У «Галоўным эфіры», выніковай нядзельнай праграме тыдню на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1», не знайшлося часу на статыстыку пра распаўсюд каранавірусу: рэкордныя 873 выяўленых выпадкаў і 5 прызнаных сьмерцяў за дзень. Працытавалі Лукашэнку, «нашыя людзі трывалыя, перажылі Чарнобыль і ніякімі эпідэміямі іх не запалохаць».
У праграме дзьве аптымістычныя гісторыі жанчынаў, якія перанясьлі каранавірус, а таксама рэпартаж у жанры, які ў савецкі час называўся «журналіст мяняе прафэсію»: маладая рэпартэрка БТ паспрабавала на фабрыцы «Сьвітанак» шыць мэдычныя маскі.
Таксама ў «Галоўным эфіры» паўтарылі самыя яскравыя цытаты Лукашэнкі падчас наведваньня яшчэ ў аўторак бабруйскай «Славянкі» і нарады з чальцамі ўраду, што адбылася ў чацьвер. І дадаліся новыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Усе хочуць укусіць Лукашэнку, Беларусь»
Лукашэнка адважыўся на «Чарнобыльскі шлях», а «прыдуркаватая апазыцыя» — не
Вялікі рэпартаж палітаглядальніка, старшыні праўладнага Беларускага Саюзу журналістаў Андрэя Крывашэева, называўся «Чарнобыльскі шлях прэзыдэнта».
«Чарнобыльскім шляхам» называлася штогадовае масавае шэсьце, якое апазыцыя праводзіла ў 1989–2018 гадах (у 2019-м на скасаваную акцыю сабраліся два дзясяткі чалавек, у 2020-м — на скасаваную праз каранавірус — шэсьць апазыцыйных лідэраў). Лукашэнка ні разу ня браў удзелу ў «Чарнобыльскім шляху».
Сустракаючыся з жыхарамі Нараўлянскага раёна, які моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка гаварыў «шчыра і трапна», расказвае БТ.
Апазыцыю гэтым разам ён назваў «прыдуркаватай» — за тое, што 30 гадоў таму яна патрабавала вывесьці зь севазвароту забруджаныя землі і перасяліць адтуль людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Як магу забараніць на Радаўніцу пайсьці пакланіцца бацькам?». Мінздароўя прасіла быць дома
«Паспрабавалі ў Расеі ізалявацца. Атрымалася? Не. Нас жа не ізалюеш!»
Палітаглядальнік Андрэй Крывашэеў заўважыў, што і ў Нароўлі цікавіла людзей пандэмія, але «тут, удалечыні ад мэгаполісаў, кажуць пра гэта без надрыву і ажыятажу. Спакойна і па-жыцейску мудра».
Лукашэнка распавёў пра сваё бачаньне ізаляцыі і карантыну ў Эўропе і Расеі.
«Паспрабавалі ў Расеі ізалявацца. Атрымалася? Не. А мы такія ж, як і ў Расеі. Нас жа не ізалюеш! Ды і нідзе не змаглі ізаляваць», — перакананы Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі аналітык: Лукашэнка хоча зрабіць Расею вінаватай у сытуацыі з каранавірусамЛукашэнка спытаў, што можа атрымацца пасьля ізаляцыі. І сам жа адказаў, перайшоўшы на крытыку краінаў Эўразьвязу.
«Усе сядзяць у гэтых затхлых кватэрах, зьнясіленыя, злыя, расстроеныя напалоханыя, — тлумачыць сваё бачаньне праблемы Лукашэнка. — Зараз іх трэба выпускаць, трэба здымаць рэжым ізаляцыі. Яны адкрылі брамы. А вірус блукае, людзі хварэюць. У Францыі па 400 чалавек у дзень паміраюць, у Вялікай Брытаніі — па 600. Першая хваля яшчэ не сышла — другая іх накрые. Вось чаму я прыняў рашэньне — ісьці сваім шляхам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19: У некалькіх краінах Эўразьвязу за суткі зьнізіліся паказьнікі
«Альбо памерці з голаду, альбо без вайны аддацца багатым і моцным дзяржавам»
Жорсткая «пасадка» эканомікі пасьля пандэміі будзе выгадная нямногім, і не беларусам дакладна, адзначыў Лукашэнка. На ягоную думку, хутчэй за ўсё падымецца той, хто друкуе даляры, у каго ёсьць рэсурсы — газ, нафта і іншыя. Альбо Кітай зь яго магутнай эканомікай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь папросіць крэдыты на 2,5 млрд даляраў на падтрымку эканомікі, — віцэ-прэм’ер«А астатнія дзе будуць? — спытаў Лукашэнка. — Эканоміка стаіць, ніхто нічога не вырабляе, усё зьелі ўсё за 2- 3 месяцы…
Тады прыйдуць да нас і скажуць: „Вось вам 5 мільярдаў даляраў для таго каб эканоміку раскруціць: на тых рынках прадасьцё малако і мяса“. І ўкажуць, нам дзе прадаваць. „Але за гэта вы будзеце рабіць тое, што скажам. А ня будзеце рабіць — памрэце з голаду“.
Выбар які — альбо памерці з голаду, альбо без вайны аддацца і пайсьці пад пратэктарат і падпарадкаваньне багатым і моцным дзяржавам».
Так Лукашэнка патлумачыў рашэньне «эканоміку не спыняць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ці не вайна? Адкажы як Лукашэнка! ТЭСТШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.