У Італіі аб'явілі аб зьмякчэньні карантыну з 4 траўня

Італія

У Італіі з 4 траўня пачнуць здымаць абмежаваньні, уведзеныя з прычыны эпідэміі каранавірусу, заявіў прэмʼер-міністар краіны Джузэпэ Контэ.

Праз тыдзень у краіне адкрыюцца паркі, будуць дазволеныя сямейныя наведваньні і жалобныя цырымоніі пры ўдзеле ня больш за 15 чалавек і захаваньні сацыяльнай дыстанцыі.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Таксама з 4 траўня будзе ізноў дазволена праца будаўнічых кампаній, вытворцаў і некаторых аптавікоў.

«Мы працуем у цяперашні час над тым, каб можна было аднавіць працу вялікай часткі прамысловай і будаўнічай дзейнасьці», – растлумачыў Контэ у інтэрвію газэце La Repubblica.

Пры гэтым кампаніям будзе загадана выконваць жорсткія санітарныя нормы.

Далей з 18 траўня чакаецца адкрыцьцё крам розьнічнага гандлю, музэяў і бібліятэк, а з чэрвеня – рэстаранаў, бараў, салёнаў прыгажосьці і цырульняў. Школы застануцца зачыненымі да пачатку наступнага навучальнага года ў верасьні, дадаў прэмʼер-міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19: У некалькіх краінах Эўразьвязу за суткі зьнізіліся паказьнікі

Італія – адна з найбольш пацярпелых ад пандэміі каранавірусу краін сьвету, жорсткі карантын тут быў уведзены 10 сакавіка. Па дадзеных Унівэрсітэта Джонса Гопкінса, у краіне выяўлена больш 197 тысяч выпадкаў захворваньня COVID-19. Ад хваробы памерлі больш за 26 тысяч чалавек.