Такую інфармацыю выданьню паведамілі ў Смалявіцкім шпіталі. Барысаўская япархія гэта адмаўляе, але манастыр закрыты.
Мужчынскі манастыр знаходзіцца ў вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна. На праваслаўны Вялікдзень Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем наведаў мясцовую Сьвята-Дабравешчанскую царкву.
Tut.by са спасылкай на супрацоўніка сыстэмы аховы здароўя Смалявіцкага раёну, піша пра два пацьверджаныя выпадкі заражэньня каранавірусам і 55 чалавекі, якія лічацца «кантактамі». Гэта манахі, паслушнікі і іншыя асобы. Паводле крыніцы, хворыя адпраўленыя ў мясцовую амбуляторыю, а «кантакты» засталіся ў манастыры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс 826 хворых і 3 памерлых. У Беларусі зафіксавалі 11 289 выпадкаў COVID-19Яшчэ адна крыніца выданьня — мэдработнік Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы — пацьвярджае інфармацыю пра дзясяткі «кантактаў першага ўзроўню».
«Яны абсалютна не выконваюць правілы самаізаляцыі, харчуюцца ў агульных сталовых, кантактуюць адзін з адным. Па маіх дадзеных, сярод жыхароў гэтага манастыра шмат хворых — 16 чалавек на дадзены момант, — распавядае мэдык, — Некаторыя шпіталізаваныя ў нас, некаторыя ў Менску, некаторыя ў манастыры засталіся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашэнка даручыў хворых на каранавірус разьмяшчаць у абласных шпіталях, а не ў раённыхСтаноўчыя тэсты на каранавірус, па словах мэдработніка, пацьвердзіліся 22 красавіка. Аляксандр Лукашэнка афіцыйна наведваў манастыр 19 красавіка.
У манастыры адмовіліся ад камэнтароў выданьню. Барысаўская япархія, да якой належыць манастыр, паведаміла, што ён «закрыты для наведваньняў у сувязі са складанай эпідэміялягічнай абстаноўкай».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ