Прэзыдэнцкія выбары ва ўмовах пандэміі: прапановы беларускіх праваабаронцаў 

Галасаваньне ў Беларусі. Менск, 2019 год.

Удзельнікі незалежнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» накіравалі 29 красавіка ў Цэнтарвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Беларусі прапановы наконт правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня.

Праваабаронцы канстатантавалі патэнцыйную небяспеку для здароўя людзей у працэдурах, якія прадугледжваюць непасрэдны кантакт, а тым больш знаходжаньне ў адным месцы як у памяшканьні, так і на адкрытым паветры. Яны мяркуюць, што ўспрыманьне гэтай небясьпекі будзе перашкодай для свабоднага ўдзелу грамадзянаў у выбарчым працэсе і прывядзе да зьніжэньня легітымнасьці выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка перанёс штогадовае пасланьне народу з прычыны «каранапсыхозу», паабяцаў новую Канстытуцыю

На падставе гэтага праваабаронцы прапанавалі органам заканадаўчай і выканаўчай улады распрацаваць комплекс захадаў, якія гарантуюць бясьпечнае ажыцьцяўленьне выбарчых правоў грамадзянаў бязь іх непрапарцыйнага абмежаваньня ва ўмовах пандэміі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» прапанавалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў унесьці ў Выбарчы кодэкс зьмены ў артыкулы, якія б замацоўвалі парадак дачы згоды выбарнікам аб вылучэньні асобы кандыдатам у прэзыдэнты шляхам дыстанцыйнага выказваньня згоды:

  • праз пошту
  • праз электронную пошту
  • праз службу кароткіх паведамленьняў апэратараў мабільнай сувязі
  • праз электронную перадачу выявы запоўненага падпіснога ліста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына ня лічыць, што каранавірус можа стаць падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў 

Цэнтарвыбаркаму прапанавана пры распрацоўцы пастановаў, якія рэгулююць асобныя этапы выбарчага працэсу, улічваць небясьпекі распаўсюду COVID-19.

Вярхоўнаму суду Беларусь прапанавана забясьпечыць магчымасьць разгляду выбарчых спрэчак з дапамогай элементаў электроннага судаводзтва.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнулі ўвагу, што правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў зьвязанае з імплемэнтацыяй у выбарчае заканадаўства рэкамэндацый АБСЭ, большасьць якіх можа быць рэалізавана праз пастановы Цэнтарвыбаркаму.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ