Днямі Белстат апублікаваў дадзеныя аб зьнешнім гандлі за два першыя месяцы 2020 году. Гэтыя дадзеныя шмат у чым супярэчаць інфармацыі, якая паведамлялася раней. Вось як, паводле Белстату, выглядаў імпарт нафты за гэтыя два месяцы.
Паводле Белстату, Беларусь у студзені-лютым гэтага году купіла ў замежжы 903,2 тысячы тонаў нафты.
Між тым напрыканцы лютага віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка ў інтэрвію БелТА паведамляў, што агулам сёлета для перапрацоўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пастаўлялася каля 1 млн тон нафты штомесяц.
Паводле Ляшэнкі, за два першыя месяцы году на НПЗ паступіла каля 2 мільёнаў тонаў нафты. Паводле Белстату, зь іх імпартнай нафты было толькі 903 тысячаў тонаў. Тэарэтычна тут няма супярэчнасьці — яшчэ мільён сто тысячаў тонаў маглі здабыць у самой Беларусі. Але пра такія маштабы ўласнай нафтаздабычы раней неяк не паведамлялася, раней гаварылася, што Беларусь здабывае крыху больш мільёна тонаў у год.
Прагноз «Белнафтахіму» на ўвесь 2020 год складаў 1,7 мільёна тонаў.
Разыходжаньні паміж дадзенымі Белстату і заявай віцэ-прэм’ера Ляшэнкі толькі за два месяцы году складае 1,1 мільёна тонаў. Ці здарыўся эканамічны цуд і Беларусь за два месяцы году здабыла ільвіную долю той нафты, якую плянавала здабыць за 12 месяцаў, ці нехта гаварыў і гаворыць не зусім праўду?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з цаной на нафту і як гэта закране Беларусь. ТлумачымЯшчэ адна загадка — крыніцы імпарту нафты ў Беларусь у студзені-лютым паводле Белстату. Гэта — на 99.99% Расея, з 903 тонаў, закупленых Беларусьсю, толькі 1 тысяча тонаў прыпала на Казахстан, усё астатняе — РФ.
Як так? Усе беларускія СМІ паведамлялі пра пастаўку ў Беларусь напрыканцы студзеня партыі нарвэскай нафты ў памеры 80 тысячаў тонаў. Яна тады ў Беларусь была ўвезеная, паступіла на Наваполацкі НПЗ і там перапрацаваная ў апошнія дні студзеня. На «Нафтане» нахвальвалі атрыманую нарвэскую нафту.
Дапушчальна, што гэтая нафта ня трапіла ў статыстыку студзеня. Дзень туды — дзень сюды, магла і ня трапіць. Але як так атрымалася, што яна ня трапіла ў статыстыку Белстату за 2 месяцы году? Адна, вартая жалю, тысяча тонаў з Казахстану трапіла, а 80 тысячаў тонаў з Нарвэгіі — ня трапілі.
А ці была тая нарвэская нафта? Фізычна — напэўна была. Але магчыма, што насамрэч Белстат ня схлусіў і нафта была нарвэская, але рэальны прадавец нафты — расейскі. Які купіў у нарвэсцаў нафту і перапрадаў Беларусі.
Такія вось альтэрнатыўныя пастаўкі. Праз усё тую ж Расею.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.