Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дзень рэспубліканскага суботніка працуе на пасадцы дрэў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласьці, паведамляе БелТА.
Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала ўладам Беларусі ўзмацніць «фізычнае дыстанцыяваньне; адкласьці спартовыя, рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы; перавесьці школы, унівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне». Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ў адказ працытавалі Аляксандра Лукашэнку, які сказаў: «Суботнік адбудзецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на рэкамэндацыі САЗ: «Суботнік мы правядзем» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суботнік — гэта блюзьнерства». Незалежныя прафсаюзы абвінавачваюць праўладных калегаў у замаху на жыцьці беларусаўДзяржаўнае агенцтва паведамляе, што Лукашэнка штогод у красавіку наведвае раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Адраджэньню гэтых зямель заўсёды надаецца асаблівая ўвага і, улічваючы, што ў гэты раз паездка Прэзыдэнта супала з правядзеньнем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парка „Прыпяцкі“», — піша БелТА.
Тут для аднаўленьня ляснога масіву на плошчы ў паўтара гектара высадзяць некалькі тысяч саджанцаў хвоі з закрытай каранёвай сыстэмай.
Адзін з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі — «Прыпяцкі» — разьмешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Сьцьвігі і Ўбарці. Тут пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тысяч га тэрыторыі і больш за трэць займае абсалютны рэзэрват дзікай прыроды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і ленінскае бервяноКуды пойдуць грошы ад суботніку
Паводле БелТА, дзяржаўныя органы, мясцовыя ўлады, іншыя арганізацыі праводзяць суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкоўваюць гісторыка-культурныя каштоўнасьці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лягеры да летняга сэзона.
Палова заробленых на суботніку сродкаў застаецца ў распараджэньні аблвыканкамаў і Менгарвыканкама. Іх абяцаюць накіраваць на падрыхтоўку дзіцячых лягераў да лета, добраўпарадкаваньне населеных пунктаў, а таксама аднаўленьне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, мэмарыяльных комплексаў.
Яшчэ 50 працэнтаў сродкаў пералічваецца Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі ў роўных долях накіроўваюцца Нацыянальнаму мастацкаму музэю і Гомельскаму аблвыканкаму для рэканструкцыі брацкага пахаваньня на месцы спаленай вёскі Ала ў Сьветлагорскім раёне.
«Пры ўдзеле ў суботніку некамэрцыйных арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна іх калектывамі», — піша БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «40 рублёў з доктара, 25 з мэдсястры». Як беларусаў прымушаюць працаваць на суботніку падчас каранавірусу