Праз эпідэмію каранавірусу эканамічны крызіс прыйшоў у многія сфэры эканомікі. Свабода распытала людзей, якія страцілі частку заробку і нават працу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Як пасьля шукаць працу, незразумела»
Лілія працавала ў менскай турыстычнай фірме больш за год. Нядаўна яе папрасілі звольніцца, бо фірма закрылася праз крызіс.
«Гэта была сетка турыстычных кампаній, некаторыя зь іх яшчэ працягваюць працаваць, але тая кампанія, дзе працавала я, цяпер закрываецца. Цяпер я ў дэкрэце, мне пазваніла дырэктарка і патлумачыла, што зьбіраюцца закрывацца. Мяне папрасілі прыехаць і напісаць заяву па пагадненьні бакоў, разьлік мне ўжо далі», — тлумачыць Лілія.
Да жніўня наступнага году яна ў дэкрэце, таму выплаты будуць. Але пасьля незразумела, куды вяртацца на працу і дзе яе шукаць.
«Мне падаецца, што цяпер яшчэ ўсё пачынаецца. Да жніўня наступнага году ўсё будзе наладжвацца, людзі пачнуць масава шукаць сабе працу, будзе вялікая канкурэнцыя», — перажывае Лілія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сфэры ўжо леглі». Як бізнэс перажывае пандэмію і хто неўзабаве можа закрыцца
«Працую проста ў нуль»
Андрусь працуе таксістам у Берасьці. Раней за зьмену ўдавалася набраць 35 заказаў. Цяпер выходзіць толькі дзясятак.
«Людзі сядзяць па дамах. Я працую на ўласным аўто, выходзіць, што з амартызацыяй і палівам працую проста ў нуль», — кажа Андрусь.
«Адпраўляюць дадому з захаваньнем часткі заробку»
Дзьмітры (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) працуе ў Радашкавічах на «Белмастацккераміцы». Нядаўна ён атрымаў заробак за люты, заробку за сакавік яшчэ не было. Суразмоўца кажа, што праблемы пачаліся якраз пасьля пандэміі. Раней заробак не затрымлівалі.
«У мінулым месяцы выдалі заробак часткова. Рэштку заробку за люты аддалі 22 красавіка. Частку заробку за сакавік абяцаюць даць 24 красавіка, калі будзе астатняе — невядома. Прэмій, кажуць, таксама ня будзе. Мы выходзім на суботнік, пасьля нас адпраўляюць дадому з захаваньнем 2/3 заробку. Гэта пачалося ў мінулым месяцы. Людзей просяць ісьці ў адпачынак за свой кошт, каб скараціць выплаты па заробках», — расказвае Дзьмітры.
У працоўнай калектыўнай дамове такія затрымкі не прапісаныя. Прадпрыемства працуе пад кантролем Адміністрацыі прэзыдэнта.
На прадпрыемстве карэспандэнту Свабоды цягам двух дзён так і не паведамілі, ці ёсьць у іх праблемы з выплатамі заробкаў і ці сапраўды людзей накіроўваюць дадому з захаваньнем часткі заробку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пераклаў праблему падтрымкі бізнэсу ў час пандэміі на рэгіянальныя ўлады
«Кліентаў няма і працы няма»
У Алесі — гасьцініца для сабак, а таксама яна займаецца дрэсіроўкай. У эпідэмію людзі нікуды ня езьдзяць, па дрэсіроўку таксама не зьвяртаюцца.
«Штодзённа ў мяне было ад двух да пяці кліентаў, гэта вясной і ўлетку, а тэлефанаваньняў было да дзесяці. Цяпер званкоў няма наагул. Толькі адзін чалавек званіў па дрэсіроўцы, і тое яму далёка езьдзіць», — кажа Алеся.
Але закрываць бізнэс Алеся пакуль ня думае, бо арэнду ёй плаціць ня трэба.
Паводле апытаньня Satio, праведзенага 17–22 красавіка, 52% беларусаў ужо заўважылі падзеньне сваіх даходаў. 48,5% беларусаў чакаюць далейшага зьніжэньня даходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер робяць стуардэсы, машыністы, акторы? Спыталі ў беларусаў, якія часова ня маюць працы праз каранавірусШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ