Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецка 28 красавіка выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў.
«Нягледзячы на актыўныя намаганьні ўраду і міжнародных партнэраў, цяпер мы назіраем у Беларусі эвалюцыю ўспышкі інфэкцыі COVID-19, якая характарызуецца ўстойлівай перадачай і распаўсюджваецца лякальна», — адзначыла каардынатарка ААН.
Яна адзначыла, што 26 красавіка Мінздароўя паведамляла пра больш як 10 тысяч выпадкаў COVID-19 у Беларусі, тады як 26 сакавіка — толькі пра 86.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс 919 інфікаваных і 4 сьмерці. У Беларусі зафіксавалі 12 208 выпадкаў COVID-19«У дадатак да рашучых захадаў у адказ з боку мэдыка-санітарных, эпідэміялягічных структураў і ўраду, накіраваных на тэставаньне, адсочваньне і ізаляцыю, у спалучэньні з гераічнымі намаганьнямі мэдычных работнікаў, цяпер прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў ва ўзмацненьні жорсткасьці фізычнага дыстанцыяваньня», — заявіла Казана-Вісьнявецка.
Яна нагадала рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя:
- перанос масавых падзей;
- магчымасьць дыстанцыйнай працы і навучаньня ва ўстановах адукацыі;
- прыпыненьне прадпрыемстваў, якія не аказваюць «асноўных паслуг» — кавярняў, рэстарацыяў, гандлёвых цэнтраў;
- скарачэньне «неістотных перасоўваньняў» — паездак за горад, у вёскі і на лецішчы, асабліва сярод людзей у групах рызыкі.
Захады дыстанцыянаваньня могуць прадухіліць шматлікія заражэньні, запаволіць распаўсюд вірусу, даць мэдыкам час падрыхтаваць рэсурсы, работнікаў, ложкі і палаты, аддзяленьні рэанімацыі, сродкі засьцярогі.
«Для ўсіх нас карціна зразумелая: COVID-19, як бязьлітасны забойца, атакуе краіны і людзей, — кажа каардынатарка ААН. — Вірус можа быць сьмяротным, нават калі вы маладыя і моцныя.
На жаль, бывае і так, што вы ня ведаеце, ці ёсьць у вас вірус, але можаце быць яго носьбітам і распаўсюднікам.
Няма нічога больш каштоўнага, чым жыцьцё. Няма нічога больш цяжкага, чым страціць родных, сяброў, калег ці сваіх суграмадзян.
Калі ласка, заставайцеся дома, каб спыніць COVID-19. Гэта дапаможа мэдыкам, прадпрыемствам і супрацоўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і спраўляцца з крызісам».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.