Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала аналітычны даклад «Мэдыя ў Беларусі-2020. Рынак, законы і інфармацыйная бясьпека».
Аўтары дасьледаваньня — мэдыяэкспэрт Андрэй Аляксандраў і юрыст, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Чвэрць стагодзьдзя дзяржава абмяжоўвае свабоду СМІ
Дакумэнт абапіраецца на аналягічны даклад 2014 году «За рэформы мэдыя ў Беларусі», які стаў вынікам супрацы арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship, Вялікая Брытанія) і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі дзяржаўных СМІ скрытыкавалі незалежныя мэдыя за асьвятленьне пандэміі каранавірусуУ новай працы аўтары аналізуюць сучасны стан мэдыяляндшафту Беларусі, ацэньваюць зьмены ў заканадаўстве, якое ўплывае на мэдыя, і практыках яго прымяненьня. Таксама разглядаюцца пытаньні інфармацыйнай бясьпекі Беларусі і ўплыву расейскай прапаганды.
«У Канстытуцыі Беларусі замацаваныя гарантыі свабоды выказваньня думак і атрыманьня, захоўваньня і распаўсюду інфармацыі, забароненая цэнзура, — адзначыў падчас прэзэнтацыі Андрэй Аляксандраў. — Нягледзячы на гэта, прынятыя заканадаўчыя акты, а таксама практыка іх прымяненьня, якія абмяжоўваюць свабоду СМІ. Дзяржава, устанавіўшы кантроль над традыцыйнымі мэдыя, паступова распаўсюджвае яго на інтэрнэт і кнігавыданьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў»: Каранавірусны крызіс пагоршыў сытуацыю са свабодай словаБеларусь застаецца «несвабоднай» краінай у рэйтынгу «Свабода ў сьвеце» арганізацыі Freedom House. Ніводныя выбары ці нацыянальныя рэферэндумы, праведзеныя ў краіне пасьля 1994 году, не былі прызнаныя назіральнікамі БДІПЧ АБСЭ сумленнымі і свабоднымі.
Арганізацыя «Рэпартэры без межаў» па выніках 2019 году зьмясціла Беларусь на 153-е месца са 180 краін ва ўзроўні свабоды прэсы. На праблемы ў галіне свабоды выказваньня думак рэгулярна зьвяртаюць увагу спэцдакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі, прадстаўнік АБСЭ у свабодзе мэдыя, міжнародныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.
Адпрацаваны мэханізм тэлевізыйнага замбаваньня
Як адзначаюць аўтары дакладу, галоўнай крыніцай інфармацыі для жыхароў Беларусі па-ранейшаму застаецца тэлевізія. Тычыцца гэта найперш старэйшага пакаленьня беларусаў. Пры гэтым у краіне няма ніводнага грамадзкага тэлерадыёвяшчальніка. Дзяржава кантралюе найбуйнейшыя электронныя мэдыя, якія атрымліваюць значныя датацыі зь бюджэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка не гатовы дапусьціць перамены нідзе, нават у інфармацыйнай сфэры»Пры гэтым доля тэлевізіі ў структуры мэдыяспажываньня зьніжаецца — як і падаюць наклады друкаваных выданьняў. Усё большы ўплыў заваёўвае інтэрнэт, пашыраецца выкарыстаньне мабільных плятформаў і мэсэнджараў. Высокую папулярнасьць маюць сацыяльныя сеткі.
Гэтыя фактары спрыяюць разьвіцьцю новых мэдыя, фармаваньню новых супольнасьцяў вакол блогераў, актывістаў, не зьвязаных з традыцыйнымі СМІ, а таксама дывэрсіфікацыі каналаў дыстрыбуцыі журналісцкага і іншага кантэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наведваньні вырасьлі, рэклямы менш ня стала». Як «справа БелТА» паўплывала на незалежныя СМІАднак, як вынікае з дасьледаваньня БАЖ, большасьць зьменаў у заканадаўства ў сфэры свабоды выказваньня думак за апошнія гады накіраваныя на абмежаваньне гэтай свабоды і ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны.
Першы нарматыўны акт, прысьвечаны прававому рэгуляваньню адносінаў у інтэрнэце, быў прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе. Гэта ўказ прэзыдэнта № 60 «Аб мерах на ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт».
Сваю ролю ва ўзмацненьні жорсткасьці дзяржаўнага кантролю над інтэрнэт-сфэрай таксама мелі зьмены ў закон аб СМІ у 2014 і 2018 гадах. У прыватнасьці, новыя нормы ўзаконілі магчымасьць «абмежаваньня доступу да прадукцыі СМІ, якая распаўсюджваецца з дапамогай інфармацыйнага рэсурсу ў глябальнай кампутарнай сетцы», вызначалі адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюд «забароненай» інфармацыі і г.д.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Зісер расказаў, як улады ціснуць на Tut.byГучныя гісторыі мінулых гадоў — крымінальныя справы блогераў Сяргея Пятрухіна і Андрэя Павука, «справа БелТА» ды іншыя — сьведчаць, што дзяржава не зьбіраецца аслабляць путы, кантроль незалежных журналістаў, робяць выснову аўтары дакладу.
Багацьце выбару пацярпець за абразу прадстаўніка ўлады
Акрамя таго яны зьвяртаюць увагу, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць шэсьць артыкулаў, паводле якіх можна трапіць за краты, калі крытыкуеш прадстаўнікоў улады:
• «Паклёп» (188)
• «Абраза» (189)
• «Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (367)
• «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (368)
• «Абраза прадстаўніка ўлады» (369)
• «Абраза судзьдзі або засядальніка» (391)
Да таго ж артыкул 369-1 прадугледжвае адказнасьць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Пятрухіна правярае міліцыя — за «паклёп»Апошнім часам павялічылася колькасьць выпадкаў прыцягненьня журналістаў і актывістаў да адміністрацыйнай адказнасьці за публікацыі ў сацыяльных сетках. Артыкул 17.11. Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях вызначае адказнасьць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць.
Як адзначаюць аўтары, большасьць рэкамэндацый, прапанаваных у аналітычным дакладзе «За рэформы мэдыя ў Беларусі» за 2014 год, так і не былі выкананыя. Таму прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі і на сёньня застаецца адной з галоўных задач і дзяржавы, і грамадзянскай супольнасьці, мяркуюць аўтары дакладу.