Гэтай нарады ўсе даўно чакалі. Ва ўсіх краінах, якія пацярпелі ад каранавірусу, улады запусьцілі мэханізмы дзяржпадтрымкі бізнэсу. У некаторых краінах прынялі праграмы матэрыяльнай падтрымкі насельніцтва. І толькі ў Беларусі нічога не рабілася, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
- У пытаньні падтрымкі эканомікі Лукашэнка больш за месяц трымаў паўзу.
- Кіраўнік Беларусі ўвесь час апраўдваецца за сваю пазыцыю адносна каранавірусу.
- Лукашэнка ня бачыць вялікай праблемы для эканомікі з прычыны пандэміі.
- У дзяржавы няма грошай для падтрымкі эканомікі.
- Асноўная дапамога будзе выдзяляцца ня бізнэсу, а дзяржпрадпрыемствам.
Урад Беларусі распрацаваў комплекс мер падтрымкі эканомікі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Усе чакалі адмашкі Лукашэнкі. А ён больш за месяц трымаў паўзу, нечага чакаў.
І вось нарэшце 23 красавіка Лукашэнка сабраў нараду з парадкам дня «Аб першачарговых мерах па забесьпячэньні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах сусьветнай эпідэміялягічнай сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пераклаў праблему падтрымкі бізнэсу ў час пандэміі на рэгіянальныя ўладыЗьвяртае на сябе ўвагу, што ў самой назьве нарады замест слова «пандэмія» (так абвясьціла Сусьветная арганізацыя здароўя) выкарыстоўваецца слова «эпідэмія». У сваім выступе Лукашэнка казаў: «Так званая пандэмія».
Важна адзначыць, што апошнім часам пры любым зьяўленьні на публіцы кіраўнік Беларусі ўвесь час апраўдваецца за сваю пазыцыю адносна каранавірусу. Так было і цяпер. І гэта невыпадкова. Паводле сацыялягічнага апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні, якой кіруе Андрэй Вардамацкі, 86% беларусаў лічаць, што рэакцыя краіны (чытай, улады) на пандэмію была недастатковая.
Ад рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Лукашэнка чарговым разам адмахнуўся. Маўляў, «мы, напэўна, з вамі лепш ведаем, што рабіць у нашай краіне».
Што тычыцца непасрэдна захадаў па падтрымцы эканомікі, дык тут канкрэтыкі было вельмі мала. Як можна зразумець, і маштаб падтрымкі будзе невялікі. Зь некалькіх прычын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў не дапускаць падзеньня эканомікі ад пандэміі. А яна ўжо падаеНайперш, як імкнецца запэўніць усіх Лукашэнка, у Беларусі няма ніякай праблемы. Бо кіраўніцтва дзяржавы не пайшло на карантын, не спыніла працу эканомікі. Таму валавы ўнутраны прадукт за першы квартал зьнізіўся толькі на 0,3%. Пры тым, што рэальныя даходы насельніцтва нават вырасьлі на 7,1%. Дык калі няма праблемы, то навошта гарод гарадзіць? А што ляснуўся турызм, транспартная галіна, сфэра грамадзкага харчаваньня, — на гэта можна не зьвяртаць увагі.
Другая прычына такой доўгай паўзы ў прыняцьці мер падтрымкі эканомікі палягае ў тым, што ў дзяржавы няма для гэтага грошай. Бюджэт на 2020 год быў прыняты з дэфіцытам. Як сказаў Лукашэнка падчас нарады, «калі хтосьці хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць?».
Унесены на разгляд кіраўніка дзяржавы пакет мер у асноўным тычыцца пытаньняў ільготаў для суб’ектаў гаспадараньня па падаткаабкладаньні («падатковых канікул»), арэнднай платы.
Раней прэм’ер-міністар Сяргей Румас паведамляў, што на падтрымку эканомікі мяркуецца выдзеліць каля 110 млн рублёў. Зусім няшмат. Лукашэнка ў сваім выступе адзначыў, што гэтыя грошы перадаюцца кіраўнікам абласьцей, і ўжо яны будуць іх разьмяркоўваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сфэры ўжо леглі». Як бізнэс перажывае пандэмію і хто неўзабаве можа закрыццаЗ ранейшых выказваньняў Лукашэнкі відавочна, якія будуць прыярытэты ў дзяржаўнай падтрымкі, і бізнэсу тут лавіць няма чаго. Так, 3 красавіка ў Смалявічах кіраўнік Беларусі папрасіў малы і сярэдні бізнэс ня крыўдзіцца, але ў першую чаргу дзяржава будзе падтрымліваць вытворцаў: «Як вы думаеце, вы рэстаран сёньня будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё... Гэта твой бізнэс, ты яго ратуй, а мы падставім плячо, калі ў нас будзе такая магчымасьць». 22 красавіка ў Бабруйску Лукашэнка заявіў: «Хай у чаргу не выстройваюцца і не чакаюць, што мы рэстараны будзем падтрымліваць».
Так што, здаецца, усе спадзевы бізнэсу на значную эканамічную падтрымку апынуцца марнымі. Ратаваньне тапельцаў — справа саміх тапельцаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.