На раніцу 28 красавіка ў Злучаных Штатах Амэрыкі зафіксавалі звыш 1 010 500 выпадкаў хваробы COVID-19, выкліканай новым каранавірусам SARS-CoV-2. Памерлі 56 803 пацыенты, у цяжкім стане застаюцца звыш 14 тысяч.
Выпісалі здаровымі звыш 139 тысяч чалавек, «актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 814 тысяч.
Злучаныя Штаты ўжо працяглы час на першым месцы ў сьвеце паводле распаўсюду каранавірусу і колькасьці памерлых. На другім месцы ў колькасьці выпадкаў Гішпанія (каля 229,4 тысячы выпадкаў, памерлі 23 521), на другім паводле сьмерцяў — Італія (каля 199,4 тысячы выпадкаў, памерлі 26 977).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх краінах пандэмія ідзе на спад? Беларусі сярод іх нямаУ распаўсюджаньні вірусу на душу насельніцтва ЗША таксама сярод першых — каля 3053 выпадкаў на мільён чалавек. Больш у Італіі (3298), Швайцарыі (3370), Катары (3903), Ірляндыі (3979), Бэльгіі (4028), Гішпаніі (4907), Ісьляндыі (5251), Люксэмбургу (5957) і шэрагу мікрадзяржаваў.
У ЗША найбольш пацярпелі штаты Нью-Ёрк (298 тысяч выпадкаў, 22 623 памерлі), Нью-Джэрзі (111 тысяч выпадкаў, 6 044 памерлі) і Масачусэтс (56,5 тысячы выпадкаў, 3003 памерлі).
Распаўсюд вірусу працягваецца, расьце ў тым ліку колькасьць «актыўных выпадкаў». Але рост не паскараецца. Колькасьць хворых і памерлых расьце ўжо не па экспанэнце, ужо месяц колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень трымаецца ў межах 20–38 тысяч (учора 23 196), сьмерцяў на дзень — ад 1000 да 2638 (учора — 1384).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джонсан папярэдзіў брытанцаў пра рызыку другой хвалі пандэміі
Трамп: «У нас дастаткова тэстаў, каб пачаць адкрыцьцё эканомікі»
Падчас брыфінгу 27 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што рашэньні адміністрацыі ў барацьбе з пандэміяй дапамаглі зьнізіць колькасьць ахвяраў, перадае «Голас Амэрыкі».
«Мы страцілі шмат людзей, але, калі вы паглядзіце на першапачатковыя прагнозы — 2,2 мільёна — мы, падобна, набліжаемся да 60-70 тысяч, і гэта зашмат, — казаў Трамп. — Сьмерць аднаго чалавека — гэта зашмат.
І я думаю, што мы прынялі сапраўды шмат добрых рашэньняў. Важным рашэньнем было закрыць мяжу або забараніць уезд людзям з Кітаю, відавочна, акрамя грамадзянаў ЗША, якія павінны былі прыехаць. Я ня мог сказаць, што «вы ня можаце прыехаць, вы ня можаце вярнуцца ў сваю краіну». Я думаю, што мы прынялі шмат добрых рашэньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 26 мільёнаў амэрыканцаў страцілі працу за апошнія пяць тыдняўНа момант публікацыі ў ЗША правялі амаль 5,7 мільёна тэстаў на COVID-19. Гэта абсалютны рэкорд паводле колькасьці тэстаў у сьвеце, хоць і не рэкорд на душу насельніцтва: калі ў Злучаных Штатах на мільён чалавек прыпадае 17,2 тысячы тэстаў, у Ісьляндыі — у 8 разоў больш, амаль 136 тысяч.
У якасьці адказу на абвінавачаньні дэмакратаў, што ён не зрабіў дастаткова для пашырэньня тэставаньня, Трамп запрасіў на брыфінг кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў раздробнага гандлю, якія праводзяць тэсты ў сваіх памяшканьнях, і кіраўнікоў кампаніяў, якія вырабляюць тэсты.
«Мы працягваем хутка пашыраць нашыя магчымасьці і ўпэўнены, што ў нас дастаткова тэстаў, каб пачаць адкрыцьцё эканомікі. Мы хочам адкрыць нашую краіну, і тэставаньне ня будзе праблемай», — заявіў Трамп.
Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі заявілі, што фэдэральны ўрад адпраўляе дастатковую колькасьць тэстаў і спадарожнага абсталяваньня ва ўсе штаты, каб пакрыць узяцьце аналізаў у траўні і чэрвені. Паводле чыноўнікаў, гэта дазволіць правесьці абсьледаваньне ня менш як 2% насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найцяжэйшае яшчэ наперадзе», — Генэральны дырэктар WHO пра COVID-19Дарадцы Трампа тым часам сьцьвярджаюць, што брыфінгі зь ягоным удзелам, якія праводзяцца амаль кожны дзень цягам месяца, сталі паказваць прэзыдэнта ў неспрыяльным сьвятле, асабліва пасьля таго, як у чацьвер ён спытаў экспэртаў у галіне мэдыцыны, ці могуць дэзынфэкцыйныя сродкі, якія забіваюць вірус на паверхнях, выкарыстоўвацца для лячэньня пацыентаў.
Некаторыя рэспубліканцы асьцерагаюцца, што Трамп наносіць сваім пэрспэктывам перавыбраньня больш шкоды, чым карысьці, брыфінгамі, якія часта ператвараюцца ў спрэчкі з журналістамі і прыводзяць да падзеньня ацэнкі ягонай дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія мэдычныя ўлады назвалі новыя сымптомы COVID-19Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.