Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Сотні беларускіх мэдыкаў заразіліся COVID-19, многім дыягнаставалі пнэўманію. Сярод іх ёсьць і памерлыя. Свабода сабрала гісторыі пра лекараў, фэльчараў і мэдсясьцёр, якія сёлета страцілі жыцьцё, ратуючы беларусаў ад новай для чалавецтва хваробы. Дапоўніць сьпіс можна тут.

Сьвятлана Кісялёва. 47 гадоў, мэдсястра гарадзкога клінічнага шпіталя № 1, Віцебск

Памерла 3 красавіка 2020 году

3 красавіка стала вядома пра першую ахвяру каранавірусу сярод мэдыкаў. Афіцыйна Сьвятлана Кісялёва памерла ад пнэўманіі. Шпіталь, дзе працавала мэдсястра, зь сярэдзіны сакавіка перапрафілявалі пад прыём хворых з вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыяй. Але на той час сродкаў засьцярогі мэдыкам не выдавалі. Толькі 15 грамаў сьпірту на дзень для дэзынфэкцыі рук. Настасься Кісялёва, дачка мэдсястры, расказала TUT. BY, што маці лічыла, што заразілася на працы.

«Мама вельмі любіла мэдыцыну і сваю справу. Яна ўсё жыцьцё працавала ў адной лякарні, але ў цяжкой сытуацыі дзяржава не паклапацілася пра мэдыкаў. Мэдык памёр. Мая 7-гадовая сястра засталася бяз мамы», — сказала Настасься.

Натальля Літвякова, 57 гадоў, дэзынфэктар у санітарна-эпідэміялягічнай службе, Бешанковічы

Памерла 5 красавіка 2020 году

2 красавіка ў Натальлі Літвянковай выявілі пнэўманію і паклалі яе ў рэанімацыю. Ужо 5 красавіка яна памерла, паведаміла «Наша ніва» са спасылкай на сваякоў.

«Кажуць, што ў пасьведчаньні аб сьмерці стаіць проста „пнэўманія“, — расказаў сваяк выданьню. — Але патолягаанатам казаў нам, што рабілі тэст на каранавірус, і ён быў станоўчы».

Васіль Ліпілін, 50 гадоў, фэльчар хуткай дапамогі, Барысаў

Памёр 8 красавіка 2020 году

Фэльчар Васіль Ліпілін 27 гадоў адпрацаваў на хуткай дапамозе ў Барысаве. Ён ніколі ня скардзіўся на хваробы і нікуды не зьвяртаўся лячыцца. Мэдык захварэў 26 сакавіка, калі ў Беларусі афіцыйна было пацьверджана 86 выпадкаў каранавірусу на ўсю краіну.

«Ён сваёй сястры напісаў: „Я думаю, што ў мяне „гэта“, бо падобныя сымптомы“. Апошняя размова была звычайная, нічога звышасаблівага. Ён ня думаў, што памрэ. І мы ня думалі, пакуль ужо зусім кепска ня стала».

Так успамінае апошнія дні жыцьця свайго бацькі Данііл Ліпілін. У шпіталі мэдыку зрабілі тры тэсты на каранавірус. Першы быў адмоўным. Два астатнія — станоўчымі. У пасьведчаньні аб сьмерці таксама напісана, што прычынай сьмерці стала двухбаковая пнэўманія і каранавірус.

Аксана Радкевіч, 45 гадоў, мэдсястра дзіцячага аддзяленьня, Докшыцы

Памерла 21 красавіка 2020 году

Фота з сацыяльных сетак

Аксана працавала ў адным з эпіцэнтраў каранавірусу ў Беларусі. У 7-тысячных Докшыцах усю лякарню перапрафілявалі пад прыём пацыентаў з пнэўманіяй і каранавірусам.

Аксана працавала ў дзіцячай кансультацыі у паліклініцы. 9 красавіка яна трапіла ў рэанімацыю з пнэўманіяй, і ўжо на наступны дзень мэдсястру перавлі на апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана, што яна памерла ад COVID-19.

«Яна працавала на заборы крыві ў паліклініцы. На аналізы ўсе прыходзілі да яе. Там, відаць, і падпхапіла вірус», — распавяла Свабодзе сястра памерлай мэдсястры.

На наступны дзень пасьля сьмерці Аксана Радкевіч «УКантакце», у групе «Докшицы LIVE» зьявіўся такі спачувальны пост:

«Учора пайшла з жыцьця многімі любімая мэдсястра. Асабіста для маіх дзяцей яна была другой мамай. Яна ніколі не адмаўляла ў дапамозе, заўсёды давала параду. Гэта быў мэдык зь вялікай літары».

Натальля Шматко, 56 гадоў, мэдсястра хуткай дапамогі, Менск

Памерла 20 красавіка 2020 году

Натальля 38 гадоў адпрацавала ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Пасьля апошняга дзяжурства 10 красавіка ў яе зьявіўся кашаль, паднялася тэмпэратура, расказаў Onliner яе сын.

Па словах Вадзіма, ягоная мама вельмі любіла сваю працу і жыла ёю. Яна пайшла працаваць на хуткую дапамогу адразу пасьля вучобы і засталася там на ўсё жыцьцё. Папрацавала практычна ва ўсіх аддзяленьнях, апошнім часам — у стаматалягічным.

«Усе курсы кваліфікацыі здавала заўсёды на „выдатна“... Чалавек проста жыў сваёй работай. Вэтэран працы, заслужаны работнік шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. Мой дзед быў фэльчарам, вось яна і пайшла ў яго — больш у нашай сям’і мэдыкаў няма. Але мы з братам і татам ніколі не хадзілі ў лякарні — нас заўсёды лячыла мама».

Як пазьней паведамілі Свабодзе сваякі Натальлі Шматко, у яе быў пацьверджаны тэст на каранавірус. Але прычынай сьмерці ў дакумэнтах пазначаныя праблемы з сэрцам - атэрасклератычны кардыёсклероз.

Надзея Фаміна, 41 год, мэдсястра абласной клінічнай лякарні, Віцебск

Памерла 16 красавіка 2020 году

Надзея Фаміна працавала мэдсястрой у аддзяленьні мікрахірургіі вока ў абласной клінічнай лякарні.

«Захварэла яна даўно — яшчэ ў сакавіку. Паўтара тыдні знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі ў яе два разы бралі мазкі на каранавірус. Вынік станоўчы», — паведамілі Tut.by калегі мэдсястры.

Галіна Н., 45 гадоў, мэдсястра хуткай дапамогі, Буда-Кашалёва

Памерла 20 красавіка 2020 году

У Буда-Кашалёве — выбух каранавірусу. На невялікі райцэнтар каля Гомля больш як 70 пацьверджаных выпадкаў COVID-19. Хварэюць і мэдыкі. Галіна Навічкова стала першым мэдработнікам, які памёр ад каранавірусу. Калегі лічаць, інфэкцыю яна падхапіла ў шпіталі.

«Галя ляжала ў тэрапіі, — расказалі Свабодзе калегі мэдсястры. — У яе былі праблемы зь ціскам і сэрцам. Потым яе выпісалі. У тэрапіі выявілі каранавірус, і ўсіх хворых хутка выпісалі. Магчыма, менавіта ў тэрапіі Галя і падхапіла каранавірус. Яна выйшла на зьмену, і ёй зрабілася блага. Яе паклалі спачатку ў наш шпіталь, потым перавезьлі ў Гомель. Галя была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Памерла ў панядзелак. 22 красавіка было пахаваньне. У закрытай труне».

Алена Пашко, 54 гады, тэрапэўт паліклінікі № 3, Баранавічы

Памерла 28 красавіка 2020 году


Алена працавала ў паліклініцы з 2001 году. Па словах загадчыка ўстановы, апошнім часам лекары па чарзе працавалі ў інфэкцыйным кабінэце, у тым ліку і Алена Пашко.

«Яшчэ ў суботу (18.04) яна выйшла на прыём, каб замяніць сваю калегу, бо тая да гэтага момант знаходзілася ў шпіталі з пнэўманіяй і станоўчым тэстам на каранавірус», — рассказаў Свабодзе сын нябожчыцы Павел Пашко.

Алена Пашко тыдзень лекавалася дома, але хвароба не праходзіла. Ёй ня лепшала, апошнія тры дні яна правяла ў лякарні. Лекарка памерла ад двухбаковай пнэўманіі. Пазьней сын паведаміў, што ў жанчыны быў станоўчы тэст на каранавірус.

«Яна была вельмі спагадлівым, самаадданым і працавітым чалавекам. Ніколі не адмаўляла ў дапамозе сваім пацыентам, — кажа Павел Пашко. — Вельмі дрэнна, што мэдыкаў у нашай краіне з самага пачатку не забясьпечвалі належнымі сродкамі аховы. Спачатку мама працавала ў інфэкцыйным кабінэце толькі ў мэдычнай масцы, безь нейкіх рэсьпіратараў і ахоўных акуляраў. Ведаю, што тэрапэўтам нядаўна выдалі ахоўныя касьцюмы, але, мабыць, было ўжо позна».

Паводле сына, Алена Пашко заўжды «лёгка пераносіла ВРВІ і грып», «але з каранавірусам сытуацыя разьвілася так імкліва, што мы не пасьпелі апамятацца і былі ў поўным шоку».

Ганна С., 61 год, мэдсястра ў Менскім гарадзкім клінічным скурна-вэнэралягічным дыспансэры, Менск

Памерла 25 красавіка 2020 году

Ганна памерла ад пнэўманіі. Яна таксама мела і каранавірус, перадае Белсат са спасылкай на калег мэдсястры.

«У нашым аддзяленьні ўсе ляжаць з COVID-19. Пакуль што ўсе спакойныя. Мэдработнікаў хапае. Ёсьць хворыя, але пакуль што гэта першы такі выпадак», — кажуць яе калегі.

Ганна С. была прафэсіяналам сваёй справы, добрым і чулым чалавекам, гаворыцца ў нэкралёгу ад імя працаўнікоў Гарадзкога клінічнага скурна-вэнэралягічнага дыспансэру.

Леанід Савіч, 54 гады, рэнтгеноляг цэнтральнай раённай лякарні, Любань

Памёр 30 красавіка 2020 году

У Леаніда Савіча быў пацьверджаны COVID-19. Пра гэта Свабодзе расказала галоўная доктарка любанскай лякарні Антаніна Голуб.

Пра Леаніда Савіча Свабодзе распавёў пастар любанскай рэлігійнай грамады «Царква хрысьціян веры эвангельскай» Павал Палазьнік.

«Мы вельмі даўно былі знаёмыя, 20 гадоў., — кажа Палазьнік. — Ён усе гэтыя гады працаваў у бальніцы. Спачатку тэрапэўтам, потым перавучыўся, стаў урачом-рэнтгенолягам. Леанід вельмі шмат працаваў. Яго вельмі любілі ў паліклініцы, шанавалі ў калектыве. Вельмі станоўчы чалавек. Быў на дошцы гонару ў райвыканкаме. Гэта незаменная страта».

Ільля Лямеза, 56 гадоў, лекар ультрагукавой тамаграфіі ў менскім мэдычным цэнтры «Тамаграфія», Фаніпаль

Памёр 28 красавіка 2020 году

Пра сьмерць лекара Свабодзе паведамілі ягоныя калегі. У гісторыі хваробы Ільлі Лемязы, па словах калегаў, пазначаная «неўдакладненая пнэўманія». Пры гэтым хаваць памерлага рэкамэндавана ў закрытай труне..

Характарызуюць яго як прыязнага чалавека і высокакляснага спецыяліста.

Вадзім М., 36 год, інжынэр-праграміст у цэнтральным раённым шпіталі, Буда-Кашалёва

Памёр 1 траўня 2020 году

Паводле сваякоў, у яго была двухбаковая пнэўманія і пацьвердзіўся каранавірус. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе сваячка і калегі памерлага.

23 красавіка Вадзіма перавезьлі ў цяжкім стане з буда-кашалёўскага шпіталя ў Гомель, адкуль ён родам. У гомельскім шпіталі ён ляжаў пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Вадзім ня быў жанаты, жыў у інтэрнаце для мэдыкаў у Буда-Кашалёве. У яго засталіся бацькі і брат у Гомлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася

Аляксей, 37 год, фэльчар на 6-й падстанцыі хуткай дапамогі, Менск

Памёр 5 траўня 2020 году

Інфармацыю пра сьмерць мэдыка пацьвердзілі на станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. У Аляксея засталіся жонка і дзеці.

«Аляксей быў на бальнічным. Ён быў вельмі пазытыўны чалавек, вельмі добры быў спэцыяліст, фэльчар найвышэйшай катэгорыі. Прыйшоў да нас пасьля заканчэньня менскага вучылішча. У яго засталіся жонка і дзеці», — сказалі Свабодзе ў адміністрацыі менскай станцыі хуткай мэдычнай дапамогі.

Паводле belsat.eu, у нябожчыка была пнэўманія і COVID-19.

Вікторыя Захарчэня, 40 год, санітарка абласнога процісухотнага дыспансэра, Лагойскі раён

Памерла 5 траўня 2020 году

Вікторыя З. памерла ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе калегі па працы сказалі карэспандэнту Свабоды, што ўчора даведаліся, што Вікторыі ня стала. Яны кажуць, што ў яе быў станоўчы тэст на каранавірус.

«У яе зь пятніцы трымалася тэмпэратура пад 40. У нядзелю яна ўжо трапіла ў рэанімацыю, у бальніцы казалі: „Стан крытычны“» , — распавялі Свабодзе калегі.

Натальля Карлюк, 54 гады, мэдсястра цэнтру карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня, Пінск

Памерла 19 траўня 2020 году

У Натальлі была двухбаковая пнэўманія, а таксама пацьверджаны каранавірус. Пра гэта піша «Мэдыя-Палесьсе».

Мэдсястра была ў цяжкім стане, яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пінскія мэдыкі зьбіраліся перавезьці яе на лячэньне ў Менск. Але ў тым стане, у якім была Натальля, яе транспартаваньне было немагчымае.

— Матуля адмучылася... — сказала яе дачка Кацярына. — У мяне прадчуваньне такое кепскае раніцай было. І на тэлефоне прапушчаныя (званкі. — РС). Я ператэлефанавала. Сказалі, што рэанімацыя.

Тацяна Кавалёнак, 60 гадоў, мэдсястра цэнтральнай раённай бальніцы, Барысаў

Памерла 16 траўня 2020 году

У Тацяны быў станоўчы тэст на каранавірус, аднак у пасьведчаньні аб сьмерці ўказалі толькі «двухбаковая пнэўманія, сардэчная і лёгачная недастатковасьць», распавяла «Нашай Ніве» дачка памерлай Ганна.

Тацяна Кавалёнак 40 гадоў прапрацавала ў цэнтральнай раённай бальніцы Барысава, яна была мэдсястрой хірургічнага аддзяленьня.

Захварэла ў пачатку траўня, празь некалькі дзён тэмпэратура паднялася вышэй за 38 градусаў, зрабілі КТ — двухбаковая пнэўманія. Тацяну паклалі ў шпіталь, зрабілі тэст на каранавірус, вынік тэсту прыйшоў толькі 12 траўня — станоўчы. 9 траўня Тацяне пагоршала, яе перавялі ў рэанімацыю. 16 траўня жанчына памерла.

Уладзімер Пісарык, 63 гады, загадчык арганізацыйна-мэтадычнага кабінэта ў цэнтральным раённым шпіталі, Салігорск

Памёр у траўні 2020 году

Доўгі час Уладзімер Пісарык займаў пасаду намесьніка галоўнага лекара. Пасьля выхаду на пэнсію працаваў у арганізацыйна-мэтадычным кабінэце.

Па інфармацыі TUT. BY, мэдык ляжаў у рэанімацыі і меў сымптомы каранавірусу. Аднак тэст на COVID-19 у яго быў адмоўны. Прычыну сьмерці ў шпіталі не называюць, спасылаючыся на лекарскую таямніцу.

Уладзімер Фралоў, 60 год, санітар станцыі хуткай дапамогі, Барысаў

Памёр 19 траўня 2020 году

Уладзімер Фралоў працаваў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі ў Барысаве. 18 траўня яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт, а на наступны дзень ён памёр у рэанімацыі. Выявілася, што прычынай сьмерці стала пнэўманія. Калегі мяркуюць, што санітар быў хворы на COVID-19.

«Невядома, ці рабілі тэст увогуле, — расказаў Свабодзе супрацоўнік шпіталя. — Мая думка, што гэта быў каранавірус. Вельмі высокая імавернасьць. Ад звычайнай пнэўманіі людзі не паміраюць на другі дзень».

60-гадовы Ўладзімер Фралоў больш за 20 гадоў працаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Барысаве. Спачатку кіроўцам, а ў апошнія гады – санітарам.

Міхаіл Зубрыцкі, 51 год, кіраўнік Горадзенскага абласнога клінічнага патолягаанатамічнага бюро, Горадня

Памёр 22 траўня 2020 году

Галоўны патолягаанатам Горадзенскай вобласьці Міхаіл Зубрыцкі памёр 22 траўня. Ён быў заражаны каранавірусам. Зубрыцкі тыдзень знаходзіўся ў коме. 22 траўня ён пачаў прыходзіць у сябе, але паляпшэньняў не наступіла.

За тыдзень да сваёй сьмерці Зубрыцкі даў інтэрвію Эўрарадыё, у якім ён распавёў пра небясьпеку ў працы патолягаанатамаў падчас эпідэміі.

«Нават на ўсе хоць крыху падазроныя выпадкі спэцыяліст адпраўляецца „ў поўным дасьпеху“. Тым больш самі супрацоўнікі ня хочуць заразіцца, таму праводзяцца санітарная апрацоўка і ўсе спадарожныя працэдуры», — расказаў Зубрыцкі 15 траўня.

Уладзімер Куніцкі, 62 гады, загадчык катэдры оталярынгалёгіі Віцебскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту, Віцебск

Памёр 31 траўня 2020 году

Уладзімер Куніцкі таксама працаваў лор-доктарам у клініцы пры ўнівэрсытэце, піша «Наша ніва».

«20 траўня ў яго быў дзень народзінаў, мы нармальна зь ім размаўлялі. А празь некалькі дзён жонка яго паведаміла, што ён у лякарні. Ён дрэнна сябе адчуваў, прымаў кісларод. Слабы быў. Учора выйшаў з палаты, страціў прытомнасьць і памёр», — расказвае Яўген, брат Уладзімера.

Доктар ляжаў у Віцебскай гарадзкой інфэкцыйнай лякарні. Па словах брата, хварэў на каранавірус. Цяпер у той жа лякарні знаходзіцца жонка Ўладзімера. Яна таксама лекарка, рэнтгеноляг.

Ва ўнівэрсытэт на працу мужчына апошнім часам не хадзіў: з пачатку красавіка ВДМУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. На катэдры Куніцкі працаваў з 1985 году, быў кандыдатам мэдычных навук. Правёў больш за 4500 апэрацый. У 2015-м атрымаў грант прэзыдэнта ў галіне аховы здароўя.

15 чэрвеня памерла жонка выкладчыка - Людміла Куніцкая, піша «Наша ніва». Ёй было 64 гады. Яна 35 гадоў адпрацавала рэнтгенолягам. Спачатку ў Віцебскай гарадзкой цэнтральнай клінічнай бальніцы, пасьля – у 2-й гарадзкой паліклініцы. Па словах сваякоў, у яе быў каранавірус.

Ала Грыгарэвіч, 40 гадоў, старшая мэдсястра ў прыватным мэдычным цэнтры «Інвітро», Менск

Памерла 24 красавіка 2020 году

Ала працавала старшай мэдсястрой, брала аналізы ў мэдычным цэнтры. Захварэла на пачатку красавіка, ляжала дома з высокай тэмпэратурай. 15 красавіка трапіла ў шпіталь, а 24-га памерла. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана, што ў яе была двухбаковая пнэўманія, каранавірус у пацьверджаны ня быў. «Мы ня ведаем, дзе Ала магла заразіцца», — сказаў Свабодзе яе муж Сяргей.

Амаль праз 2 тыдні пасьля таго, як пачала хварэць Ала, у ейнай дачкі паднялася тэмпэратура. Кампутарная тамаграфія пацьвердзіла двухбаковую пнэўманію, тэст на каранавірус аказаўся станоўчым.

«Дачка на той час вучылася з дому, нікуды не выходзіла. Заразіцца ні ад кога не магла, толькі ад жонкі. Але ж у яе тэст быў адмоўны. Мне потым расказалі, што такое бывае», — распавёў Сяргей.

Сьвятлана Зарубская, 50 гадоў, мэдсястра раённага шпіталя, Клімавічы

Памерла 10 чэрвеня 2020 году

10 чэрвеня памерла 50-гадовая мэдсястра Клімавіцкага раённага шпіталя Сьвятлана Зарубская, паведамляе «Наша Ніва». Як расказала «НН» дачка нябожчыцы Вікторыя, роўна 30 дзён Сьвятлана Зарубская была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Два першыя тэсты на каранавірус у яе былі адмоўныя, а трэці — станоўчы.

«Афіцыйна прычынай сьмерці напісалі „сэрца“, цяпер жа пішуць толькі код хваробы. Пра каранавірус не запісалі нічога. Пахаваньне было ў закрытай труне, ускрыцьця не рабілі, — кажа дачка. — Тата таксама перахварэў, хросны, стрыечны брат, татава мама».

«Вельмі пазытыўная, яркая жанчына, — узгадвае яе клімавіцкая мэдсястра Тацяна. — Яна працавала мэдсястрой у нэўралёгіі, а там жа шмат цяжкіх, хто пасьля інсульту, напрыклад. І маці яна была добрай, і жонкай, і гаспадыняй — каля хаты заўсёды кветкі былі».

Валянціна Блізьнец, 56 год, мэдсястра ў цэнтральным раённым шпіталі. Рэчыца

Памерла 6 чэрвеня 2020 года

Як расказала TUT. BY дачка мэдсястры, Галіна, яе маці праз два месяцы зьбіралася выйсьці на пэнсію. Аднак у канцы траўня ў жанчыны паднялася тэмпэратура, пачаўся кашаль, тэст на каранавірус выявіўся станоўчым. 31 траўня Валянціну паклалі ў шпіталь, а ўжо праз пару дзён перавялі ў рэанімацыю і падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. 6 чэрвеня яна памерла.

Празь некалькі дзён памерла і бабуля Галіны — у яе, з словаў унучкі, таксама дыягнаставалі COVID-19.

У пасьведчаньні аб сьмерці непасрэднаю прычынаю сьмерці мэдсястры названа сардэчная недастатковасьць. І толькі ў графе «Іншыя важныя станы, спадарожныя сьмерці» ад рукі дапісана — «каранавірусная інфэкцыя».

— У прафсаюзе мне так і сказалі: маўляў, мама памерла не «ад каранавірусу», а «ад сэрца», а таму матэрыяльная дапамога ёй не належыць, — абураецца Галіна.

Натальля Анціпава, 42 гады, мэдсястра ў гарадзкім шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі, Віцебск

Памерла 12 чэрвеня 2020 году

Мэдсястра мела пацьверджаныя і пнэўманію, і каранавірус. Аднак прычынай сьмерці ў дакумэнтах пазначылі вострую рэсьпіраторную недастатковасьць. Пра гэта са спасылкай на сястру мэдыка піша TUT. BY

«Наташы зрабілі тэст на каранавірус і здымак, — расказала яе сястра Тацьцяна. — Там пнэўманія. Адразу далі накіраваньне ў „трэстаўскую“ лякарню [Віцебская гарадзкая клінічная лякарня № 1], шпіталізацыя была ў той жа дзень. 4 чэрвеня яе ўжо забралі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. Што вынік тэсту станоўчы, мы даведаліся 5 чэрвеня. Наташа была ў рэанімацыі на ШВЛ, а ўчора памерла».

Натальля Анціпава працавала мэдсястрой 15 гадоў.

Валер Яскевіч, 68 год, лекар-тэрапэўт філіялу № 1 гарадзкой паліклінікі № 1, Берасьце

Памёр у чэрвені 2020 году

Валер Яскевіч працаваў у берасьцейскай паліклініцы з 1995 году. Ягоную сьмерць ад каранавірусу «Першаму рэгіёну» пацьвердзіў Уладзімер Кліменка, галоўны доктар паліклінікі.

«Пасьля скону Валерыя Іванавіча нам усім прыходзіцца вельмі цяжка. Гэтая жудасная навіна стала ўдарам. Ад нас пайшоў выдатны чалавек і лекар зь вялікім багажом ведаў. У гэты цяжкі час, калі мэдыкі на вагу золата, адыход з жыцьця такога ўзроўню доктара — катастрофа», — расказала пра свайго калегу Зінаіда Хвораст, загадчыца філіялу, дзе працаваў Валер Яскевіч.

Сьпіс абнаўляецца.

Свабода зьбірае зьвесткі пра беларускіх мэдыкаў, якія памерлі ад каранавірусу і пнэўманіі. Калі вы ведаеце пра іншых мэдычных работнікаў, якія памерлі апошнім часам, напішыце нам у Telegram ці запоўніце форму.