Дзяржаўныя сродкі інфармацыі Паўночнай Карэі паведамілі пра першае зьяўленьне лідэра краіны Кім Чэн Ына за апошнія 20 дзён.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
1 траўня Кім Чэн Ын адкрыў завод фосфарных угнаеньняў, паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.
На цырымоніі Кім урачыста перарэзаў стужку, і «бурліва залуналі воклічы ўсіх удзельнікаў „Ура!“ на знак пашаны да шаноўнага вышэйшага кіраўніка, які ў авангардзе кіруе ўсенароднай генэральнай барацьбой за ўсебаковае ажыцьцяўленьне вялікай справы будаўніцтва магутнай дзяржавы і войска на падставе ўласных сілаў і праслаўляе на найвышэйшым узроўні дзяржаўную моц і годнасьць сацыялістычнай Карэі», а «шаноўны вышэйшы кіраўнік цёпла махаў рукой поўным бязьмежнай радасьці будаўнікам і масам».
Апошні раз Кім Чэн Ына бачылі 11 красавіка. А 15 красавіка яго не было на галоўным сьвяце краіны, Дні сонца, які сьвяткуецца ў дзень нараджэньня ягонага дзеда Кім Ір Сэна. Гэта выклікала мноства чутак пра ягонае здароўе — аж да сьмерці ад апэрацыі на сэрцы (бо ў хірурга, нібыта, трэсьліся рукі).
28 красавіка міністар па справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль патлумачыў, што Кім Чэн Ын не зьяўляецца на публіцы праз строгія меры, прынятыя для таго, каб не дапусьціць успышкі каранавірусу.
Паўночная Карэя сьцьвярджае, што ў краіне няма пацьверджаных выпадкаў COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ