Увечары 27 красавіка ў Менску не адбылося рэпэтыцыі вайсковага параду, які плянуецца на 9 траўня.
Паводле прэсавага сакратара Міністэрства ўнутраных спраў Вольгі Чамаданавай, рэпэтыцыі вайсковага параду «яшчэ адбудуцца». У падразьдзяленьні ганаровай варты, якая бярэ ўдзел у рэпэтыцыі параду, «хворых на каранавірус няма», запэўніла Вольга Чамаданава. Што да іншых падразьдзяленьняў, задзейнічаных у рэпэтыцыях, пра выпадкі заражэньня ў іх прэсаваму сакратару МУС невядома.
У прэс-службе Міністэрства абароны пацьвердзілі, што 27 красавіка трэніроўка роты ганаровай варты не адбылася. Прычыну парталу Tut.by патлумачыла прэс-сакратарка міністэрства Натальля Гаўрусік. «У сувязі з выходным днём гэтую трэніроўку адмянілі. Наступная заплянаваная на чацьвер, 30 красавіка», — сказала Натальля Гаўрусік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі адны вайскоўцы дэзынфікуюць лякарні, іншыя рыхтуюцца да параду28 красавіка Свабода правярала зьвесткі крыніц, паводле якіх напярэдадні, увечары 27 красавіка, у Менску не адбылося рэпэтыцыі вайсковага параду. Як імаверная прычына называлася ўспышка каранавірусу ў чатырох групах удзельнікаў рэпэтыцый параду.
Дзяжурны брыгады спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы абверг зьвесткі, што ў кагосьці з вайскоўцаў брыгады выявілі каранавірус. «У брыгадзе каранавірусу няма, без камэнтароў», — сказаў дзяжурны і паклаў слухаўку.
У частцы № 3214 Унутраных войскаў МУС дзяжурны паведаміў, што вайскоўцаў тэрміновай службы за тэрыторыю часткі не выпускаюць, але ці гэта карантын і ці зьвязаныя гэтыя захады з эпідэміяй каранавірусу, дзяжурны тлумачыць адмовіўся. «Зьвяртайцеся да кіраўніцтва», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі адказала на пэтыцыю супраць параду 9 траўняПрэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава не змагла пракамэнтаваць зьвесткі пра нібыта выяўленьне каранавірусу ў парадных разьліках з жанчын-міліцыянтак, байцоў АМАП і ў в/ч № 3214.
«Цяпер выходны, і адзінае, што ўдалося спраўдзіць, гэта тое, што ў ганаровай варце ні ў кога каранавірусу няма. Што да іншых адрасоў, якія вы назвалі, будзем высьвятляць у сераду, 29 красавіка», — сказала Вольга Чамаданава.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ