Суботнік у СССР прысьвячаўся чарговай гадавіне з дня нараджэньня Леніна.
Я яшчэ засьпеў часы (гэта быў канец 60-х), калі па савецкім тэлебачаньні паказвалі інтэрвію з вэтэранамі рэвалюцыі, якія на суботніку несьлі бервяно разам зь Леніным.
Потым перасталі паказваць. Не таму, што вэтэраны паўміралі. Калі ўявіць, што ў 1918-м чалавеку было 18, дык у 1970 спаўнялася 70 — ня самы стары ўзрост.
Проста па ўсім СССР налічылі каля трох тысяч чалавек, якія сьцьвярджалі, што разам зь Леніным несьлі тое бервяно. Толькі ва Ўкраіне іх было больш як 700 (гэтая лічба называлася на адным з пленумаў ЦК камсамолу ў канцы 60-х). Ня ведаю, колькі ў Беларусі, але сотня, пэўна, назьбіралася.
Словам, бервяно гэтае павінна было быць даўжынёй кілямэтры тры.
Ужо наколькі нягнуткія былі ідэолягі ЦК КПСС, але і яны разумелі, што такіх дрэваў у прыродзе няма. Нават пры разьвітым сацыялізьме так высока нічога не расьце. Марксізм-ленінізм — вучэньне, канечне, непераможнае, але законы прыроды непераможныя яшчэ болей.
Аляксандар Рыгоравіч лічыць сябе моцным прэзыдэнтам. Яго, як ён сам кажа — не нахіліш. Нягнуткі, адным словам.
І ён загадвае правесьці суботнік. Тым часам як Сусьветная арганізацыя здароўя дала Беларусі галоўную рэкамэндацыю, пра якую дзяржаўныя СМІ не паведамляюць: устрымацца ад масавых мерапрыемстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ не расказалі пра тыя рэкамэндацыі WHO, якіх Беларусь не выконваеУжо цяпер мэдыкі кажуць пра рост інфікаваных пасьля нядаўніх рэлігійных сьвятаў. Што ж будзе пасьля суботніку? А пасьля параду?
Законы мікрабіялёгіі мацнейшыя за ўказы нават самага моцнага, нягнуткага, ненахіляемага прэзыдэнта.
Дазволю сабе прагноз. Калі ленінскае бервяно прыпісвалі сабе тысячы, дык у будучай дэмакратычнай Беларусі, калі зьвернуцца да сёньняшніх падзей, тых, хто пагодзіцца ўзяць на сябе разам з моцным кіраўніком адказнасьць і за суботнік, і за парад, будзе вельмі і вельмі мала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суботнік — гэта блюзьнерства». Незалежныя прафсаюзы абвінавачваюць праўладных калегаў у замаху на жыцьці беларусаў