З сайту стаўпецкай раённай газэты «Прамень» зьнік артыкул галоўнай рэдактаркі «Што насамрэч адбываецца ў Стоўпцах». У ім Нэлі Астрэйка тлумачыла сытуацыю з COVID-19 у раёне.
Артыкул зьявіўся на сайце www.pramen-news.by 27 красавіка пасьля шэрагу публікацыяў у незалежных СМІ, у тым ліку і на Свабодзе, пра выбух пнэўманіяў у Стоўпцах і сытуацыю ў мясцовым шпіталі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу.
Яшчэ ўчора артыкул адкрываўся без праблем. Сёньня пад тым жа адрасам зьяўляецца паведамленьне аб памылцы. Не дае плёну і пошук артыкула ў сеціве паводле ключавых словаў і цытатаў. Аднак публікацыю можна хутка знайсьці на кэшаваным сайце газэты ў Google.
Неўзабаве пасьля публікацыі Свабоды сайт стаўпецкай раёнкі перастаў працаваць. Праз гадзіну там зьявілася інфармацыя, што старонка не працавала па тэхнічных прычынах. Артыкул галоўнай рэдактаркі вярнулі на сайт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За ноч памерлі 5 чалавек». Што адбываецца ў Стоўпцах, дзе ў шпіталі звыш ста хворых на пнэўманіюПра што пісала раёнка
«Загалоўкі некаторых інтэрнэт-рэсурсаў нагадваюць зводкі з палёў Вялікай Айчыннай вайны. На якой канапе яны нараджаюцца і якіх сэрыялаў нагледзеліся іх аўтары, застаецца толькі здагадвацца, — напісала Нэлі Астрэйка. — ...Але ж для таго, каб не панікаваць, трэба шмат вучыцца, а каб ня сеяць чутак — аналізаваць, а гэта цяжка...»
Разам з тым рэдактарка «Праменя» не прывяла ніводнай канкрэтнай публікацыі, зь якою яна завочна дыскутавала.
У сваім артыкуле яна пераконвала, што ў мясцовым шпіталі няма сталоўкі, якую б можна было абсталяваць пад палату і разьмясьціць там хворых, пра што, паводле яе, пісалі ў інтэрнэце.
«Сёньня памяшканьне для прыманьня ежы ў стаўпецкіх аддзяленьнях лякарні — гэта невялікія пакоі, у якія (магчыма) і ўлезе тры ложкі. Але вось пытаньне — навошта? Кожны дарослы, навучаны гадамі і досьведам чалавек выдатна разумее, што ў Беларусі няма такога перанасяленьня, як, напрыклад, у Кітаі», — напісала рэдактарка.
Тым ня менш далей у артыкуле яна ж кажа, што калі пачалі актыўна паступаць хворыя зь цяжкімі пнэўманіямі, то пацыентаў пачалі пераводзіць у іншыя раёны — у Капыль, Валожын, Мар’іну Горку, Салігорск, а таксама ў Менск. Аднак, паводле Астрэйкі, у стаўпецкай лякарні ніхто не памёр ад пнэўманіі, а агульная сьмяротнасьць у раёне за студзень-сакавік сёлета нават меншая, чым летась.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Старыя людзі вераць БТ, што ўсё спакойна», — дачка памерлай з COVID-19 у СтоўпцахКрытычныя камэнтары
Пад артыкулам у той жа дзень пачалі зьяўляцца крытычныя заўвагі. Усе яны набралі пазытыўныя ацэнкі (плюсы) ад дзясяткаў карыстальнікаў.
У камэнтарах аўтары абвінавачвалі рэдактарку ў маніпуляцыі інфармацыяй і замоўленым характары публікацыі. Адзін з карыстальнікаў выявіў, што апублікаваныя на сайце фатаздымкі пустога калідора і сталоўкі ў лякарні зробленыя яшчэ летась і ня маюць дачыненьня да пэрыяду эпідэміі.
Пытаньні карыстальнікаў тычыліся і статыстыкі сьмяротнасьці, якую падала Нэлі Астрэйка. Галоўную рэдактарку прасілі прывесьці лічбы сьмяротнасьці ў шпіталі за красавік, бо менавіта ў сярэдзіне красавіка пачалі зьяўляцца паведамленьні пра складаную сытуацыю з COVID-19 у горадзе.
«Рэкамэндую рэдактару не займацца спробамі маніпуляваньня статыстычнай інфармацыяй — у вас гэта вельмі дрэнна атрымліваецца. У Стаўпецкім раёне ў 2019 годзе памерлі з усіх прычын сьмерці 687 чалавек, у тым ліку ў Стоўпцах — 151 чалавек. Сьмяротнасьць мае сэзонныя ваганьні, і ў сувязі зь цёплай зімой была меншая сьмяротнасьць. Тут нічога дзіўнага няма. А вось карціна па красавіку будзе зусім іншая. У красавіку назіраецца пэўны спад па сьмяротнасьці. Таму параўноўваць трэба красавік 2019 і 2020. І вось тады мы адразу ўбачым усе гэтыя адхіленьні. Калі што, зьвярніцеся ў мясцовы статкамітэт па дадзеныя — яны ў іх 29 дня ўжо будуць. Тады і пагаворым», — піша адзін з камэнтатараў.
У камэнтарах пад артыкулам у сацыяльных сетках выданьня чытачы прасілі патлумачыць, навошта пацыентаў развозілі ў іншыя шпіталі, калі ў самой стаўпецкай лякарні няма перапоўненасьці.
«Цікава, ад COVID-19 ніхто не памёр, ад пнэўманіі ніхто не памёр, а ад чаго ж паміраюць людзі ў рэанімацыі? У Італіі паміраюць, у Швайцарыі паміраюць, а ў нас няма... Так, хацелася б статыстыку за красавік, хоць у газэце такога ўзроўню і на сайце таксама напісаць можна што заўгодна».
«Для таго каб не панікаваць і ня сеяць паніку, трэба выказваць народу праўду і ў заключэньні аб сьмерці пісаць ня тое, што хочуць бачыць улады, а рэальны дыягназ. Магчыма, тады людзі зразумеюць усю пагрозу таго, што адбываецца, і будуць выконваць хоць нейкія рэкамэндацыі, а не хадзіць па крамах бяз сродкаў засьцярогі».
Свабода зьвярнулася ў рэдакцыю газэты «Прамень» з пытаньнем, чаму публікацыя галоўнай рэдактаркі зьнікла з сайта і ці зьвязана гэта з нэгатыўнымі камэнтарамі пад артыкулам. Атрымаць камэнтар на момант публікацыі гэтага тэксту нам не ўдалося.
Неўзабаве пасьля публікацыі Свабоды сайт стаўпецкай раёнкі перастаў працаваць. Праз гадзіну там зьявілася інфармацыя, што старонка не працавала па тэхнічных прычынах. Артыкул галоўнай рэдактаркі вярнулі на сайт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У даведках аб сьмерці часта пішуць «неўдакладненая пнэўманія». Рытуальныя службы расказваюць, як хаваюць нябожчыкаў з каранавірусам