Беларусь і Польшча пачынаюць супрацу ў сфэры энэргетыкі, ёсьць дамоўленасьці аб пастаўках у Беларусь нафты, паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі 3 траўня ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» з нагоды гадавіны прыняцьця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай (3 траўня 1791 году).
«У гэтым вельмі дапамагае актыўны палітычны дыялёг паміж нашымі дзяржавамі, — дадаў дыплямат. — Мы разумеем патрэбу Беларусі ў дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі, мы даўно гэта зрабілі. Мы ведаем, што Беларусь размаўляе з многімі краінамі, балтыйскімі і Польшчай, наконт магчымых транзытных шляхоў.
У палітычным пляне ў Польшчы ёсьць вельмі добразычлівыя адносіны да гэтага пытаньня, і Польшча хацела б быць часткай гэтага жаданьня Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы энэргіі»,— цытуе амбасадара Польшчы БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інтэрфакс»: Беларусь дамовілася з Польшчай аб рэвэрсных пастаўках нафты, рыхтуюцца кантрактыПа словах Міхальскага, цікавасьць дзелавых колаў Польшчы да Беларусі расьце — за апошні год у Беларусь прыехалі шмат польскіх бізнэсоўцаў.
«Мы зьвязаны каранямі ў розных галінах і розных вымярэньнях. Мы шмат робім, што спрыяе народнай дыпляматыі. Мы ўсьведамляем, што наша суседзтва важнае, гэта не пагроза, а шанец», — падкрэсьліў пасол.
Польскіх інвэстараў, паводле яго, прывабліваюць розныя галіны беларускай эканомікі — мэблевая індустрыя, аграрная сфэра, IT-сэктар.
Міхальскі адзначыў станоўчую дынаміку ў эканамічным супрацоўніцтве дзьвюх краін.
«У нас больш за тры мільярды долараў таваразвароту кожны год. Мы ў добрым становішчы, паколькі польскія інвэстары шукаюць рынкі. Суседні рынак — гэта, па-першае, вельмі зручна, людзі вельмі добра разумеюць адзін аднаго, паколькі нашы мовы — беларуская і польская — падобныя адна на адну», — сказаў пасол Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусі пабудуюць нафтаправод Гомель — ГоркіРасея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі