Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак напісаў на Facebook пра «топ-5 вострых пытаньняў» да валянтэраў.
На пытаньне аб тым, ці гэта «апазыцыя хайпуе на тэме „кароны“», ён адказаў, што ў базе валянтэраў кампаніі звыш тысячы чалавек розных палітычных поглядаў, а кампанія ўзаемадзейнічае ў тым ліку зь міністэрствамі аховы здароўя і замежных спраў.
«Мэта кампаніі — дапамога беларускім мэдыкам, — піша Стрыжак. — Кампанія ня мае палітычных мэтаў пры аказаньні такой дапамогі. У прэзыдэнты ніхто з каманды не зьбіраецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі пачаўся пажар — трэба самім гаcіць, а не чакаць ратавальнікаў». Хто і як дапамагае мэдыкамЁн адзначае, што ў #ByCovid19 нельга купіць рэсьпіратар, тэрмомэтар ці апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тое, што перадаецца (не прадаецца) у мэдычныя ўстановы, афармляецца афіцыйна праз акты перадачы і ставіцца на балянс лякарняў. Стрыжак просіць паведамляць, калі стане вядома пра факты перапродажу дапамогі іншымі асобамі.
Кампанія не бярэ сабе нейкі адсотак з сабраных грошай, але з ахвяраваньняў спаганяецца камісія, калі яны паступаюць на сэрвіс Molamola. Сумарна банкі і пляцоўка бяруць за сваю працу 6% ад сумаў (сайту грошы патрэбныя на хостынг, тэхнічнае абслугоўваньне і падтрымку, утрыманьне тэхнічнай каманды), але #ByCovid19 вядзе перамовы з банкам аб зьніжэньні мінімальнай камісіі (цяпер — 1,1 рубля).
Сама ж кампанія, кажа Стрыжак, працуе задарма, жыве за кошт уласных запасаў, з харчаваньнем дапамагае бізнэс. Па заканчэньні кампаніі Стрыжак абяцае даць поўную фінансавую справаздачу (як даваў і раней — вось, напрыклад, справаздача кампаніі #ByHelp 2017 году).
Таксама ў «топ пытаньняў» Стрыжак вынес заяву аб тым, што «дабро трэба рабіць ціха» і пытаньне «чаму вы пастаянна піярыцеся?». Паводле яго, слова «піяр» стала «лаянкай на постсавецкай прасторы», бо прыйшло праз палітыкаў, якім не давяраюць. На самой справе яно пайшло ад фразы public relations — сувязі з грамадзкасьцю. Ён тлумачыць: пастаяннае інфармаваньне пра закупы і перадачы мэдыкам — гэта форма публічнай справаздачы за ўзятыя ахвяраваньні.
«Ціхае дабро», мяркуе ён, можа сабе дазволіць мэцэнат або донар, які ахвяруе грошы, бо трымае справаздачу толькі перад сабой. Публічныя ж зборы прадугледжваюць публічныя справаздачы. Таксама публічнасьць — спосаб «разварушыць грамадзтва на стварэньне новых збораў у рэгіёнах і аказаньне дапамогі ў сваіх гарадах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія ByCovid19 запускае службу псыхалягічнай падтрымкі мэдыкаўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.