У чатырох эўрапейскіх краінах з найбольш высокімі паказчыкамі сьмерцяў ад каранавірусу SARS-CoV-2 зафіксаванае значнае зьніжэньне колькасьці сьмяротных зыходаў.
У Францыі за апошнія суткі ад COVID-19 памерлі 242 чалавекі, зь іх 152 у бальніцах і 90 у дамах састарэлых, паведаміла ў нядзелю, 26 красавіка, міністэрства аховы здароўя. Днём раней гэты паказьнік складаў 369 чалавек.
У Італіі за суткі зарэгістравана 260 сьмяротных зыходаў праз каранавірус. Гэта самая нізкая сьмяротнасьць у краіне з 14 сакавіка. Усяго ў краіне ад эпідэміі памерлі 26.644 чалавек. Колькасьць новых пацыентаў, якія трапілі за мінулыя суткі ў бальніцы, складае 2324 чалавека, гэта самая нізкая лічба з 20 сакавіка, калі эпідэмія ў Італіі была на піку, паведамляе RFI.
Дэпартамэнт аховы здароўя Вялікабрытаніі зарэгістраваў самы нізкі паказьнік сьмяротнасьці ад COVID-19 з 31 сакавіка. За мінулыя суткі ў брытанскіх шпіталях памерлі 413 чалавек. Агульная колькасьць ахвяр эпідэміі 20 732. Аднак, як адзначае «Нямецкая хваля», рэальны паказьнік сьмяротных выпадкаў ад каранавіруск ў Злучаным Каралеўстве можа быць вышэйшым — цяперашняя афіцыйная статыстыка ня ўлічвае колькасьць памерлых у сваіх дамах і кватэрах, а таксама ў дамах састарэлых.
У Гішпаніі за апошнія суткі ад наступстваў заражэньня каранавірусам памерлі 288 чалавек — гэта менш, чым за любы дзень ад 20 сакавіка. Напярэдадні, у суботу 25 красавіка, колькасьць сьмяротных зыходаў склала ў Гішпаніі 378. Агульная колькасьць ахвяр эпідэміі 23 190.
Агульная колькасьць зарэгістраваных носьбітаў каранавірусу ў сьвеце 2 986 000 (+78 000, на 19% менш, чым суткамі раней).
Памерлі: 206 500 (+4000, на 40% менш, чым суткамі раней)
Паправіліся: 875 000 (+43 000, на 20% менш, чым суткамі раней)
Актыўных выпадкаў — 1 904 000. Зь іх 1 847 000 — людзі ў стане сярэдняй цяжкасьці 57 581 (3%) — у цяжкім або крытычным стане. Колькасьць такіх пацыентаў зьніжаецца трэці дзень запар.
У ЗША за мінулыя суткі выяўлена 22 647 новых выпадкаў інфікаваньня, што менш, чым у папярэднія суткі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.