Баранавічы адгароджваюцца пастамі ДАІ: з тэмпэратурай у горад ня пусьцяць

Патрулі ДАІ з мэдыкамі на дарозе P8 Пінск - Лунінец, 18 красавіка 2020 году

25–28 красавіка на ўезьдзе ў Баранавічы будуць дзяжурыць пасты ДАІ з мэдыкамі і правяраць стан здароўя людзей, якія едуць у горад.

Хворых на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі і кантактаў першага і другога ўзроўняў з хворымі на каранавірус у горад ня пусьцяць, паведаміў Баранавіцкі гарвыканкам у афіцыйным Telegram-канале.

На вакзалах гораду будуць праводзіць «узмоцненыя прафіляктычныя і дэзынфэкцыйныя мерапрыемствы», каб прадухіліць распаўсюджваньне каранавірусу праз кантакты мясцовых жыхароў зь людзьмі зь іншых рэгіёнаў. На чыгуначных вакзалах у пасажыраў выбарачна будуць мераць тэмпэратуру, гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі тэмпэратура, будзем вяртаць назад». У Пінску на Вялікдзень вырашылі закрыць горад

Таксама мясцовыя ўлады нагадалі пра заклік Мінздароўя ўстрымацца падчас вялікіх выходных ад наведваньня могілак на Радаўніцу і іншых месцаў з масавым знаходжаньнем людзей, і параілі адкласьці паездкі да сваякоў, якія жывуць у іншых рэгіёнах, па магчымасьці не карыстацца грамадзкім транспартам, выконваць меры прафіляктыкі каранавірусу.

Гэта ня першы раз, калі ў рэгіёнах ставяць пасты на ўезьдзе ў горад, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу. 18 красавіка, перад Вялікаднем, праз эпідэмію каранавірусу на дарогах паміж Лунінцом і Пінскам паставілі такія ж пасты: 4 патрулі ДАІ разам з мэдыкамі дзяжурылі на ўездах у горад. Яна мералі тэмпэратуру кіроўцаў і пасажыраў і правяралі, ці няма гэтых людзей у сьпісе тых, хто мусіць знаходзіцца ў самаізаляцыі. ​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 патрулі ДАІ выставілі паміж Лунінцам і Пінскам праз каранавірус. ФОТА

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ