці складае 3,26%, у Польшчы — 4,95%, у Нямеччыне — 4,21%, у Гішпаніі — 10,22%, у Італіі — 13,71%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG