Межы краіны застануцца закрытымі для іншаземцаў.
Урад Украіны пагадзіўся з прапановай Міністэрства аховы здароўя аб падаўжэньні карантыну да 11 траўня ўключна. Гэты дзень можа стаць апошнім карантынным у тым выпадку, калі цягам 10 дзён да таго колькасьць новых выпадкаў COVID-19 ня будзе перавышаць 5%.
«Ва Ўкраіне адзін з найменшых у параўнаньні зь іншымі краінамі адсотак сьмяротных выпадкаў — 2,8. Але сытуацыя сьведчыць пра тое, што пік ня пройдзены, таму мы прапануем падоўжыць карантын да 11 траўня», — сказаў прэм’ер-міністра Украіны Дзяніс Шмыгаль на пасяджэньні ўраду.
Згодна з рашэньнем ураду, ва Ўкраіне ад 11 траўня плянуецца адкрыць шэраг грамадзкіх месцаў для наведваньня — паркі, музэі і бібліятэкі. Але іхныя наведнікі абавязаныя сувора выконваць іншыя карантынныя патрабаваньні — трымацца дыстанцыі, насіць маскі і праходзіць тэмпэратурны кантроль на ўваходзе ў грамадзкія месцы, рабіць захады дэзынфэкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карантын ад каранавірусу — як гэта? Расказваем на прыкладзе ЎкраіныАдкрыцьцё аб’ектаў грамадзкага абслугоўваньня і аднаўленьне працы грамадзкага транспарту будзе адбывацца з улікам статыстыкі пашырэньня небясьпечнага вірусу.
У той жа час межы, як і раней, застануцца для іншаземцаў закрытымі.
Абмежаваньні будуць на 2 гады
Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль ня выключыў, што пэўных карантынных абмежаваньняў давядзецца прытрымлівацца цягам двух гадоў.
«Мы ўсе павінны выконваць „масачны рэжым“, прытрымлівацца пэўных правілаў дэзынфэкцыі, мы ўсе павінны прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі, пэўных правілаў паводзінаў у транспарце, грамадзкіх месцах, крамах і гэтак далей. То бок, гэта цэлы шэраг рэчаў, зь якімі мы павінны навучыцца жыць штодня. Так, як мы чысьцім зубы кожны дзень, мы павінны навучыцца жыць з гэтым. Паводле разьлікаў Сусьветнай арганізацыі здароўя, сама меней два наступныя гады», — адзначыў Дзяніс Шмыгаль у інтэрвію ўкраінскаму выданнью «РБК-Україна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі месяц на карантыне. Ва Ўкраіне лічаць, што пазьбеглі гішпанскага сцэнаруПершыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы, забаранілі масавыя і спартовыя падзеі, а таксама закрылі ўсе гандлёва-забаўляльныя цэнтры.
Украінскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што, калі б улады спазьніліся з рашэньнем аб увядзеньні агульнанацыянальнага карантыну, сытуацыя магла б разьвівацца паводле «гішпанскага» сцэнару (цяпер Гішпанія займае другое месца ў сьвеце ў колькасьці ініфікаваных і тэмпах сьмяротнасьці).
Ва Ўкраіне станам на 9 гадзін раніцы 22 красавіка лябараторна пацьвердзілі 6 592 выпадкі COVID-19, у тым ліку 174 сьмяротных. За мінулыя суткі было зафіксавана 467 новых выпадкаў і столькі ж чалавек паправіліся.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ