У мэтах дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусі ў 2020-2023 гадах рэалізуюць інвэстыцыйны праект па будаўніцтве магістральнага нафтаправоду Гомель — Горкі.
Адпаведнае распараджэньне Аляксандар Лукашэнка падпісаў 29 красавіка, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Заказчыкам па праектаваньні і будаўніцтве нафтаправоду вызначана ААТ «Гомельтранснафта Дружба», генэральным падрадчыкам — вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта».
Нафтаправод Гомель — Горкі мае злучыць паўночную і паўднёвую галіны беларускага ўчастку нафтаправоду «Дружба».
Цяпер ёсьць лягістычныя цяжкасьці з пастаўкамі нафты з альтэрнатыўных крыніц на два заводы адначасова — у Наваполацку і Мазыры. Нафту з Клайпэды цяпер пастаўляюць на наваполацкі «Нафтан», а з Адэсы — на Мазырскі НПЗ. У выпадку паставак з Польшчы перавагу атрымае завод у Мазыры. Як растлумачылі Tut.by у «Белнафтахіме», пры будаўніцтве «перамычкі» паміж нафтаперапамповачнымі станцыямі ў Гомлі і Горках у заводаў зьявіцца магчымасьць дзяліцца сыравінай паміж сабой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інтэрфакс»: Беларусь дамовілася з Польшчай аб рэвэрсных пастаўках нафты, рыхтуюцца кантракты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея гатовая ў траўні паставіць Беларусі 2 млн тон нафты. Менск замовіў толькі палову гэтага