У першым квартале 2020 году зь Беларусі ў іншыя краіны зьехалі працаваць 1455 чалавек. Гэта вынікае з уліку працоўных мігрантаў, які вядзе Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС.
Гэта на 796 чалавек менш, чым за аналягічны пэрыяд 2019 году, і на 723 чалавекі менш, чым у першым квартале 2018.
У Расею зьехалі 588 чалавек (932 у першым квартале 2019 году).
У Літву — 373 беларусы (410),
У Чэхію — 232 беларусы (274),
У Польшчу 179 беларусаў (527).
На працу ў іншыя краіны зьехалі літаральна адзінкі: 13 чалавек — у Карэю, па 12 — у Японію і ЗША, 11 — у Арабскія Эміраты, яшчэ ў тузін краінаў — ад 1 да 6 чалавек.
Мужчыны зьяжджаюць на заробкі за мяжу амаль у 4 разы часьцей за жанчын — 1163 чалавекі супраць 292. Пераважна гэта рабочыя спэцыяльнасьці (1406 чалавек). 40 чалавек уладкаваліся ў сфэры абслугоўваньня, 6 — у сельскай гаспадарцы, а таксама 2 кіраўнікі і 1 кваліфікаваны спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб любіць Беларусь нашу мілую: загадкі беларускай эміграцыіУ статыстыцы МУС улічваюцца толькі тыя, хто выехаў за мяжу на працу паводле афіцыйных дамоваў і кантрактаў праз упаўнаважаныя на працаўладкаваньне за мяжой арганізацыі. Тых, хто зьехаў на працу самастойна, у гэтай статыстыцы няма.
Паводле выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак, якое рабіў Белстат, у першым квартале 2020 году за мяжой працавала 86,8 тысячы беларусаў (на 6,6% менш, чым летась). Зь іх 71,1% працавалі ў Расеі.
Паводле статыстыкі МУС, у першым квартале 2020 году ў Беларусі працаўладкавалася ў 2,6 раза больш замежнікаў, чым выехала на заробкі беларусаў — 3781 чалавек (зь іх 1385 — з краінаў ЭАЭС).
У іх ліку
- 1159 чалавек з Расеі,
- 723 з Кітаю,
- 519 з Украіны,
- 422 з Ўзбэкістану.
Да пандэміі каранавірусу беларускія спэцыялісты былі запатрабаваныя за мяжой. Гандлёвая палата Чэхіі хацела папрасіць урад павысіць квоту на працоўныя дазволы для беларусаў. Польшча зьбіралася спрацсьціць уладкаваньне на працу для лекараў з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хочацца нармальна жыць». Як беларускія лекары робяць кар’еру ў Польшчы