Што ў выніку можа атрымацца? Людзі страцяць у Расеі працу і пачнуць вяртацца ў Беларусь, як гэта было падчас крызісу 2015–2016 гадоў. Але яны ўжо будуць з расейскімі пашпартамі.
Сьцісла
- У выпадку прыняцьця згаданага закону міграцыйная плынь у Расею можа павялічыцца. І такім чынам РФ зможа вырашыць свае эканамічныя праблемы.
- Калі казаць пра геапалітычныя наступствы прыняцьця гэтага законапраекту, то ён прывядзе да ўзмацненьня кантролю Расеі над постсавецкай прасторай.
- Верагодна, нямала беларусаў скарыстаецца магчымасьцю атрымаць расейскае грамадзянства.
- У выпадку канфлікту з афіцыйным Менскам Масква можа скарыстаць гэтых людзей у сваіх інтарэсах.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб спрашчэньні атрыманьня расейскага грамадзянства. Паводле дакумэнту для людзей, якія мелі грамадзянства СССР і пражываюць у былых саюзных рэспубліках, пры атрыманьні расейскага пашпарта ня трэба будзе адмаўляцца ад свайго грамадзянства, ня будзе патрэбы знаходзіцца тры гады ў Расеі і пацьвярджаць наяўнасьць афіцыйнай крыніцы даходу.
Згаданыя папраўкі ў закон прызначаныя на тое, каб рэалізаваць дзьве задачы: эканамічную і геапалітычную, якія цесна зьвязаныя. Калі казаць пра эканоміку, то варта адзначыць, што пасьля распаду СССР Расея перажыла значную дэпапуляцыю. Рост насельніцтва ў краіне спыніўся з 1991 году, яно скарачаецца на некалькі сотняў тысяч чалавек штогод, сьмяротнасьць у 1,5 раза перавышае нараджальнасьць. Прычым сьмяротнасьць сярод расейскіх мужчын у працаздольным узросьце ў 10 разоў вышэйшая за сярэднеэўрапейскі паказьнік, а жанчын — у чатыры разы. Пры гэтым зьніжаецца доля этнічных расейцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не аднаўляе сваё насельніцтва з 1978 году. Лукашэнка загадаў зьнізіць сьмяротнасьцьДэпапуляцыя адмоўна адбілася на эканоміцы. Адчуваецца недахоп працоўных рэсурсаў, асабліва ў азіяцкай частцы РФ.
Скарачэньне колькасьці насельніцтва крыху стрымліваецца іміграцыяй. Расея займае другое месца ў сьвеце (пасьля ЗША) паводле ліку легальных і нелегальных імігрантаў. У Расеі іх больш за 13 млн чалавек (9% насельніцтва). Найперш у Расею прыяжджаюць этнічныя расейцы і расейскамоўныя з постсавецкіх краін, найбольш з Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя. На Далёкім Усходзе адбываецца маштабная кітайская міграцыя.
Колькі беларусаў працуе ў Расеі, дакладна вызначыць цяжка. Напрыклад, у 2015 годзе, паводле дадзеных Фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі, на тэрыторыі РФ працавала каля 470 тысяч беларусаў. Думаю, насамрэч іх больш, наўрад ці міграцыйная служба фіксуе ўсіх.
У выпадку прыняцьця згаданага закону міграцыйная плынь у Расею можа павялічыцца. Прычым найперш з Украіны і Беларусі. Бо ва ўкраінцаў і беларусаў, у адрозьненьне ад выхадцаў з Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя, няма праблем з расейскай мовай. Варта адзначыць, што ў першую чаргу зьедуць найбольш кваліфікаваныя работнікі, якіх не задавальняе ўзровень заробкаў у Беларусі. То бок Расея імкнецца вырашыць свае эканамічныя і дэмаграфічныя праблемы за кошт суседзяў.
Калі казаць пра геапалітычныя наступствы прыняцьця гэтага законапраекту, то ён прывядзе да ўзмацненьня кантролю Расеі над постсавецкай прасторай. Масавая раздача расейскіх пашпартоў грамадзянам былых савецкіх рэспублік стане моцным інструмэнтам ціску на суседнія краіны.
Узгадаем гісторыю расейска-грузінскіх адносін. Расея актыўна раздавала свае пашпарты жыхарам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У выніку 98% насельніцтва Паўднёвай Асэтыі маюць расейскае грамадзянства. Гэта стала адной з падставаў вайны Расеі з Грузіяй у 2008 годзе. РФ увяла свае войскі ў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, тлумачачы гэта тым, што, маўляў, мы абараняем расейскіх грамадзян.
Таксама Расея спрабавала раздаваць свае пашпарты жыхарам Крыму яшчэ да падзей 2014 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе спрасьціць атрыманьне грамадзянстваЗь мінулага году Расея раздае расейскія пашпарты насельніцтву «ДНР» і «ЛНР», Верагодна, праз пэўны час большасьць людзей, якія жывуць на гэтых тэрыторыях, атрымае расейскае грамадзянства. І гэта можа прывесьці да абвастрэньня міжнародных адносін, да канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.
Але вернемся да Беларусі. Пасьля прыняцьця гэтага закону нельга выключаць, што беларусам, якія прыехалі на заробкі ці вучобу ў Расею, пачнуць раздаваць расейскія пашпарты. Думаю, большасьць іх з задавальненьнем прыме такую ласку. Бо гэта дасьць беларусам прававую пэўнасьць і надзейнасьць, сацыяльныя льготы. Да таго ж гэта не запатрабуе ад іх ніякіх высілкаў. Ня трэба адмаўляцца ад беларускага грамадзянства ці вучыць расейскую мову. Напісаў заяву — і празь нейкі час атрымаў пашпарт.
Што ў выніку можа атрымацца? Людзі страцяць у Расеі працу і пачнуць вяртацца ў Беларусь, як гэта было падчас крызісу 2015–2016 гадоў. Але яны ўжо будуць з расейскімі пашпартамі. Такіх людзей можа быць некалькі соцень тысяч. Уявім сытуацыю, што паміж Беларусьсю і Расеяй пачынаецца канфлікт, падобны да таго, які здарыўся ў РФ з Украінай. Уявіць гэта няцяжка, асабліва цяпер. І Масква вырашыць націснуць на Менск, выкарыстоўваючы сваіх грамадзян. Напрыклад, можа пагражаць стварыць нешта накшталт «ДНР» і «ЛНР» у беларускім варыянце. На чыім баку апынуцца людзі з двайным грамадзянствам? Ці не акажацца, што гэта будзе сапраўдная, а ня ўяўная «пятая калёна»?
Таму новы закон аб спрошчаным атрыманьні расейскага грамадзянства ўяўляе для Беларусі рэальную небясьпеку. Як яе нэўтралізаваць? Рэцэпты простыя. Трэба разьвіваць сваю эканоміку, каб людзі дзеля выжываньня ня беглі шукаць шчасьця за мяжу. Трэба фармаваць нацыянальную ідэнтычнасьць і беларускі патрыятызм. Але наўрад ці на гэта здольны цяперашні рэжым.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін спрасьціў атрыманьне расейскага грамадзянства. Для беларусаў асаблівыя ўмовы